Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Багуслаў Радзівіл
Багуслаў Радзівіл - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Багуслаў Радзівіл

Электронная книга - «Багуслаў Радзівіл». Краткое содержание книги:

Гістарычны раман-эпапея ўкраінскай пісьменніцы Ірыны Данеўскай прысвечаны маладым гадам жыцця Багуслава Радзівіла — адной з самых загадкавых і супярэчлівых постацей у гісторыі Рэчы Паспалітай XVII стагоддзя.
Прыгажун і адчайны каханак, небяспечны дуэлянт і тонкі палітык, дыпламат і адважны военачальнік, які асабіста прымаў удзел у бітвах Трыццацігадовай вайны, шведскага «Патопу» і Хмяльніччыны…
Гэтая кніга дазволіць чытачу наведаць Англію часоў рэвалюцыі, Францыю эпохі Рышэлье і Мазарыні, Галандыю, Бельгію, Германію, Аўстрыю, Малдавію, Рэч Паспалітую, перажыць разам з героем прыгоды на моры і на сушы, пабыць шкаляром, а затым і студэнтам універсітэта, пасяліцца ў вайсковым лагеры, прыняць удзел у баях і паядынках, павесяліцца на балях і ў жаночых пакоях, папрактыкавацца ў палітычных інтрыгах і, нарэшце, бліжэй пазнаёміцца са славутымі асобамі сусветнай гісторыі.
1 ... 92 93 94 95 96 97 98 99 100 ... 264
Перейти на страницу:

Выхавацель супакоіўся, але ненадоўга: падстаў для незадаволенасці французская сталіца давала нямала. Яе вузкія вуліцы не дзівілі чысцінёй, і раз’езджаны вазамі ды карэтамі, растаптаны конскімі капытамі і тысячамі ног мінакоў прамерзлы французскі бруд меў дзіўную ўласцівасць намёртва ўгрызацца ў абутак і вопратку. Па горадзе ездзілі конна або ў здымнай карэце. Хадзіць пешшу Радзівіл рашаўся толькі ў выключных выпадках і тады перасоўваўся ўздоўж сцен дамоў (тратуараў у Парыжы яшчэ не было) у атачэнні слуг, якія распіхвалі натоўп, прымушаючы даць дарогу. Схібіўшы, можна было не толькі занурыцца па калена ў агіднае месіва, але і апынуцца пад конскімі капытамі або пад коламі адной з карэт, якія з шалёнай хуткасцю несліся па вуліцах. Хапала і іншых непрыемнасцей. Злодзеі спрытна перасоўваліся ў чалавечым моры, зразалі кашалькі з паясоў мінакоў, а ў шматлікіх шынках на грашовых кліентаў цікавалі прайдзісветы, каб, перакінуўшыся з даверлівым дурнем у косці або ў ламбер, абчысціць ахвяру да ніткі. Гульнёй зараблялі на жыццё не толькі простыя людзі, але і згалелыя шляхцічы, якія прыязджалі ў сталіцу, каб забяспечыць сабе будучыню. У невялікай каморцы месье Піно, пад самым дахам, жылі чацвёра гасконцаў, усё багацце якіх складалася з вострых шпаг, доўгіх языкоў, мудрагелістых тытулаў, запазычаных, напэўна, ва ўзгоркаў і вінаграднікаў, якія шчодра пакрывалі зямлю ад Бардо да Баёны. На ўсю чацвёрку ў іх быў адзін-адзіны вечна галодны слуга. Гэтыя паны сваім вострым зрокам адразу пабачылі, што юнак з невымоўным для французаў іменем (Багуслаў, вядома, хаваў свой княжацкі тытул) — важная птушка. Яны паспрабавалі ўцерціся да багатага госця ў давер, каб трохі разжыцца грошыкамі ці хаця б на халяву паабедаць. Але Радзівіл нават без падказак месье Рывэ зразумеў, з кім мае справу, і хоць з нязменнай шчодрасцю вяльможы часам дазваляў гасконцам пацешыць сябе за вячэрай вясёлымі байкамі, але рашуча даў зразумець, што на большае ім спадзявацца не варта. Пан Пуцята быў яшчэ больш катэгарычны.

— Я, прасветлы князь, стану вось тут на парозе з шабляй у руцэ і буду біцца з кожным аматарам дармовай ежы, як калісьці біў шведаў пад Рыгай. Лепш ужо ваяваць з шляхцічамі, чым з ліхвярамі, і прыняць рыцарскую смерць, чым потым задыхнуцца пад цяжарам даўгавых распісак.

— З табой, пан Самуэль, мне гэта ніяк не пагражае, — смяяўся ў адказ князь. — Ты ж сваёй скупасцю любога яўрэя па пояс заткнеш.

Сапраўдным праклёнам для Парыжа быў недахоп вады, за якой княжацкія лёкаі кожную раніцу тупалі да бліжэйшага грамадскага калодзежа і выстойвалі там доўгую чаргу. Ваду прыносілі ўжо пасля таго, як Багуслаў паспяваў прачнуцца і добра расседзіцца. Пан Пуцята спрабаваў дамаўляцца з вадавозам, які кожную раніцу прывозіў ваду карчмару, але той хапала хіба твар спаласнуць і напіцца. Каб добра адмыцца, трэба было наведваць публічныя лазні, дзе было не нашмат чысцей, чым на вуліцах, яшчэ і смярдзела нямытымі целамі і авечым мылам. Пан маршалак з тугой прыгадваў Галандыю, дзе чаго-чаго, а вады не бракавала, і ўголас марыў аб вяртанні ў Гаагу амаль гэтак жа ўпарта, як і пра ўласны дом у Літве.

Але гэтыя звыклыя для вялікага горада праблемы былі толькі верхавінай няшчасцяў, якія Парыж рыхтаваў для сваіх жыхароў. Пасля таго, як з гарадскіх вежаў раздаваліся сігналы «гасіць агонь» і ў французскую сталіцу прыходзіла густая непраглядная цемра, месцічы зачынялі глухія аканіцы, замыкалі дзверы на магутныя засовы і не паказвалі носа на вуліцу да світання. Ноччу гаспадарамі вуліц станавіліся рабаўнікі і бандыты парыжскага дна. Стаіўшыся ў глухіх завулках злавеснымі чорнымі ценямі, яны чакалі неасцярожную ахвяру, якой часта даводзілася разлічвацца за позні шпацыр не толькі кашальком, але і жыццём. Часта па дарозе дадому з Бургундскага гатэлю[123] або тэатра Марэ Радзівілу і яго людзям даводзілася працаваць шаблямі, каб растлумачыць мярзотнікам правілы гасціннасці і паказаць дарогу на той свет. Для легкадумнай моладзі такія бойкі былі вясёлымі прыгодамі, а вось пан Пуцята потым доўга трымаўся за сэрца і супакойваў нервы віном.

Але на гэтыя дробязі ніхто не звяртаў увагі, бо французская сталіца была вясёлым горадам. Толькі сюды з усіх канцоў Францыі ехалі прыгожыя дзяўчаты, каб стаць бліскучымі куртызанкамі, якія суправаджалі каралеўскі двор падчас пераездаў з адной рэзідэнцыі ў іншую. І хоць славы Нінон дэ Ланкло або Марыён Делорм[124] ніводнай з іх дасягнуць не ўдалося, вясёлым дзяўчатам тут былі заўсёды радыя. Самыя няўдачлівыя прастытуткі працавалі пад Новым мостам, маладзейшыя і прыгажэйшыя — каля цэркваў, ловячы кліентаў пасля імшы, а найлепшыя і самыя разумныя карысталіся паслугамі дасведчаных кабет, якія вышуквалі ім грашавітых мужчын сярод парыжскіх буржуа і арыстакратаў. Гэтыя красуні знешнасцю і паводзінамі мала розніліся ад свецкіх дам і часта станавіліся ўтрыманкамі сваіх кліентаў. Таму найбольшым клопатам для радзівілаўскай моладзі стала выманьванне грошай у пана Пуцяты на такія забавы, бо князю прадажныя жанчыны хутка надакучылі.

вернуться

123

«Бургундскі гатэль» (Hotel de Bourgogne, з фр. Hotel — рэзідэнцыя) — парыжскі драматычны тэатр, створаны ў 1548 годзе. Назву атрымаў у спадчыну ад былой рэзідэнцыі герцагаў Бургундскіх, памяшканне якой займаў.

вернуться

124

Вядомыя куртызанкі.

1 ... 92 93 94 95 96 97 98 99 100 ... 264
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)