Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I». Краткое содержание книги:
І рэзка кінуў:
– Воля!
Сядзеў, адразу страціўшы ўсялякую цікавасць да таго, што адбываецца ў зале. Ён разлічыў правільна, ён зразумеў іх і таму здолеў сутыкнуць ілбамі. А-адна сволач! Што ж, цяпер асталося толькі апусціць свой белы шар і ехаць дадому, да ўнука.
Добра, што хлопчык не сярод гэтых пачвар, што ён не бачыць разгулу нізкіх чалавечых страсцей.
– “На основании сто десятой статьи устава о службе по выборам, – чытаў Пятро Яроцкі, – третий том, и сто двадцать восьмой статьи девятого тома свода законов Российской империи (издание сорок второго года) – постановления дворянства производятся посредством баллотировки и признаются обязательными, если они приняты единогласно или не менее как двумя третями голосов всех присутствующих дворян”.
Ён кашлянуў.
– Цяпер, пасля таго як я нагадаў вам гэта, мы можам пачаць балаціроўку, панове. Прашу браць шары.
Вежа ўзяў шар першы. Памарудзіў і, схіліўшы сівую галаву, апусціў яго ў белую палову урны.
Шар гучна ўдарыўся аб чыстае дно.
А потым шары пачалі падаць часцей і часцей, і ўдары рабіліся ўсё больш і больш глухія.
...Падлічылі шары позна ўвечары, калі за вокнамі ўжо даўно гарэлі гарадскія агні.
Маршалак Юры падышоў да бацькі. Стары Вежа чакаў, стоячы ля акна і гледзячы на цьмяную ў цемры стужку Дняпра. Пан Юры ўспёрся на падваконне побач з ім.
– Гэтыя шары грукалі страшна, – сказаў Вежа. – Як камяні па труне.
– Сапраўды, бацька, – адказаў пан Юры. – Пахавалі мы гэтымі шарамі запіску Раткевіча. Усё.
– А што, хіба пахавалі?
– Пахавалі, бацька. У зборні было чатырыста дваццаць восем дваран. Каб запіска аб адмаўленні прайшла – трэба было не менш за дзвесце шэсцьдзесят два галасы. І вось.
– Колькі?
– За адмену дзвесце шэсць, супраць – сто восемдзесят сем.
Вежа рушыў быў да выхаду, але потым спыніўся. Твар ягоны быў жорсткі, калі ён сказаў сыну:
– Ты, маршалак, павінен быў са шкуры вылезці, а даведацца аб прапанове Раткевіча. Пэўна, не адны гэтыя восем чалавек ведалі?
– Не адны.
Стары свідраваў сына вачыма.
– Раўбіч ведаў?
– Аднекуль ведаў. Раткевіч да яго даволі блізкі.
– Ну вось. Ты павінен быў ведаць. Павінен быў сказаць мне.
– Чым бы ты памог?
– Грашыма. Я прывёз бы ў зборню ўсю дробную шляхту, у якой ёсць галасы, але няма мужыкоў, няма нават грошай, каб паехаць у губерню, дзе, урэшце, ім, пакрыўджаным, няма чаго рабіць. А яны б галасавалі, як ты, як я... Я прывёз бы толькі сто чалавек – і Кроер паляцеў бы рылам.
– Нашто табе гэта рабіць?
Вежа ўсміхнуўся.
– Так проста. Клейне прыемна сядзець побач з Зохарам, мне – сутыкнуць гэтую сволач, прымусіць іх біцца. Урэшце, мне проста забаўна было б паглядзець, а што з гэтага будзе. І я не люблю Кроера.
XX
Я пішу гэтыя радкі на паперы, салёнай ад марскога ветру. Мора, цёмна-сіняе, у рэдкіх белых карунках, разбіваецца аб вялікі камень, на якім я ляжу, усплёсквае пенай і трапляе мне на ногі, а калі пашанцуе, – толькі аднымі пырскамі, – падае мне на спіну.
Халодныя, як апёк, пацалункі салонай марской вады.
А зямля вакол сухая, парэпаная, як далонь малпы, попельна-шэрая або блакітная. І сярод гэтай сухмені вялізны, аж да Турцыі, і глыбокі, аж да апошняга дна, наскрозь сіні празрысты крышталь – найчысцейшай вады. Мора пахне ёдам і водарасцямі, зямля – пылам, сухой калючкай, нагрэтым мармурам, карыцай і перцам, сухім авечым памётам.
Іліядай!
Я прыкрываю паперу сваім целам. А вада імчыцца справа і злева ад мяне, ірвецца ў бухту, разбіваецца аб скалы, нясе з сабою, як тысячы тысяч год, дымныя агаты, зеленаватыя халцэдоны і вінна-празрысты (як маладое тутэйшае віно) сердалік.
Часам у глыбінях мільгане сіняе вераценца скумбрыі, па распаленых, пахучых баках каменя бегаюць цікаўныя крабы, а мора наступае і адступае, і мой камень, здаецца, гайдаецца ў вадзе, то вырастаючы, то апускаючыся, звонкі, як бронзавы карабель арганаўтаў, неўміручы “Арго”.
Падымаю вочы і заўважаю – далёка! – празрыстае дрэўца гледычыі. Вялізныя сухія струкі на ім – як вязкі скручаных цёмных змей.
Уздымаю вочы яшчэ вышэй – і тады бачу, як на вяршыні Карадага, на вяршыні Святой Гары, спакойна спачываюць два маленькія празрыстыя воблачкі. Уначы над Карадагам узыдзе месяц, асвеціць іх, і кожнае заззяе празрыстым, слаба-ружовым і вінным, жамчужным святлом – як сердалік.
Але галоўнае – мора!
Гэта тое самае мора, у якое ўпадае мой Дняпро.
І ён, і яшчэ тысячы, тысячы рэк, ручаін і проста струменьчыкаў аддаюць мору ваду, адбіткі берагоў, якія яны бачылі на ўсім сваім шляху, каламуць, колер вод, галіны, лісце сваіх лясоў і траў і, нарэшце, саміх сябе, сваё жыццё.