80000 кіламетраў пад вадой
- Автор: Верн Жюль Габриэль
- Год: 1937
- Язык: белорусский
- Год: Джяржаўнае выдавецтва Беларусі
- Переводчик: Янка Мавр
- Жанр: Морские приключения
Электронная книга - «80000 кіламетраў пад вадой». Краткое содержание книги:
Шлюпка павярнула да вострава Манаар, берагавая паласа якога закруглялася на поўдні. Капітан Нэма падняўся з лаўкі і паглядзеў на мора.
Па яго знаку шлюпка спынілася, і якар быў кінуты ў ваду. Але прышлося выпусціць не больш аднаго метра якарнага ланцуга — настолькі мелкай была ў гэтым месцы перлавая мяліна. Шлюпку зараз-жа падхапіў адліў і пацягнуў назад у адкрытае мора, колькі дазволіў якарны ланцуг.
— Вось мы і прыехалі, прафесар, — сказаў капітан Нэма. — Бачыце гэтую замкнутую бухту? — У ёй праз месяц збяруцца сотні прамысловых суднаў, і тысячы адважных ныральшчыкаў апусцяцца ў гэтыя воды. Гэтая бухта вельмі зручная для лоўлі перлаў: яна абаронена горамі ад самых сільных вятроў, і ў ёй ніколі не бывае буйнага хвалявання, што надзвычай важна для працы ныральшчыкаў. Зараз мы надзенем свае скафандры і пачнём сваю прагулку.
Я нічога не адказаў і, не адрываючы вачэй ад падазроных вод, стаў пры дапамозе аднаго з матросаў апранацца ў цяжкі скафандр. Капітан Нэма і абодва мае таварышы таксама пачалі надзяваць скафандры, аказалася, што ніхто з матросаў «Наўтылуса» не суправаджае нас у гэтым падарожжы.
Неўзабаве мы былі засаджаны па самую шыю ў каўчукавую вопратку і на спіну нам павесілі рэзервуары са сціснутым паветрам. Апаратаў Румкорфа і электрычных ліхтароў у шлюпцы не было. Перад тым як надзець металёвую каску на галаву, я сказаў аб гэтым капітану Нэма.
— Яны нам не спатрэбяцца, — адказаў ён. — Мы не будзем забірацца ў глыбіню, а па мелкаводдзю нам зусім дастаткова будзе сонечнага святла. Акрамя таго, было-б вялікай хібай запальваць электрычныя ліхтары ў гэтых водах: іхняе святло магло-б прыцягнуць увагу небяспечных драпежнікаў.
У той час, калі капітан Нэма гаварыў гэта, я паглядзеў на Нэда Лэнда і Канселя. Але неразлучныя таварышы ўжо насадзілі на галовы металёвыя каскі і нічога не чулі.
Мне засталося толькі задаць капітану Нэма апошняе пытанне:
— А дзе-ж стрэльбы? Няўжо мы пойдзем няўзброенымі?
— Стрэльбы? Навошта яны нам? — адказаў капітан Нэма. — Хіба вашы горцы ідуць калі-небудзь на мядзведзя са стрэльбай? Кінжал у руцэ лепш усякай кулі. Вось добрае лязо. Суньце яго за пояс і хадземце.
Я паглядзеў на нашых спадарожнікаў. Яны былі ўзброены таксама, як і мы, і акрамя таго ў Нэда Лэнда ў руках быў гарпун, які ён захапіў з сабою з «Наўтылуса».
Мне нічога не заставалася рабіць, як прадзець галаву ў цяжкую мядзяную каску, дазволіць закруціць яе і адчыніць кран рэзервуара са сціснутым паветрам.
Праз хвіліну матросы спусцілі нас аднаго за другім у ваду, і на глыбіні не больш за паўтара метры мы намацалі нагамі пласт зляжалага пяску. Капітан Нэма зрабіў нам знак рукой, мы паследвалі за ім і па пакатаму спуску ўглыбіліся пад ваду.
Прыгнятаўшыя мяне прадчуванні раптам зніклі. Я адчуў глыбокі спакой. Лёгкасць майго руху, не сціснутага скафандрам, яшчэ больш узмацніла маю ўпэўненасць, і я ўвесь аддаўся цудоўнаму відовішчу падводнага жыцця.
Сонца зусім ясна асвятляла дно. Нават драбнюткія прадметы былі выразнымі. Пасля дзесяці хвілін хады мы апусціліся на глыбіню пяць метраў, і дно зрабілася плоскім і роўным.
Мы спудзілі некалькі зграек цікавых рыбак з атрада аднапёрых, не маючых іншага плаўніка, акрамя хваставога. Я заўважыў тут паласатых змеягаловаў даўжынёй амаль у метр, з жаўтавата-шэрай спіной і такім-жа брухам; яны адзначаліся ад змеягаловаў кітайскіх вялікім памерам і больш светлай афарбоўкай. Далей нам сустрэлася афарбаваная ў яркія колеры рыбка-парус, спінны плаўнік якой нагадвае каўнерык. Гэта спажыўная рыбка; высушаная і замарынаваная, яна лічыцца дэлікатэсам у мясцовага насельніцтва. Нарэшце я звярнуў увагу на належачую да сямейства карангавых рыб стаўрыду, цела якой пакрыта вельмі дробнай лускай; зверху стаўрыда блакітна-шэрага колеру, знізу — срабрыстага. Даўжыня яе не перавышае трыццаці сантыметраў.
Між тым усходзіўшае сонца ўсё ярчэй і ярчэй асвятляла ваду. Характар дна патроху змяняўся. Дробны, шчыльна зляжалы пясок перайшоў нібы ў шасейную дарогу, замошчаную круглымі зломкамі скал, паросшых дываном з зоафітаў і малюскаў.
Сярод прадстаўнікоў гэтых аддзелаў я ўбачыў плацэн з няроўнымі тонкімі створкамі ракавіны, належачых да сямейства вустрычных, якія водзяцца толькі ў Чырвоным моры і Індыйскім акіяне; памеранцавых люцын з круглай ракавінай; некалькі персідскіх пурніц, якія дастаўлялі «Наўтылусу» добрую фарбу; анацын — спажыўных ракавін, што прадаюцца на індастанскіх базарах, і, нарэшце, акулін, чароўныя веяры якіх прадстаўляюць, мусіць, самае прыгожае відовішча акіянскай фауны.