Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Загоны - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Загоны

Электронная книга - «Загоны». Краткое содержание книги:

Зборнік кароткіх лірычных замалёвак, дзённікавых запісаў, абразкаў і невялікіх аповесцяў. Кожнае апавяданне Сакрата Яновіча – гэта гісторыя цэлага жыцця. Некалькі сказаў, а змест у іх, як на некалькі тамоў. Аўтар працуе над сваімі творамі доўга і крапатліва, дабіраючы словы так, каб кожнае з іх нясло цэлую гаму пачуццяў. “Загоны” – адзін з першых зборнікаў, выдадзены беларускім літаратурным аб’яднаннем у Польшчы “Белавежа”, і першы, у які ўвайшлі творы толькі аднаго аўтара. Героі твораў Сакрата Яновіча – беларусы Беласточчыны, якія, жывучы меншасцю сярод тытульнай нацыі (палякаў) не страцілі сваёй беларускасці, часцей выгодна, а часам і невыгодна вылучаюцца на фоне іншых, але застаюцца сабой. Жыхары малых вёсак, трапляючы ў вялікі горад, першапачаткова стараюцца паказаць сябе іншымі, “мястовымі”, але сутнасць, менталітэт ды выхаванне бяруць сваё. І чым больш чалавек адукаваны, тым мацней цягне яго да каранёў. Але ёсць сярод яновічавых гнроеў і такія, якія перакананыя, што выехаўшы з вёскі, яны аўтаматычна сталі гараджанамі, і вяртання быць не можа.
1 ... 5 6 7 8 9 10 11 12 13 ... 68
Перейти на страницу:

Хтосьці адчыніў дзверы да хлява. Каруся вылезла са склепа і паглядзела: у дзвярах Рыгор.

— Чаго цябе выперла з ложка! — закрычала. Рыгор не адвярнуўся, Каруся падыйшла, каб накрычаць на яго. I замаўчала: ён плакаў. Збягаліся куры, бляялі авечкі, рыкала карова.

Каруся павяла Рыгора ў хату, паклала яго ў пасцель. Яна першы раз не перанялася галасамі галоднай гаспадаркі. Заціхла ля Рыгоравай галавы. Яе вочы мілавалі Рыгора і па-за ім не бачылі ды не помнілі нічога. Святлела раніца.

ПАМЯЦЬ

Ля вясковага могільніку спынілася легкавая машына.

Было гэта відаць ад Вераб'інага луга, дзе хлопцы расклалі агонь і пяклі бульбу. Спынілася яна плаўна і далікатна, заўважыў гэта са знаўствам трактарыст Валодзька, які перавозіў бульбакапалку Разбойніцкім гасцінцам у Маркавую даліну. Такую машыну меў местачковы лекар, але ён разбіў яе ў мінулым тыдні на вяселлі ў надляснічага. Якойсьці машынаю пазалетась ездзілі ўночы зладзеі і хавалі ў магілах крадзенае...

З машыны вылезлі дзяўчына і хлопец. Яны дасталі з багажніка штосьці вялікае і лёгкае, загорнутае ў паперу. За імі вылез шафёр і разглядаўся па ваколіцы ўпершыню.

Гэта Оля, якая яшчэ дзіцём выехала з бацькамі ў Беласток.

I яе незнаёмы муж.

Пажаніліся нядаўна — яны прывязлі вянок на магілу бабулі і дзядулі: вянок з белых кветак і зялёных лісцяў.

Абціх вецер. Ад акалелага голля пасыпаўся туман. Па кляновым лістку, прытуленым да старога крыжа, пацякла накоцістая асенняя сляза.

Поле глядзела вачамі вялікімі, як смутак. I зрабілася ўрачыста.

ВЁХА — БАГІНЯ ГАНЬБЫ

За агнямі Беластока, за апошнімі вуліцамі расшчэпленымі на трэскі прыгародніх сцежак-дарожак, у даліне за пагоркамі цямнее вёска. У вёсцы не відаць тых тысячаў агнёў Беластока; відаць толькі зарыва, якое асвятляе зоркі на небе, зайздросныя зоркі ў марозлівую ноч. Не стаю я ў гэту ноч на высокай мясціне за вёскаю, сяджу за цёплым акном і гляджу невядома куды. У хаце гудзіць вяселле і спяваюць «сто лят», а мне чамусьці сумна.

Адбываецца сялянскае вяселле: за сталамі з сотня гасцей, на стале вульгарныя літры, з боку музыканты, а ўсе спяваюць песню за песняй ды п'юць «да дна» і «да канца», і раз-пораз. I гавораць усе адразу, усе да ўсіх, сусед да суседкі, суседка да суседа, і ніхто нікога ў лад не чуе. Вяселле, як вяселле.

А мне сумна. Сумна няўжо ад таго, што вясельнікі робяць усё, каб вяселле не было сялянскім — каб было гарадскім, меставым. «Равела бура, дождж шумеў»... заціхла і прапала зусім ушматгалоссі вясельных Рэнаў Рольскіх, Вайцехаў Млынарскіх, Ірэнаў Сантар. Красамоўны сват папярхнуўся «актамі вэсэльнымі», «прошапань-ствамі» і яшчэ чымсьці — не памятаю, чым яшчэ. Чымсьці не ягоным, не сваім, але блішчучым, быццам багемскі пярсцёнак у вітрыне магазіна пры цэнтральнай вуліцы, дзе неоны і аўтамашыны, і напарфумаваныя тратуары. Аднак вяселле гэтае сялянскае яно, бо іншых вяселляў няма на свеце, гарадскіх вяселляў няма. Словам, вяселле.

Дружкі-сваячкі ў дарагіх сукнях, упрыгожаныя пераконанасцю ў тым, што яны не сялянкі, бо працуюць у Беластоку, папрыязджалі на вяселле не з суседніх вёсак. Дружбанты — сваякі ў чорных касцюмах дрэнна адчуваюць сябе ў хамуце манераў, украдзеных гораду, але не пацеюць аж да пятай ці нават сёмай чаркі. Яны таксама не сяляне. Адны старыя людзі чуюцца сялянамі і па іх тварах скачуць грымасы вінаватасці. Яны разумеюць, што ўсенька непрыгожае можа вынікнуць толькі ад іх альбо з-за іх. Хтосьці з маладых азваўся голасна да старога чалавека па-свойму, па-беларуску, голасна, і стары чалавек пачырванеў ад такой ганьбы, і хутка-хуценька адказаў ён маладому па-польску.

На вяселлі ў вёсцы, што за агнямі Беластока, гаварылі пра багіню кахання, ВЕНЕРУ, а побач яе ўбачыў я багіню ганьбы, ВЁСКУ, дакладней кажучы — ВЁХУ. А можа Вёха гэта няшлюбнае дзіця Венеры? Так было б ляпей, бо пашто нам багіня ганьбы! Было б ляпей ды гэта немагчыма, сам бачу.

Неспадзявана зразумеў я свой дзівацкі сум: усе чакаюць смерці Вёхі! I, як аб нябожчыку, якога не памінаюць ліхам, вяселле заспявала над раніцай «равела бура, дождж шумеў», «расцвіталі яблыні і грушы», «распрагайце хлопцы коні»... На світанні вясельнікі пачалі раз'язджацца: хто да аўтобусавага прыпынку, хто да чыгуначнага прыпынку, каб паспець на ранішнюю гадзіну працы.

У такую хвілю, калі праводзіш вясельнікаў за вёску, у дарогу, і паглядзіш здалёку, з высокай мясціны, на начны горад, будзе здавацца ён табе вялікім могільнікам у Дзень Усіх Святых.

ТОРГ

Там, дзе канчаецца Беласток, у асеннім закавулку стаіць дом на продаж. У нядзелю з'явіліся купцы: іх двух і хлопец.

1 ... 5 6 7 8 9 10 11 12 13 ... 68
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)