Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Багуслаў Радзівіл
Багуслаў Радзівіл - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Багуслаў Радзівіл

Электронная книга - «Багуслаў Радзівіл». Краткое содержание книги:

Гістарычны раман-эпапея ўкраінскай пісьменніцы Ірыны Данеўскай прысвечаны маладым гадам жыцця Багуслава Радзівіла — адной з самых загадкавых і супярэчлівых постацей у гісторыі Рэчы Паспалітай XVII стагоддзя.
Прыгажун і адчайны каханак, небяспечны дуэлянт і тонкі палітык, дыпламат і адважны военачальнік, які асабіста прымаў удзел у бітвах Трыццацігадовай вайны, шведскага «Патопу» і Хмяльніччыны…
Гэтая кніга дазволіць чытачу наведаць Англію часоў рэвалюцыі, Францыю эпохі Рышэлье і Мазарыні, Галандыю, Бельгію, Германію, Аўстрыю, Малдавію, Рэч Паспалітую, перажыць разам з героем прыгоды на моры і на сушы, пабыць шкаляром, а затым і студэнтам універсітэта, пасяліцца ў вайсковым лагеры, прыняць удзел у баях і паядынках, павесяліцца на балях і ў жаночых пакоях, папрактыкавацца ў палітычных інтрыгах і, нарэшце, бліжэй пазнаёміцца са славутымі асобамі сусветнай гісторыі.
1 ... 87 88 89 90 91 92 93 94 95 ... 264
Перейти на страницу:

Спехам агледзеўшы змрочны Гертрудэнберг, вандроўнікі на злом галавы паімчаліся да знакамітай Брэды, якую войскі прынца Аранскага нядаўна адбілі ў іспанцаў. Камендант крэпасці асабіста ўзяўся задаволіць цікаўнасць маладых людзей, паказваючы ім гарадскія ўмацаванні і распавядаючы падрабязнасці гэтай кампаніі.

— Семдзесят галандскіх жаўнераў і некалькі гадзін часу спатрэбілася ў слаўнай памяці 1590 годзе, каб адбіць Брэду ў Габсбургаў. У 1625-м амаль восемдзесят тысяч іспанцаў дзевяць месяцаў запар спрабавалі забраць яе ў нас, — казаў ён, горда падкручваючы вусы. — Я быў сярод абаронцаў горада і добра памятаю тыя часы. Мы біліся як ільвы і капітулявалі не перад Спінолам[108] і яго войскам, а перад голадам і хваробамі, якія даймалі нас больш, чым іспанская армія. Але ў Гертрудэнберг мы адступалі як героі — з паднятымі сцягамі і ўрачыстым барабанным боем. А ў 1637-м усяго за чатыры месяцы вярнулі горад сабе!

— Вось калі б вы яшчэ крыху пачакалі мяне, — прамармытаў Багуслаў, захоплена азіраючыся.

Крэпасць акружалі шырокія равы, напоўненыя вадой з ракі Марк. Шырыня рова ў некаторых месцах дасягала сямідзесяці пяці стоп[109], а глыбіня — трох з паловай локцяў[110]. Роў быў прыкрыты фасебрэяю[111], а на абароне чатырох гарадскіх варот стаялі горнверк, земляная курціна і пятнаццаць бастыёнаў з равелінамі[112] і капанірамі[113], дзе хаваліся лёгкія гарматы. Зразумела, што ўзяць такую моц можна было толькі знясільваючай аблогай.

Нягледзячы на шматлікія гарадскія цікавосткі, Радзівіл не стаў затрымлівацца ў Брэдзе і хутка адправіўся ў лагер галандскага войска, якое ў гэты час займала нядаўна здабыты форт Ліфкеншок на рацэ Шэльдзе. Прыбыў ён туды як раз своечасова, каб заспець войска ў поўнай паніцы. Аказалася, што галандскі камандуючы прынц Вільгельм ван Насаў-Зіген збіраўся нечакана захапіць форт Кала, які адкрыў бы галандцам шлях на Антверпен, але яго апярэдзілі іспанцы. Перайшоўшы ноччу мяжу, яны раптоўным нападам разграмілі галандскае войска, захапіўшы ў палон дзве тысячы воінаў, амаль усіх кавалерыйскіх коней і артылерыйскі поезд.

Зразумеўшы, што ў гэтым годзе яму не ўдасца заваяваць Антверпен у шэрагах галандскага войска, Багуслаў павярнуў на ўсход, проста ў стаўку прынца Аранскага, які, як змрочна паведаміў дапытліваму госцю прынц Насаў-Зіген, сабраўся ўзяць у аблогу Гелдар. Забягаючы наперад, варта сказаць, што і на гэты раз Радзівілу не пашанцавала: стаміўшыся ад павольнай і знясільваючай кампаніі, прынц Аранскі адмовіўся ад актыўных ваенных дзеянняў і з’ехаў у Гаагу. Homo proponit, sed Deus disponit![114]

х х х

Агледзеўшы шматлікія крэпасці на паўднёвым усходзе краіны, Багуслаў вярнуўся ў Утрэхт якраз у той блаславёны (на думку пана Пуцяты) час, калі зялёнае лісце вербаў, што паласкалі свае доўгія галіны ў каламутна-чорнай вадзе гарадскіх каналаў, стала ярка-жоўтым, а войска прынца Аранскага разышлося па зімовых кватэрах. Апрануўшыся ў восеньскую пазалоту, горад выглядаў яшчэ больш прыгожым, чым улетку. Але Радзівіл, ляніва азіраючыся навокал, скрушна ўздыхаў, бо прывялі яго сюды ў той час, калі прынц Руперт і пфальцскі курфюрст аб’ядноўваліся, каб даць бой баварскім войскам, фінансавыя клопаты. Як справядліва папярэджваў пан Пуцята, грошы, якія князь увесь гэты час шчодрай рукой рассыпаў вакол сябе, было цяжка даставіць сюды з Вялікага Княства Літоўскага праз ахопленую вайной Еўропу. Каб захаваць твар, Радзівіл мусіў зноў сесці за кнігі, і не ў прэстыжным і дарагім Лейдэне, а менавіта тут, у ціхім правінцыйным Утрэхце, размеранае жыццё якога не заахвочвала да празмерных выдаткаў. Дрэнны настрой Багуслава не палепшыла і вестка пра тое, што каралева Багеміі з дзецьмі ад’ехала ў Гаагу на зіму, асудзіўшы гэтым Радзівіла на сумную адзіноту. З’ехаў і Ворстарман наведаць родных, але абяцаў абавязкова вярнуцца.

— А мне тут падабаецца, — гучна абвясціў Стаброўскі, каб парадаваць князя. — Не горш, чым у Гронінгене.

— І сумна не будзе, — падхапіў Невяроўскі, падміргнуўшы Радзівілу на дзвюх дзяўчат, якія, высунуўшыся з акна, бессаромна разглядалі прыгожых падарожнікаў.

Сумна не было: заглядзеўшыся на прываблівыя круглявыя клубы прыгожанькай кветачніцы, якія ледзь прыкрывала звыклая для гэтых краёў кароткая спадніца з белым фартухом, Стаброўскі зваліўся ў канал і добра наглытаўся вады, пакуль таварышы з рогатам дапамагалі яму выбрацца на бераг.

вернуться

108

Дон Амброджа Сынода-Дорыя, маркіз дэ Лос-Бальбасас, герцаг (1569–1630) — іспанскі палкаводзец, камандуючы армій Габсбургаў на заключным этапе Васьмідзесяцігадовай вайны.

вернуться

109

Гэта значыць 22,5 м (ступня як мера даўжыні роўная прыкладна 30 см).

вернуться

110

Гэта значыць 2,1 м (локаць складаў прыкладна 60 см).

вернуться

111

Фасебрэя (фр. Fausse-braie — фальшывы насып) — дадатковы паніжаны вал паміж ровам і галоўным крапасным валам. Тыповы элемент галандскіх крэпасцей XVII стагоддзя.

вернуться

112

Равелін — фартыфікацыйнае збудаванне трохкутнай формы, якое служыла для агнявой падтрымкі суседніх бастыёнаў.

вернуться

113

Капанір (фр. caponniere — ніша) — збудаванне для вядзення флангавага агню ў процілеглых кірунках.

вернуться

114

Чалавек мяркуе, а бог робіць! (лац.)

1 ... 87 88 89 90 91 92 93 94 95 ... 264
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)