Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка ў сусьветную вайну
- Автор: Гашек Ярослав
- Год: 1931
- Язык: белорусский
- Год: Беларускае дзяржаўнае выдавецтва
- Переводчик: Кандрат Крапіва
- Жанр: Юмористическая проза
Электронная книга - «Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка ў сусьветную вайну». Краткое содержание книги:
Ёсць і яшчэ адно меркаванне аб гэтай кнізе — гэта літаратура для сапраўдных мужчын, таму як казарменны гумар саланаватай на жаночы густ.
Гэтым, уласна, нарада скончылася.
Вярнуўшыся да афіцэраў, увесь чырвоны ад злосьці, палкоўнік Шрэдэр забыўся, што трэба было яшчэ пагаварыць пра лёс вольнапісанага Марэка і камандзіра разьдзелу Тэвелеса.
Ён ляконічна заявіў:
— Прашу паноў афіцэраў быць гатовымі і чакаць маіх загадаў і інструкцый.
Так і засталіся пад вартаю на гаўптвахце вольнапісаны і Тэвелес, і, калі потым да іх далучыўся Цвібэльфіш, яны маглі скласьці «мар‘яж», а пасьля мар‘яжу прыставалі да сваіх каравульных з патрабаваньнем, каб тыя павылоўлівалі ўсіх скакуноў з сяньнікоў.
Потым да іх увапхнулі яфрэйтара Пэрэўтку з 13-й маршавай роты, які, калі ўчора пашла па лягеры чутка, што адпраўляюцца на позіцыі, зьнік і раніцою быў знойдзены патрулём у Бруку «У Белай ружы». Ён апраўдваўся тым, што хацеў перад ад‘ездам паглядзець славутую гуту графа Гараха ў Бруку. Ідучы назад ён заблудзіў і толькі раніцою зусім змардованы, дайшоў да «Белай ружы». (А ў той час ён спаў з Розачкаю з «Белай ружы»).
Сітуацыя засталася паранейшаму нявысьветленай. Будзе полк адпраўлены ці не? Швэйк па тэлефоне выслухаў у канцылярыі 11-й маршавай роты самыя рознастайныя думкі: пэсымістычныя і оптымістычныя. 12-я маршавая рота тэлефонавала, што нібы нехта з канцылярыі чуў, што раней будуць адбывацца практыкаваньні ў стральбе па рухомай мішэні і што толькі пасьля гэтага полк кранецца ў дарогу. Гэтага оптымістычнага погляду не падзяляла 13-я маршавая рота, якая тэлефонавала, што толькі што з гораду вярнуўся капрал Гаўлік, які чуў ад аднаго чыгуначнага служачага, што вагоны пададзены ўжо на станцыю.
Ванэк са злосьцю вырваў з рук у Швэйка трубку і закрычаў, што чыгуначнікі ні храна ня ведаюць і што ён сам толькі што прышоў з палкавой канцылярыі.
Швэйк самаахвярна заставаўся на сваёй варце пры тэлефоне і на запытаньні: «Якія навіны?» — адказваў, што яшчэ нічога пэўнага няма.
Так ён адказаў і на запытаньне паручніка Лукаша.
— Якія ў вас навіны?
— Яшчэ нічога пэўнага няма, пан обэр-лейтэнант, — стэрэотыпна адказаў Швэйк.
— Асёл! Павесьце трубку.
Потым прышло некалькі тэлефонограм, якія пасьля доўгіх перапытваньняў Швэйк прыняў.
У першую чаргу тая, якая не магла быць прадыктавана яму яшчэ ноччу праз тое, што ён не павесіў трубкі і спаў. Тэлефонограма гэта была пра сьпіс тых, якія зрабілі і якія не зрабілі супроцьтыфуснай прышчэпкі.
Потым Швэйк прыняў запозьненую тэлефонограму пра консэрвы. Пытаньне гэта было высьветлена ўжо ўчора.
Потым тэлефонограма ўсім батальёнам, ротам і часьцям палка:
«Адбітак тэлефонограмы брыгады № 75692. Загад № 172 па брыгадзе.
Пры справаздачнасьці пра гаспадарку палявых кухань трэба пры пералічэньні патрэбных продуктаў прытрымлівацца наступнага парадку: 1 — мяса, 2 — консэрвы, 3 — сьвежая гародніна, 4 — сушаная гародніна, 5 — рыс, 6 — манныя крупы, 8 — бульба, замест ранейшага парадку: 4 — сушаная гародніна, 6 — сырая гародніна».
Калі Швэйк прачытаў усё гэта палкавому пісару, Ванэк урачыста сказаў, што такія тэлефонограмы кідаюць у капанір.
— Гэта прыдумаў нейкі асталоп з штабу арміі, а потым гэта расходзіцца па ўсіх дывізіях, брыгадах і палкох.
Швэйк прыняў яшчэ тэлефонограму, якая была так шпарка прадыктавана, што Швэйк пасьпеў запісаць у сшытку нешта накшталт шыфру:
«З прычыны дакладней дазваляецца ці самастойна наадварот ва ўсіх выпадках падлягае звароту».
— Усё гэта лішняе, — сказаў Ванэк пасьля таго, як Швэйк страшэнна быў зьдзіўлены тым, што ён напісаў і тройчы ўслых прачытаў усё гэта. — Адно глупства, хоць, — чорт іх ведае! — можа гэта шыфрованая тэлефонограма. У нас няма ў роце шыфравальнага аддзяленьня. Гэта таксама можна выкінуць.
— Я тое самае думаю, — сказаў Швэйк, — Калі-б я абвясьціў пану обэр-лейтэнанту, што ён дакладней дазваляецца ці самастойней ва ўсіх выпадках падлягае звароту, то ён-бы пакрыўдзіўся на гэта.
— Некаторыя бываюць, скажу я вам, такія ўразьлівыя, што проста жах! — гаварыў ;далей Шнэйк, ахоплены сваімі ўспамінамі. — Ехаў я раз на трамваі з Высачан у Прагу, а ў Лібне падсеў да нас нейкі пан Новотны. Як толькі я яго пазнаў, дьтк пашоў да яго на пляцоўку і стаў з ім загаворваць, што мы землякі, абодва з Дражова. Ён на мяне зарычаў, каб я да яго не чапіўся, што ён незнаёмы са мною і ня ведае мяне. Я стаў яму тлумачыць, каб ён прыпомніў, што я яшчэ маленькім хлопчыкам хадзіў да яго з маткаю, якую звалі Антонія, бацьку-ж звалі Пракоп, і быў ён прадаўцом. Ён і пасьля гэтага не хацеў прызнавацца, што мы знаёмы. Дык я яму прыпамянуў, каб давесьці яшчэ больш інтымныя падрабязнасьці, што ў Дражове было два Новотных — Тонда і Іосіф, і ён якраз той самы Іосіф, пра якога мне пісалі, што ён застрэліў сваю жонку, што яна ўпікнула яго за п‘янства. Але ён тут размахнуўся, а я ўхіліўся, і ён разьбіў шкло на пярэдняй пляцоўцы, вялікае, перад вагонаважатым. Ну, нас высадзілі і завялі, а ў камісарыяце высьветлілася, што ён таму такі ўразьлівы, што звалі яго зусім ня Іосіф Новотны, а Эдуард Дубрава, і быў ён з Монтгомэры ў Амэрыцы, а сюды прыехаў наведаць сваякоў[100].
100
Шмат чэхаў эмігравала ў Амэрыку. У гэтых амэрыканскіх чэхаў моцна разьвіта пачуцьцё нацыянальнай самабытнасьці, і яны час-ад-часу прыяжджаюць на сваю бацькаўшчыну.