Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Бiльярд а палове дзесятай
Бiльярд а палове дзесятай - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Бiльярд а палове дзесятай

Электронная книга - «Бiльярд а палове дзесятай». Краткое содержание книги:

Паваенная Германія, якая прыходзіць у сябе пасля паразы ў Другой сусветнай вайне. Яшчэ жывая памяць пра часіны, калі адзін даносіў на іншага, калі ў імя перамогі ішлі на разбурэнне і смерць. У гады вайны сын быў ваенным сапёрам, пры адступленні ён падарваў манастыр, пабудаваны яго бацькам-архітэктарам. Цяпер ужо яго сын займаецца аднаўленнем разбуранага.
1 ... 5 6 7 8 9 10 11 12 13 ... 64
Перейти на страницу:

— Ну, давай ужо, шыбенiк, — сказаў Бен Вакс; ён быў успацелы, у яго трэслася пуза, а ў роце тырчаў свiсток.

Але да свiстка заставалiся яшчэ тры хвiлiны i тры секунды, на трынаццаць секунд раней, чым трэба; калi ён стукне зараз, у наступнага гульца яшчэ будзе магчымасць зрабiць свой удар, а Шрэла, якi чакае свайго вызвалення на меце, будзе павiнен яшчэ раз уцякаць; яны ж змогуць яшчэ раз шпурнуць мячыкам яму ў твар, у ногi альбо па нырках; Фэмель ужо тры разы бачыў, як яны гэта робяць: нехта з каманды працiўнiка трапляў у Шрэлу, пасля мячык забiраў Нэтлiнгер, якi гуляў у адной з iм i Шрэлам камандзе, i кiдаў мячык працiўнiку проста ў рукi, а той шпурляў яго Шрэле проста ў твар, — Бен Вакс жа стаяў побач i свiсцеў, калi траплялi ў Шрэлу, свiсцеў, калi Нэтлiнгер спакойна кiдаў мячык працiўнiку ў рукi, свiсцеў, калi Шрэла, кульгаючы, спрабаваў ухiлiцца; гульня была iмклiвая: мячык лётаў то ў адзiн, то ў другi бок — цi толькi ён адзiн заўважаў гэта? I не заўважаў нiхто з тых шматлiкiх гледачоў у стракатых шапачках i са стракатымi сцяжкамi, што, разгарачаныя ад напружання, чакалi канца гульнi? За дзве хвiлiны i пяцьдзесят секунд да фiнальнага свiстка лiк у гульнi быў 34:29 на карысць гiмназii Прынца Оты — i, можа, у тым, што бачыў хiба што толькi ён адзiн, была прычына, што каманда працiўнiка згадзiлася, каб судзiў гульню Бен Вакс, iхнi настаўнiк гiмнастыкi.

— Ну давай, бi, шыбенiк, праз дзве хвiлiны дам свiсток.

— Даруйце, але — праз дзве i пяцьдзесят секунд, — адказаў Фэмель, а пасля гэтых слоў падкiнуў высока мячык, перахапiў iмгненна бiту i стукнуў; па сiле ўдару, па тым, як спружынiла рукаятка, ён адчуў: гэта будзе зноў адзiн з яго легендарных удараў; ён прыжмурыўся, каб спраўней прасачыць за палётам мячыка, але так i не змог яго згледзець: пачулася глыбокае "а-а-ах!" з натоўпу гледачоў, i гэты воклiч шырыўся, рос, нiбы воблака; ён убачыў, як да яго, кульгаючы, наблiжаецца Шрэла — павольна, на твары жоўтыя плямы, a пад носам крывавы пiсяг; суддзi падлiчвалi: сем, восем, дзевяць; астатнiя гульцы каманды наўмысна-павольна праходзiлi паўз раз'юшанага Бена Вакса; гульня была выйграная, выйграная пераканаўча; Фэмель нават забыўся выбегчы ў поле, каб здабыць яшчэ i дзесятае ачко; "отаўцы" ўсё яшчэ шукалi мячык, поўзаючы на карачках далёка на другiм баку вулiцы ў траве пад мурам бровара; у фiнальным свiстку Бена Вакса выразна чулася яго раздражнёнасць. "38:34 на карысць гiмназii Людвiга!" — абвясцiлi суддзi. Гучнае "а-а-ах!" перарасло ва "ўра!" i бушавала над пляцоўкай; ён жа ўзяў сваю бiту, загнаў рукаяткай у траву, потым перамясцiў рукаятку, надаўшы бiце патрэбны вугал нахiлу, а пасля нацiснуў на яе нагой у тым, слабейшым, месцы нiжэй ад рукаяткi, дзе бiта найвузейшая; таварышы па камандзе, здзiўленыя, абступiлi яго i збянтэжана маўчалi; яны бачылi ў гэтым нейкi знак — што славуты Фэмелеў кiй быў паламаны; мярцвяна-бела выглядалi трэскi ў месцы палому; i ўжо хлопцы пачалi тузаць адзiн аднаго, каб займець памятку, кавалак таго дрэва альбо адарваць шматок таго лейкапластыру; Фэмель спалохана паглядзеў на гэтыя разгарачаныя, дурнаватыя твары, у гэтыя заварожаныя вочы, што блiшчалi ад хвалявання, — i ён адчуў танную гаркату славы, тут, летнiм вечарам 14 лiпеня 1935 года, у суботу, на ўскрайку прадмесця, на патаптаным лужку, куды Бен Вакс мiж тым гнаў шасцiкласнiкаў гiмназii Людвiга — каб яны пазбiралi сцяжкi, што стаялi на кожным рагу пляцоўкi. Далёка на другiм баку вулiцы, пад мурам бровара, усё яшчэ вiдны былi блакiтна-жоўтыя футболкi: "отаўцы" нiяк не маглi знайсцi мячыка; вось яны марудна пасунулiся назад, сабралiся ў цэнтры пляцоўкi, выстраiлiся ў шарэнгу, чакаючы яго, капiтана каманды, каб услед за iм крыкнуць "гiп-гiп-ура!"; Фэмель павольна наблiзiўся да абедзвюх шарэнгаў; Шрэла i Нэтлiнгер стаялi там поруч; здавалася, што нiчога не адбылося, зусiм нiчога; а малодшыя вучнi ўсё за яго спiнай яшчэ змагалiся за «сувенiры»; ён прайшоў далей, адчуваючы захапленне публiкi, нiбы фiзiчную пакуту, i тут ён тры разы крыкнуў: "Гiп-гiп-ура!" "Отаўцы" зноў, як пабiтыя сабакi, рушылi шукаць мячык; не знайсцi мячыка лiчылася за найстрашэннейшую ганьбу.

— Я ж ведаў, Гуга, як была патрэбная наша перамога Нэтлiнгеру; ён сказаў: "Перамагчы любой цаной"; а менавiта ён рызыкаваў нашай перамогай толькi дзеля таго, каб у працiўнiка была магчымасць раз за разам шпурляць мячыкам у Шрэлу, а Бен Вакс, гледзячы па ўсiм, быў з iмi ў змове; я гэта заўважыў, адзiн я.

Калi ён iшоў да распранальнi, яго апанаваў страх перад Шрэлам i перад тым, што той яму скажа. На дварэ раптам пахаладала, вечаровая iмгла цягнулася ад ракi, падымалася над лугамi, абкладвала, нiбы слоем ваты, будынак, у якiм мясцiлiся распранальныя кабiны. Чаму, чаму яны гэтак абыходзiлiся са Шрэлам? Падставiлi яму падножку, калi ён у перапынку сыходзiў па лесвiцы, i ён выцяўся галавою аб жалезны кант прыступкi? Лапка акуляравай аправы прабiла тады яму мочку вуха, а Бен Вакс надта ўжо доўга хадзiў па аптэчку першай дапамогi ў настаўнiцкi пакой. Нэтлiнгер са здзеклiвай усмешкаю нацягваў лейкапластыр, каб настаўнiк мог адрэзаць ад яго кавалачак; яны нападалi на Шрэлу па дарозе дадому, зацягвалi яго ў пад'езды, бiлi яго — сярод сметнiц i дзiцячых вазкоў, потым скiнулi яго з цёмных падвальных сходаў, i ён доўга ляжаў з паламанай рукою там, дзе пахла капустай i прарослай бульбай, сярод запыленых слоiкаў: ляжаў, аж пакуль нейкi хлопчык, пасланы ў падвал па яблыкi, не ўбачыў яго i не паклiкаў жыхароў дома. Толькi некалькi iхнiх таварышаў не бралi ў тым удзелу: Эндэрс, Дрышка, Швойгель i Гольтэн.

За пару год да таго Фэмель пасябраваў са Шрэлам, яны разам хадзiлi ў госцi да Трышлера; Шрэлаў бацька быў кельнерам у шынку, якi належаў Трышлераваму бацьку; яны наладжвалi сабе забавы на старых чоўнах, на спiсаных пантонах, вудзiлi рыбу, забраўшыся ў лодку.

Ён спынiўся перад распранальняй, пачуў галасы, гаману: ахрыплыя ў мiфiчным запале хлопцы гаварылi пра легендарны палёт мячыка; нiбыта мячык той знiк у звышчалавечых сферах.

— Я ж бачыў, як ён ляцеў-ляцеў, нiбы камень, пушчаны з волатавай прашчы.

— Бачыў яго, той мячык, што ўдарыў Роберт.

— Чуў яго, той мячык, што ўдарыў Роберт.

— Яны яго не знойдуць, таго мячыка, што ўдарыў Роберт.

Калi Фэмель зайшоў у распранальню, яны змоўклi; у гэтым раптоўным маўчаннi адчуваўся страх; яны амаль смяртэльна паважалi яго — якi зрабiў тое, у што нiхто не здолеў бы паверыць, пра што нiхто не здолеў бы расказаць; хто з жывых сведкаў наважыўся б апiсаць палёт таго мячыка?

Басанож, накiнуўшы на плечы вялiкiя ручнiкi, яны шпарка пабеглi ў душ; застаўся адзiн Шрэла: ён быў ужо апрануты, бо пад душ не хадзiў; i толькi цяпер Роберту прыйшло ў галаву: Шрэла нiколi не прымаў душ пасля гульнi, нiколi не здымаў з сябе футболку; ён сядзеў на зэдлiку, на твары была жоўтая i блакiтная пляма, вакол вуснаў, з якiх ён ужо абцёр кроў, - вiльготны след; на руках i плячах былi вiдаць сiнякi ад удараў мячыка, якi "отаўцы" ўсё цяпер яшчэ недзе шукалi; седзячы так, Шрэла адкасаў рукавы сваёй шмат разоў мытай кашулi, надзеў куртку, выцягнуў з кiшэнi кнiжку i пачаў чытаць: "Увечары, калi званы звястуюць мiр…"

1 ... 5 6 7 8 9 10 11 12 13 ... 64
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)