Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Час second-hand - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Час second-hand

Электронная книга - «Час second-hand». Краткое содержание книги:

“Час second-hand” — кніга пісьменніцы Святланы Алексіевіч, апошняя з серыі, прысвечанай “гісторыі вялікай і страшнай утопіі — камунізму”: Вялікая Айчынная вайна, Афганістан, Чарнобыль і, нарэшце, развал сацыялістычнай імперыі... Кніга перакладзеная на многія еўрапейскія мовы і ўжо атрымала прэстыжныя прэміі нямецкіх кнігадрукароў і французскіх медыяў.
У прадмове аўтарка піша: “За семдзесят з лішкам гадоў у лабараторыі марксізму-ленінізму вывелі асобны чалавечы тып — “homo soveticus”. Адны лічаць, што гэта трагічны персанаж, іншыя называюць яго “саўком”. Мне здаецца, я ведаю гэтага чалавека, ён мне добра знаёмы, я побач з ім, поплеч, пражыла шмат гадоў. Ён — гэта я. Гэта мае знаёмыя, сябры, бацькі. Некалькі гадоў я ездзіла па ўсім былым Савецкім Саюзе, бо homo soveticus — гэта не толькі рускія, але і беларусы, туркмены, украінцы, казахі... Цяпер мы жывем у розных дзяржавах, размаўляем на розных мовах, але нас ні з кім не зблытаеш...”
1 ... 94 95 96 97 98 99 100 101 102 ... 185
Перейти на страницу:

У трыццаць сёмым арыштавалі майго бацьку, ён працаваў на чыгунцы. Мама бегала, прасіла, даказвала, што ён не вінаваты і гэта памылка. На мяне яна забылася. Забылася на мяне. Калі ўспомніла, захацела пазбавіцца, было ўжо позна. Яна піла ўсякую брыдоту… залазіла ў гарачую ванну. І… нарадзілася неданошанае дзіця… Але я выжыла. Я чамусьці выжывала шмат разоў. Шмат разоў! Неўзабаве маму таксама арыштавалі і мяне разам з ёй, бо нельга было пакінуць дзіця адно ў кватэры, мне было чатыры месяцы. Дзвюх старэйшых сястрычак мама паспела адправіць да татавай сястры ў вёску, але з энкавэдэ прыйшла папера: прывезці дзяцей назад у Смаленск. Забралі проста на вакзале: «Дзеці будуць у дзіцячым доме. Можа, камсамольцамі вырастуць». Нават адрас не далі. Дзяўчынак мы знайшлі, калі яны ўжо былі замужам, у іх ужо былі свае дзеці. Праз шмат, шмат гадоў… У лагеры да трох гадоў я жыла разам з мамай. Мама ўспамінала, што маленькія дзеці часта паміралі. Узімку памерлых складвалі ў вялікія бочкі, і там яны ляжалі да вясны. Іх абгрызалі пацукі. Увесну хавалі… хавалі тое, што заставалася… З трох гадоў дзяцей у мацярок забіралі і змяшчалі ў дзіцячы барак. З чатырох… не, напэўна, з пяці гадоў — я ўжо нешта памятаю… эпізоды… Раніцай праз дрот мы бачылі нашых мам: іх пералічвалі і адводзілі на працу. Адводзілі за зону, куды нам хадзіць забаранялася. Калі ў мяне пыталіся: «Адкуль ты, дзяўчынка?» — Я адказвала: «З зоны». «За-зона» — гэта быў іншы свет, нешта незразумелае, што палохала, для нас не існавала. Пустыня там, пясок, сухі кавыль. Мне здавалася, што пустыня там да самага краю, і іншага жыцця, акрамя нашага, няма. Нас ахоўвалі нашы салдаты, мы імі ганарыліся. У іх зорачкі на фуражках… Быў у мяне сябрук Рубік Цырынскі… Ён вадзіў мяне да мамы праз яму пад «калючкай». Усіх пашыхтуюць ісці ў сталовую, а мы схаваемся за дзвярыма. «Ты ж не любіш кашу?» — пытаўся Рубік. А я заўсёды хацела есці і вельмі любіла кашу, але дзеля таго, каб убачыць маму, я згаджалася на ўсё. І мы паўзлі ў барак да мамы, а барак быў пусты, мамы былі на працы. Мы ведалі, але ўсё адно паўзлі, абнюхвалі там усё. Жалезныя ложкі, жалезны бак для пітной вады, конаўку на ланцужку — усё гэта пахла мамамі. Зямлёй… і мамамі… пахла… Часам мы там бачылі чыіх-небудзь мам, яны ляжалі на ложку і кашлялі. Чыясьці мама кашляла крывёю… Рубік сказаў, што гэта мама Томачкі, якая ў нас самая маленькая. Гэтая мама неўзабаве памерла. А потым памерла сама Томачка, і я доўга думала: каму сказаць, што Томачка памерла? Бо яе мама таксама памерла… (Замаўкае.) Праз шмат, шмат гадоў я пра гэта ўспамінала… Мама не верыла мне: «Табе было ўсяго чатыры гадкі». Я ёй тады казала, што яна хадзіла ў брызентавых чаравіках на драўлянай падэшве і з нейкіх маленькіх кавалачкаў шыла вялікія фуфайкі. І яна зноў дзівілася і пачынала плакаць. Памятаю… Памятаю водар кавалачка дыні, які мама мне прынесла, памерам з гузік, у нейкай анучцы. І як аднойчы хлапчукі пазвалі мяне гуляць з коткай, а я не ведала, што такое котка. Котку прынеслі не з зоны, у зоне котак не было, яны не выжывалі, таму што не заставалася ніякіх рэшткаў ежы, мы ўсё падбіралі. Увесь час глядзелі пад ногі: што б такое знайсці і з’есці. Елі нейкую траву, карэньчыкі, аблізвалі каменьчыкі. Нам вельмі хацелася пачаставаць чым-небудзь котку, але ў нас нічога не было, і мы кармілі яе сваёй слінай пасля абеду і! — яна ела. Яна ела! Памятаю, як мама аднойчы хацела даць мне цукерку. «Анечка, вазьмі цукерку!» — паклікала яна мяне праз дрот. Ахоўнікі яе адганялі… яна ўпала… яе цягнулі па зямлі за доўгія чорныя валасы… Мне было страшна, я ўяўлення не мела, што такое цукерка. Ніхто з дзяцей не ведаў, што такое цукерка. Усе спалохаліся і зразумелі, што мяне трэба схаваць, і запіхнулі ў сярэдзінку. Мяне заўсёды дзеці ставілі ў сярэдзінку: «Таму што Анечка ў нас падае». (Плача.) І чаму, чаму… плачу? Я ж усё… Я ўсё пра сваё жыццё ведаю… Ну вось… Забыла, пра што я? Думка не скончана… Ці як? Не скончана?

1 ... 94 95 96 97 98 99 100 101 102 ... 185
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)