Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Хрыстос прызямліўся ў Гародні. Евангелле ад Іуды
Хрыстос прызямліўся ў Гародні. Евангелле ад Іуды - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Хрыстос прызямліўся ў Гародні. Евангелле ад Іуды

Электронная книга - «Хрыстос прызямліўся ў Гародні. Евангелле ад Іуды». Краткое содержание книги:

Раман выдатнага беларускага пісьменніка XX стагоддзя Уладзіміра Караткевіча ўваскрашае падзеі далёкага сярэднявечча, расказвае пра змаганне беларускага народа супроць антычалавечых феадальных парадкаў і царкоўнага дагматызму. Займальны сюжэт, вобразная, перасыпаная народным гумарам мова твора — якасці, якія, без сумніву, прывабяць чытача.
1 ... 86 87 88 89 90 91 92 93 94 ... 112
Перейти на страницу:

— Не было. Але павінна быць. Будзе. І давайце, людзі, пачнём. Камусьці ж трэба пачаць, га? Падлу гэтую ў спадчыну браць — чаго мы тады вартыя? Дый рукі аб яго пэцкаць — брыдка.

Выскаліўся весела:

— Ану, кідайце яго з клеткаю ў Нёман. Можа, хаця трохі адмыецца.

Дзесяткі рук падхапілі клетку, пацягнулі з адхону, разгайдалі, кінулі. Яна нырнула, а пасля з шумам усплыла ў струменях вады. Кат сядзеў у ёй па грудкі. Клетку закруціла плынню, памчала. Забляяла ёй наўздагон дуда.

— Сам пакаштуй! — крычаў Кірык.

— Клетка для жаб! — захлынаўся Зянон.

— І гэтых у ваду ганіце, — узвысіў голас Хрыстос. — Каб не смярдзела тут.

Схопленых пагналі ў ваду, дрэўцамі дзід саштурхнулі з берага. І вось паплыла, паплыла, паплыла ракою чарада разубраных у золата людзей: вартыя жалю, адвіслыя вусы; рукі ў парчы працуюць па-сабачаму.

— Гусі-гусі… — з берага загарлаў Тумаш.

Ад рогату, здаецца, скалыхнуўся бераг. І Хрыстос зразумеў, што гэта, магчыма, самая вялікая з яго перамог. Цяпер можна было казаць усё. Слухаць — будуць. І ён узняў рукі:

— Слухайце, хлопцы! Што, так мы і крыўдзіць адзін аднаго давеку будзем? Ці, можа, не? Дык вось што я вам кажу. З дня гэтага Гародня — зямля праўды. Пакрыўджаных не будзе. Усім роўна — і ні ў кога болей. Галодных не будзе. За веру кагосьці забіваць — хай яны лузнуць. Пакаранне адно — выгнаць да тых, да ваўкоў.

Ён пашукаў вачыма і выдраў з рук у кагосьці паходню. Паднёс яе да чорнага, прасмоленага глаголя шыбеніцы. Паступова пацягнуліся ўгору, пачалі лізаць смалу языкі полымя.

— Чуеце? Шы-бе-ніц больш не бу-дзе!

У адзіным імпэце, у пачуцці нейкага дзіўнага ачышчэння людзі кінуліся да мярзотных спаруд. Падносілі паходні, крычалі і плакалі.

Сотні глаголяў палалі над вялікай ракой.

Раздзел XLІІІ. Зямля справядлівасці

У другую краіну, у шчаслівы край

Залаты адчыніўся ўваход.

Плач Пятра — Аратая

З тых часоў, калі Пракопі Візантыйскі пісаў аб славянах, што жывуць яны ў народапраўстве і няма ў іх большага, упершыню, магчыма, поўная роўнасць запанавала на беларускай на Гародзенскай зямлі. Мінулі тры бяды: нашэсце, голад і кардынал Лотр. І ўсе ўжо ўспаміналі пра яго ледзь не са смехам. Гвалціў баб — дык кожны робіць тое, што ў ягоных сілах. Заваліў усю краіну дзярмом — дык кожны робіць толькі тое, на што здатны. Чорт ужо з ім! Спаймаем — вылегчаем!

Падзялілі ўсе запасы з царкоўных і магнацкіх свірнаў. Кожны, хто браў горад, атрымаў па дзве тысячы фунтаў збожжа, акрамя іншага. Бедныя мяшчане атрымалі амаль па столькі. У горадзе застаўся яшчэ агульны запас на пяць год.

Падзялілі чароды багатых, лішнюю вопратку і грошы. Кожны чалавек на Гародзеншчыне мог цяпер бязбедна жыць з працы сваёй. Усе ведалі: засеяныя будуць палі, ніхто не будзе прымушаць, няма каго будзе баяцца, бо кожны будзе бараніць бязбеднае сваё жыццё.

Зброю раздалі ўсім, здатным яе насіць. Хрыстос не забываў: за кожным ягоным крокам сочаць і толькі і чакаюць, каб аступіўся. Удзень і ўначы рапаравалі муры, брамы, вежы, валы, усцягвалі на іх каноны. На Мечнай вуліцы збройнікі, пад наглядам Гіава Турая, удзень і ўначы кулі зброю. Ачысцілі студні, назапасілі паліва на ўсю зіму. Вястун і іншыя вучылі людзей бойцы да знясілення. На званіцы Дамініканаў увесь час сядзелі дудары і сачылі за дарогамі. Старым званарам не верылі. Чорт іх ведае, што надумаюць. На ноч брамы зачыняліся і каля іх ставілася падвойная варта.

Усе ведалі — без бойкі не абыдзецца.

І, аднак, за гэтыя лічаныя дні горад ажыў. Паўсюль жарты, смех, простыя смелыя позіркі, шчырыя размовы. Паглядзелі б на гэта Бекеш або Крыштофіч!.. Але іх не было ў горадзе.

Амаль апусцелі храмы. Не было відаць мёртва п'яных. Патрэбы ў гэтым не было. Вечарамі на плошчах скакалі вакол вогнішча людзі, і песні ляцелі да ясных зор.

Стаяў канец жніўня, і ў гэтым была адна з пагроз. Прышлыя мужыкі снілі і трызнілі аб ворыве і пасеве. Што з таго, што гэтым можна было займацца са жніўня і аж да замаразкаў, абы зерне паспела ўзысці. Што з таго, што, магчыма, і лепей пасеяць пазней, а не раней. У прадчуванні бедаў мужыкі хацелі хутчэй кінуць зерне ў зямлю. Яна цягнула, як любая жонка, як каханая. Рукі снілі яе мяккасць, вочы марылі аб яе льсняным бляску, ноздры прымушаў пашырацца ўяўны, саладкаваты пах руні.

І настаў дзень, калі ўсё гэта выбухнула.

Зноў стаялі гурмы каля Лідскае брамы. Толькі на гэты раз ішлі яны, а заставаўся — ён. І мужык міжволі гуляў ятаганам, зноў насаджаным на дрэўца.

— Харошая сталь?

— У-у. Зірні, каса якая. Трохі выгнуў, падкляпаў.

Людзі стаялі перад ім, і ён нічога не мог сказаць ім. Яны мелі рацыю. Яны клапаціліся аб жыцці.

— Даруй, — сказаў нехта з натоўпу. — Яна чакае.

— Вартуй тут.

— Парадак наводзь.

— Па-Божы.

Вельмі непрыгожая жанчына падышла да іх:

— Я ўсё зрабіла дзеля цябе, Пане Божа. Цяперака адпусці.

— На што спадзяешся? — сумна ўсміхаўся ён. — Вёска ж спалена?

— Няшчасце дапамагло. У нас амаль усіх баб татары спалілі. Малюся і плачу за іх. Не хацела б сабе шчасця цаной такою. Але што зробіш, трэба жыць. Я знайду цяпер сабе мужа. Дзеці ў мяне будуць.

І тут яна заплакала. Ад гора за другіх і ад палёгкі за сябе.

— Ідзі, — сказаў ён. — Бывай шчаслівая.

І яшчэ адзін малады хлапец падышоў:

— І мяне баязлівым лічылі. Бык мяне ганяў. А цяпер я давёў. Бачыш, трох пальцаў няма. Шнар цераз аблічча. Шчасце ты даў мне. Няхай цяпер якая дзеўка мяне баязліўцам нарачэ.

— Ідзі.

Калека на мыліцах падышоў:

— І я шчаслівы. Праз слёзы, а шчаслівы. Адпусці. Мне ад цябе нічога больш не трэба. У нас цяпер усе, хто не пабіты — калекі. Я не горшы за іншых. Будзе дом, жонка, дзеці. Ёсць збожжа і хлеб.

І іншыя гучалі галасы:

— Конь у мяне. Татарскі. Першы. Рукі да сахі цягнуцца.

— А калі не адпушчу?

— Застануся. Слова даю.

— Ідзі, — змрочна, але цвёрда сказаў Юрась.

Расплываўся натоўп.

— У мяне пана забілі. Цяпер толькі й жыві.

— Хлеб.

— Шчасце, шчасце даў нам.

Урэшце людзі з вазочкамі і косамі расплыліся. Хрыстос стаяў ля брамы адзін, і толькі далёка за ягонай спіною стаяў натоўп мяшчан. Моўчкі. Хрыстос жа стаяў і глядзеў, як людзі кропкамі знікалі ў палях.

Ён любіў іх. Ён не меў права затрымліваць справу жыцця.

…Менавіта таму на муры ўвесь час цягнулі камяні, дровы і смалу.

Раздзел XLІV. Апошняя вячэра

Яд аспідаў на вуснах іхніх.

Пасланне Рымлянам, гл. 3, ст. 13

У той вечар ён ішоў вуліцамі з Анеяй, Раввуні і Тумашам. З ім ішлі яшчэ сівавусы, малады, дудар, Вус, Зянон і Вястун. На хаду ён аддаваў апошнія ў гэты дзень загады. Было яшчэ даволі рана, нават першая зорка не засвяцілася ў вышыні.

— Ты, Кірык, і ты, Зянон, ідзіце зараз на муры. Праверце яшчэ раз усіх.

Каваль зіркнуў ястрабінымі вачыма.

— Добра, — сказаў адстаючы.

— А ты, Вус, гэтую ноч не паспі. Чарга твая. Удзень адаспішся. Бяры дудара, «братачку», ды лезь на званіцу Дамініканаў. Сачыце, хлопцы, сурміце, хлопцы, равіце, хлопцы.

Здаравіла Братачка закінуў дуду за плячо:

— Дык, братачка, чаму ж. Ноч яно між тым месячная будзе.

Залатарукі і Дудар звярнулі.

— Турай дзе? — спытаў Хрыстос.

— Стары ў Мечнай. Працуюць. А малады з Кляонікам да дзевак, пэўна, на вячорку пайшлі. Кляоніка Фаўстына чакае, Марку…

— Добра, — засмяяўся Хрыстос. — Ах, як добра, цудоўна як!

1 ... 86 87 88 89 90 91 92 93 94 ... 112
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)