Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Пярсцёнак Лёвеншольдаў
Пярсцёнак Лёвеншольдаў - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Пярсцёнак Лёвеншольдаў

Электронная книга - «Пярсцёнак Лёвеншольдаў». Краткое содержание книги:

Пярсцёнак Лёвеншольдаў
1 ... 5 6 7 8 9 10 11 12 13 ... 37
Перейти на страницу:

— А што сказаў пастар? — запыталася дзяўчынка.

— Ён пацікавіўся ў бацькі, навошта той трымаў у сябе пярсцёнак усе гэтыя гады, калі так небяспечна было валодаць ім. Але тата адказаў: ён, маўляў, думаў, што калі прызнаецца ў сваім злачынстве, то ротмістр загадае яго павесіць. Выбіраць не было з чаго, вось і давялося яму захоўваць пярсцёнак. Але цяпер тата ведае, што памрэ, і хоча аддаць пярсцёнак пастару, каб яго паклалі генералу ў магілу, а мы б, дзеці, пазбавіліся ад праклёну і змаглі б зноў перабрацца ў прыход да людзей.

— Я рада, што пастар тут, — сказала дзяўчынка. — Не ведаю, што і рабіць, калі ён паедзе. Я так баюся. Мне здаецца, быццам генерал стаіць вунь там, пад елкамі. Падумаць страшна, што ён хадзіў тут кожны дзень і падпільноўваў нас! А тата, можа, нават бачыў яго!

— Я думаю, што тата і сапраўды бачыў яго, — пагадзіўся Інгільберт.

Ён зноў падышоў да хаціны і пачаў прыслухоўвацца. Калі ж вярнуўся назад да сястры, на ягоным твары ўжо быў іншы выраз.

— Я бачыў пярсцёнак, — сказаў ён. — Тата аддаў яго пастару. Пярсцёнак так і зіхаціць! Пунсовы з золатам! Так і пераліваецца! Пастар зірнуў на пярсцёнак і сказаў, што пазнаў яго, што пярсцёнак гэты — генералаў. Падыйдзі да акенца, і ты ўбачыш яго!

— Лепш гадзюку ў рукі вазьму, чым буду глядзець на гэты пярсцёнак, — сказала дзяўчынка. — Няўжо ты на самай справе думаеш, што на яго прыемна глядзець?

Інгільберт адвярнуўся.

— Ведаю, што ён — наш згубіцель, але ўсё роўна мне ён па душы.

Толькі ён сказаў гэтыя словы, як да брата і сястры данёсся моцны і зычны голас пастара. Да гэтага часу ён слухаў хворага. Цяпер надышла яго чарга.

Само сабой зразумела, што пастар не мог прымірыцца з усімі гэтымі вар'яцкімі размовамі аб падкопах мерцвяка. Ён спрабаваў даказаць селяніну, што яго напаткала божае пакаранне за такое неверагоднае злачынства, як крадзеж у нябожчыка. Пастар увогуле не пажадаў згадзіцца з тым, быццам генерал здольны ўчыняць пажары ці насылаць хваробы на людзей і жывёлу. Не, беды, якія даймалі Борда, — гэта пакаранне божае, абранае каб вымусіць яго раскаяцца і вярнуць крадзенае яшчэ пры жыцці, пасля чаго грэх будзе дараваны, і ён зможа спакойна памерці.

Стары Борд Бордсан ціха ляжаў у ложку і слухаў пастара, той так і не пераканаў яго. Надта шмат жахаў давялося яму перажыць, і не мог ён паверыць, што ўсе яны пасланы Богам.

Але брат з сястрой, якія дрыжалі ад страху перад насланнём і прывідамі, адразу акрыялі.

— Чуеш? — запытаўся Інгільберт, схапіўшы за руку сястру. — Чуеш, пастар кажа, што гэта быў зусім не генерал.

— Так, — адказала сястра.

Яна сядзела, сціснуўшы рукі. Кожнае слова, сказанае пастарам, глыбока западала ёй у душу.

Інгільберт устаў. Парывіста ўздыхнуўшы, ён выпрастаўся. Юнак быў цяпер свабодны ад страху, які мучыў яго. Ён стаў з выгляду зусім іншым чалавекам. Шпаркім крокам падышоў ён да хаціны, адчыніў дзверы і ўвайшоў.

— Што такое? — запытаўся пастар.

— Я хачу пагаварыць з татам!

— Ідзі адсюль! З тваім бацькам цяпер размаўляю я! — строга сказаў пастар.

Павярнуўшыся да Борда Бордсана, ён зноў пачаў размаўляць з ім то ласкава-ўладным тонам, то лагодна-спагадлівым.

Інгільберт, закрыўшы твар рукамі, усеўся на каменныя пліты. Ім авалодала моцнае хваляванне. Ён зноў зайшоў у хаціну, але яго і цяпер выгналі за дзверы.

Калі ўсё было скончана, настала чарга Інгільберта праводзіць пастара ў зваротную дарогу праз лес. Спачатку ўсё ішло добра, але неўзабаве ім давялося ехаць па грэблі цераз балота. Пастар не мог прыгадаць, каб ён раніцай пераязджаў гэта балота, і запытаўся, ці не збіўся Інгільберт з дарогі. Але той адказаў, грэбляй будзе карацей за ўсё абмінуць балота і што яна выведзе іх з лесу напрамкі.

Пастар пільна зірнуў на Інгільберта. Ён ужо заўважыў, што сын, як і бацька, вельмі прагны да золата. Інгільберт жа некалькі разоў заходзіў у хаціну, быццам хацеў перашкодзіць бацьку аддаць пярсцёнак.

— Эх, Інгільберт! Гэта вузкая і небяспечная дарожка, — сказаў пастар. — Баюся, як бы конь не спатыкнуўся на слізкіх бярвёнах.

— А я павяду каня вашага, глыбокапаважаны пан пастар, не хвалюйцеся, — сказаў Інгільберт і ў той жа міг схапіў пастарскага каня за павады.

Калі ж яны апынуліся пасярод балота, дзе з усіх бакоў іх акружала толькі зыбкая багна, Інгільберт пачаў падаваць пастарскага каня назад. Здавалася, ён хацеў прымусіць яго зваліцца з вузкай грэблі.

1 ... 5 6 7 8 9 10 11 12 13 ... 37
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)