Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Роман, новелла » Знак бяды
Знак бяды - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Знак бяды

Электронная книга - «Знак бяды». Краткое содержание книги:

Ці лёгка было казаць праўду пасьля доўгіх дзесяцігодзьдзяў змовы маўчаньня і адкрытай хлусьні? Напэўна імкненьне да праўды і яе выкрываньня прывялі да таго, што Васіль Быкаў не пайшоў па цячэньні, але выступіў насупраць хлусьні і мане пра лёсы беларусаў. Яшчэ ў час калі Савецкі Саюз падаваўся непахісным і савецкія грамадзяне рыхтаваліся да «ўступленьня ў камунізм», Васіль Быкаў адзначыў, што на трагедыі народа нельга пабудаваць «сьветлай будучыні». Ён не выступіў з асуджэньнем палітыкі Камуністычнай партыі, але проста распавёў пра лёс аднае беларускае сям’і, якой за два дзесяцігодзьдзі ўдалося пабываць у двух гіеннах. Ваенны Быкаў, хаця і са скрыпам ўспрымаўся палітычнай вярхушкай Савецкага Саюзу, а вось Быкаў, які параўнаў пакуты ваеннага ліхалецьця з пакутамі калектывізацыі прыйшоўся не да спадобы партыйным функцыянэрам. «Знак бяды» накрэсьліў сапраўднага Быкава, які больш ніколі не замаўчаў, ні крытыкаваны, ні цкаваны не сыходзіў ён ад свайго абвостранага пачуцьця праўды. «Знак бяды» Быкава адзін з найлепшых твораў, беларускага пісьменьніка, якога неаднаразова называлі «сумленьнем нацыі».
У аповесці Васіль Быкаў піша пра трагічны лёс жыхароў хутара Яхімоўшчына — Сцепаніды і Петрака Багацькаў. У жыцці гэтых людзей адлюстраваліся тыя нягоды, якія выпалі на долю беларускага народа, яго барацьба з фашысцкімі акупантамі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
1 ... 82 83 84 85 86 87 88 89 90 ... 114
Перейти на страницу:

— Ах, мелет! — вызверыўся насаты. — Для каго-та на самагоначку мелет! А для нас нет! Ану к сценке! Жыва!

У Петрака пацямнела ўваччу, здаецца, ён нібыта пахіснуўся ад слабасці ці страху, адчуўшы, што зараз усё, мабыць, і скончыцца. Нехта дужа піхнуў яго ў плечы, пасля ў бок, ён няўцямна ступіў і апынуўся ў прасценку паміж двума вокнамі на падворак. Насаты насупраць прыладзіўся ямчэй — расставіў на падлозе ногі і нетаропка падняў на яго руку з смярдзючым наганам.

— Што вы робіце, ірады? За што вы яго? — залямантавала ад печы Сцепаніда, і насаты апусціў руку.

— А, жалка стала? Так нясі пару фляжак! Ну, быстра!!

Але Сцепаніда залямантавала яшчэ гучней:

— Скуль я вазьму вам, няма ў нас ніякай гарэлкі, каб вы сваіх жонак не бачылі, як мы тую гарэлку…

— Заткнісь! — раўнуў насаты, і паліцаі ўчэпіста схапілі Сцепаніду за рукі, размашыста штурхнулі ў сені. Там яна сцішана войкнула і раптам сціхла. «Ці не забілі?!» — здрыгануўся ад страху Пятрок, які таксама ўжо развітаўся з жыццём.

— Так, счытаем да трох! — аб'явіў насаты, зноў скіроўваючы на яго рулю нагана. — Даёш, нет? Раз… Імей в віду, я б'ю точна, без промаху. Два… Ну, даёш? Нет?

«Няўжо ты застрэліш, сабака? — думаў Пятрок, млосна пазіраючы на хісткую рулю нагана, якая сноўдала ў паветры праз тры крокі ад яго. — Няўжо хопіць лютасці на забойства? Ці, можа, палохаеш? Але каб хутчэй што-небудзь. Страляць, дык страляй, чорт з табой, усё роўна, відаць, не суджана перажыць вайну, пабачыць дзяцей. Але хоць бы пачуць, як турнулі гэту напаўзь», — разгублена думаў Пятрок, і дзве слязіны ціха паўзлі па ягоных даўно ўжо не голеных шчоках.

— Тры! — раўнуў урэшце насаты, і ў тое ж імгненне калючае чырвонае полымя ўдарыла Петраку ў твар, вушы забіла тугім коркам ад стрэлу, і праз момант ён не адразу зразумеў нават, што быццам жывы і стаіць, як стаяў — плячмі да прасценка. Толькі праз паўхвіліны скрозь густы звон увушшу да яго, бы здалёку, данесліся галасы паліцаяў, тыя спрачаліся.

— Ды што з ім цацкацца, патроны псаваць! Бі ў лоб, і пайшлі!

— Не спяшы! Я яго па часцям раздзелаю. Как бог чарапаху. Ну, так гдзе водка? Долга малчаць будзеш?

Пятрок ужо не адказваў — ён амаль што аглух і аслупянеў у безнадзейнай абыякавасці да сядзібы, жонкі і найперш да самога сябе, бо якіх сіл абараніць сябе ўжо не знаходзіў.

Яны нешта там выранджаліся — адзін свяціў лучынкамі, палячы іх пучкамі, дым густа валіў у хату і праз расчыненыя дзверы струменямі сплываў у сені; цені ад людзей крукастымі пачварамі хадзілі па сценах і столі: то пыхала, то аціхала полымя лучынак, слепячы яго слязлівыя вочы і высвечваючы насупраць каржакаватую постаць ягонага ката з наганам.

— Гдзе водка? Гавары! Ах, малчыш?..

Новы стрэл грукнуў, здаецца, мацней за першы, дужа трэснула штосьці ў вуху, і Пятрок, не ўтрымаўшыся, паваліўся бокам на канец услона. Ён дужа ўдарыўся клубам, рукамі трапіў у штось гразкае на падлозе, дужа балела ў вуху, але паліцай не даў яму доўга грэбацца па падлозе, выцянуў ботам у грудзі і за каршэнь, бы шчанюка, зноў падняў да сцяны. Каб не ўпасці, Пятрок у поўнай знямозе прыціснуўся плячмі да шархоткіх газет якраз у тым месцы, дзе ўжо чарнеліся радком тры дзіркі ад куль.

«Божа, за што?»

— Ах ты, хутарская сволач! Кулацкая вша! Зажымаеш? Ну, палучай!..

«Толькі б адразу. Не мучыцца каб… Адразу…» — сноўдала ў яго галаве міжвольная думка-жаданне, Пятрок глытнуў салёныя слінкі і зноў адчуў вялікую абыякавасць да сябе і да жыцця наогул. Не паспеў ён, аднак, сабрацца і ўнутрана расслабіцца перад апошнім уздыхам, як зноў грымнула, агняна-смярдзюча пыхнула раз, другі, трэці — асляпіла, забіла глухатой вушы, калені яго падагнуліся, і ён, абдзіраючы плячмі газеты, паволі споўз па сцяне на падлогу.

Здаецца, на нейкі нядоўгі час ён страціў прытомнасць, так было млосна ў грудзях і неяк было дыхнуць, вочы яго амаль нічога не бачылі ў дымным смярдзючым змроку, і толькі нейкім куточкам свядомасці ён адзначыў яшчэ, што жывы. Чамусьці жывы… Аднекуль, быццам здалёк, да ягонага слыху прыбіліся галасы ягоных забойцаў:

— Што доўга з ім пэцкацца! Канчай, і патопалі.

— Сам пусць даходзіт!

— Дай я…

— Пагадзі! Яшчэ прыгадзіцца, — адпіхнуў паліцая насаты і, ступіўшы да Петрака, трохі схіліўся над ім. — Ты понял, слізняк? Нам водка нужна. Водка, панімаеш? Не сягодня, так завтра. Штоб был харошы запас. Понял? Іначы прыдзём — распрашчаешся з жызню.

«Няўжо не заб'юць?» — амаль спалохана падумаў Пятрок, вяла, як пасля непрытомнасці, узграбаючыся з падлогі. Абапёрся аб сцяну, стаў на адно калена, праз дым паглядзеў на хату. Лучынкі ўсе згарэлі, свіціліся трохі з грубкі, дзе таксама ўжо прагарэлі дровы, і апошнія галавешкі клалі барвяную пляму на затаптаныя дошкі падлогі. Усе іх чатыры пачварныя постаці адна за адной пхнуліся ў насцеж расчыненыя дзверы, адкуль нізам па хаце распаўзалася воглая сцюжа, цела пачала біць дрыжака. Пятрок з натугай успёрся на другое калена, увесь калоцячыся ад перажытага страху, сцюжы і невыказнае крыўды — за што?

1 ... 82 83 84 85 86 87 88 89 90 ... 114
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)