Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Ператвораныя ў попел - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Ператвораныя ў попел

Электронная книга - «Ператвораныя ў попел». Краткое содержание книги:

Кожны раз увесну, калі прылятаюць птушкі і высокае неба скаланаецца ад птушынага граю, калі ў гарадзкіх парках і на гародах паляць леташнюю лістоту і жоўтыя лапы дыму цягнуцца, нібыта кітайскія цмокі, да дрыготка-зьвінючага сонца, памяць мая абуджаецца і я вяртаюся ў тую далёкую, немаведама якога году вясну, бачу шпака, што сьпявае на разгалістай яблыні, і маці, якая стаіць на ганку, зь вінаватай усьмешкай паглядаючы на пяюна. “Шпак”, — прамаўляе маці й вочы ейныя захоплена бліскаюць. Я таксама гляджу на птушку. У гэты момант за сьпінай маёй чыркае запалка і бацька, прыпаліўшы папяросу, вясёлым голасам гукае: “Ну, здорово живёшь... Какой же это шпак? Это скворец!” Мы з бацькам сьмяемся зь нехлямяжага матчынага слова, і маці, усё з той жа вінаватай усьмешкай, ледзь чутна прамаўляе: “Скворец”. З таго красавіцкага ранку мінула безьліч гадоў. І сёньня, згадваючы вясёлы бацькаў сьмех і матчыну ўсьмешку, я разумею, што яны нездарма захаваліся ў цёмных спратах памяці, бо былі своеасаблівым кодам маёй сутнасьці, жывымі генамі беларускай і расейскай мэнтальнасьці. Дзьве душы — беларуская ды расейская — жывуць ува мне з тае пары. Ім цесна пад адной скурай, яны штодня крояць на часткі маё ego і, відаць, я змагу ўсьвядоміць сябе беларусам толькі на божай пасьцелі, калі адна душа вылузьнецца са скуры, а другая — беларуская — забавіцца на хвіліну. І калі знадворку будуць сьпяваць шпакі, і жоўтыя лапы дыму будуць цягнуцца да сонца, а на белых вуснах маіх застыне вінаватая ўсьмешка, ведайце: я памёр беларусам.
1 ... 5 6 7 8 9 10 11 12 13 ... 57
Перейти на страницу:

Празь месяц у школу ізноў патэлефанавалі з гарадзкога камітэту партыі. Гэтым разам пытаньне было наступным: чаму вашыя вучні ходзяць ля гаркаму ў капелюшах? Мы й сапраўды хадзілі ў капелюшах, прычым узору 50-х гадоў – з высокім верхам і выдзернутым нутром. Замест школьных тэчак у нашай тройцы былі аднолькавыя гаспадарчыя сумкі з процьмаю адмыслова прарэзаных дзірак і надпісам чырвонаю фарбаю: BEAT (фарба, праўда, неўзабаве аблезла), а апраненыя мы былі ў вэльвэтавыя пінжакі ды індыйскія джынсы Miltons (сапраўдныя фірмовыя джынсы ў школе меў толькі Пецька Прахаронак – яму іх даслаў родны дзядзька зь Нью-Ёрку). Апроч джынсаў цягалі таксама вэльвэтавыя штаны. У мяне, памятаю, былі нагавіцы «кракадзілавай» расфарбоўкі – зялёныя, з чорным разводзьдзем. Рыбікаў, убачыўшы ў польскім часопісе здымак сьпевака ў чырвоных штанах, пашыў сабе такія ж, прыйшоў у іх на школьную вечарыну і быў літаральна выкінуты за дзьверы дзяжурнымі настаўнікамі. Кашулі таксама былі адмысловыя. Мы іх самі фарбавалі: зьвязвалі вузламі белыя сарочкі, укідвалі ў анілінавы фарбавальнік, пасьля разьвязвалі і атрымлівалася даволі арыгінальная расфарбоўка. Было сёе-тое і з дэмісэзону: Рыбікаў цягаў скураны (часінаў фінскае кампаніі) танкісцкі палітон, а я такі ж даўжэзны «малянкоўскі» пыльнік з патаемнымі гузікамі, які падпярэзваў пяньковай вяроўчынай. Блукаючы ў такіх строях па горадзе, часьцяком фатаграфаваліся на гаркамаўскіх прыступках (у Рыбікава быў фотаапарат «Зэніт») і партыйныя круцялі відавочна ўспрынялі гэта як непавагу да «сьвятога» места. А магчыма бачылі ў нашых асобах пародыю на саміх сябе, бо ж яны таксама хадзілі ў капелюшах ды шэрых пыльніках.

Ува ўсім гэтым, як атрамант скрозь бібулу, стала прабівацца палітычная падкладка і нашу тройцу папросту абавязаны былі паставіць на адмысловы ўлік. І відавочна паставілі, пасьля таго, як я вывесіў на дошцы школьных аб’яваў расклад трансьляцый канцэртаў папулярнай музыкі шэрагу заходніх радыёстанцыяў. Сярод іх былі Voice of America, Radio Sweden і румынская праграма Radio Free Europe. Усё гэта адбывалася, адцемім, у 1970 годзе.

Школа і ленінскі камсамол спрабавалі далучыць нас да нейкіх патрыятычных справаў, але марна. Аднаго разу, прыкладам, прывялі ў Музэй баявой славы, што месьціўся ў школе і апавядаў пра дзейнасьць партызанскай брыгады НКГБ СССР «Няўлоўныя». Мы з маім аднаклясьнікам Грышам Песіным селі на крэслы – сьпінкаю наперад, насунулі на галовы нямецкія каскі, якія там ляжалі ў якасьці экспанатаў, пасьля чаго з дырэктаркаю музэю траха ня здарылася гістэрыка.

Спрабавалі таксама далучыць нас да фізкультуры і спорту, загадаўшы аднойчы прыйсьці на школьны стадыён дзеля ўдзелу ў агульнарэспубліканскім моладзевым кросе, прысьвечаным Дню савецкай касманаўтыкі. Мы і прыйшлі: у капелюшах (усе трое), у ватоўцы (Шлыкаў), у танкісцкай скуранцы (Рыбікаў), у пыльніку (Мудроў), у гумовых ботах (усе трое) і з парасонамі ў руках. На старт нас ня выставілі, але мы ўсё адно прабеглі сваіх пяцьсот мэтраў, і пры гэтым, калі хтосьці вырываўся наперад, мусіў гамаваць хуткасьць з дапамогаю раскрытага парасону.

Любое мерапрыемства, што ладзілася з нашым удзелам, ператваралася ў фарс. Увосень 1970 году – я ўжо вучыўся ў дзясятай клясе – па ўсёй неабсяжнай Краіне Саветаў пракаціліся мітынгі пратэсту, на якіх рабочыя, калгасьнікі і прадстаўнікі працоўнай інтэлігенцыі патрабавалі неадкладнага вызваленьня палымянай камуністкі, актыўнай барацьбіткі за правы нэграў Анджэлы Дэвіс, якую амэрыканскія імпэрыялісты кінулі за краты. Мітынг той мы фактычна сарвалі, пасьля чаго дырэктар школы заявіў, што “такім, як Мудроў, няма месца ў камсамоле”.

1 ... 5 6 7 8 9 10 11 12 13 ... 57
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)