Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Камандзiроўка ў Вішанькі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Камандзiроўка ў Вішанькі

Электронная книга - «Камандзiроўка ў Вішанькі». Краткое содержание книги:

У кнігу «Камандзіроўка ў Вішанькі» пісьменнік Мікола Гіль уключыў лепшыя апавяданні і аповесці з сваіх зборнікаў: «Ранішнія сны» (1973), «Тацянін чэрвень» (1978) і «Пуд жыта» (1982). У цэнтры ўвагі аўтара — людзі, іх жыццё, клопаты, радасці і цяжкасці, праблема ўзаемаадносін бацькоў і дзяцей, выхаванне моладзі, маральна-этычныя канфлікты, якія ўзнікаюць на стыку горада і вёскі. Многія творы падкупляюць сваёй жыццёвай праўдай.
1 ... 82 83 84 85 86 87 88 89 90 ... 139
Перейти на страницу:

Сядзеў Яська за сталом на лаве, спінаю да сцяны. А па другі бок газоўкі, за другім канцом стала, сядзелі адзін насупраць другога бацька і дзед Волесь. Сядзелі і маўчалі. Перад гэтым яны выпілі па чарцы самасейкі (пляшку ў кішэні паддзёўкі прынёс дзед Волесь, тым пасляваенным часам гналі тую атруту многія і пілі, на жаль, таксама многія), прыкусілі агурком са скарынкаю ад ранішняга праснака, а цяпер дымілі цыгаркамі і маўчалі.

Яськаў бацька і дзед Волесь у Альхоўцы — начальства. Першы — старшыня сельсавета, другі — старшыня калгаса, які носіць імя «Іскра». «Іскрай» калгас называўся і да вайны, «Іскрай» стаў і летась, калі яго аднавілі адразу ж пасля прыходу нашых. Яська доўга не мог дацяміць, чаму калгасу далі такое дзіўнае імя. Падумаеш — іскры! Яська, як і іншыя хлопцы, заве іх яшчэ і цыганскімі блохамі. Калі запаляць касцёр на аселіцы, пасучы кароў, і калі раптам: хто-небудзь падварушыць кіем галавешкі, дык высока ў неба ўзлятаюць тысячы іскраў, а пасля ціха падаюць долу лёгкімі і цёплымі ашлепачкамі-папяляшкамі. Трапляючы па твар, на рукі і плечы, яны пакідаюць на целе чорненькія плямкі-крапінкі — як усё адно блохі абселі... А тут раптам — імя калгасу! Ажно пасля неяк бацька растлумачыў Яську, што да чаго, і ў слове тым — «Іскра» — нечакана адкрыўся яму глыбокі, нават нейкі патаемны сэнс: як бы яно, гэтае слова, не проста жыло ў альхоўцаў само па сабе, а прыйшло ад самога Леніна і таму стала назваю іхняга калгаса, у якім старшынюе дзед Волесь.

Да Яськавага бацькі дзед Волесь прыходзіць часта. То ўранку, нацямочку, калі Яська яшчэ спіць, то, часцей, вечарам — звычайна позна, калі Яська з малой Зойкай, павячэраўшы, лягалі спаць, а маці з бацькам тупалі яшчэ, дарабляючы што-кольвечы, на што не выстачыла дня. Жыў дзед Волесь непадалёк ад іх — праз дзве хаты, даводзіўся нават далёкай раднёй: жонка дзеда Волеся баба Альжбета была стрыечнай цёткай для Яськавай маці. Заходзіў дзед Волесь у іхнюю хату без стуку, як у сваю, сцягваў з галавы аблезлую, пашытую з чорнай аўчыны аблавушку, вешаў яе на цвік у сцяне пры парозе, расшпільваў паддзёўку з такім жа аблезлым аўчынным каўняром, аднак з плячэй яе ніколі не скідаў, моўчкі праходзіў да стала і сядаў ці на лаву, калі на ёй нічога не было, ці на табурэтку. Сядаў, даставаў капшук, круціў цыгарку, прыпальваў ад газоўкі, сяды-тады гасячы яе, і маўчаў, пыхкаючы на хату дымам. Каторы раз і з хаты пойдзе, вось так папыхкаўшы дымам, пакашляўшы і не вымавіўшы ні слова. Маці ў такіх відпадках не стрывае, на бацьку накінецца: «І чаго, каб хто спытаў, прыходзіў? Ці твайго смуроду ў хаце не досыць?» Яська таксама здзіўляўся: чаго? А бацька памяркоўна адзавецца: «Трэба было спытаць у яго...»

Аднак дзед Волесь бываў і інакшым. Часам на яго, як казала маці, быццам находзіла нешта. Адразу ні, яшчэ з парога, напусціцца на бацьку з якім-небудзь пытаннем.

Памятае Яська, як аднаго разу, здзёршы з галавы аблавушку і чапляючы яе на цвік, дзед Волесь нечакана спытаў: «Скажы мне, Сцяпан, чаму гэта Сталін разумна пачынае, а хранова канчае?» Яська тады адарваўся ад кніжкі і натапырыў вушы: чуць такое пра Сталіна ці даводзілася калі?! Звар'яцеў дзед Волесь, не іначай! І маці, заўважыў Яська, наструнілася, прыпыніла рукою калаўрот, утаропілася на бацьку. А бацька якраз дымам папярхнуўся, зайшоўся ў кашлі. Доўга адкашліваўся і маўчаў. Пасля, як дзед Волесь, расшпіліўшы паддзёўку, усеўся на сваім месцы на лаве, бацька спакойна, быццам абыякава, спытаў: «Чым гэта Сталін табе не ўгадзіў?» Дзед Волесь хмыкнуў у вусы: «Ыгы, мне... Як і табе... Чаго гэта ён, кажу, пусціў іх у Бярлін? Ваякі мне знайшліся! Ну, яшчэ амерыканцы — няхай, дык — і ангельцы туды ж... А дзе яны раней былі?» Бацька сказаў: «Мусіць, так трэба, Волесь. Саюзнікі ж...» Дзед Волесь зноў хмыкнуў: «Саюзнікі, вошы іх заядуць! Не-е, Сцяпан, не кажы! Калі ўжо дайшлі туды, дык трэба было да канца... Усю Германію прайсці, каб гіцлева семя на свет ніколі не выбілася! Хто б нашых астанавіў бы? Ніхто! І амерыканцы не пікнулі б! А іх — у Бярлін...» Дзед Волесь ажно, здаецца, стаміўся, столькі сказаўшы. Змоўк, а Яська яшчэ ўсё ў рот яму глядзеў. Бацька згледзеў гэта, прыкрыкнуў: «А тваё якое парасячае дзела? У кніжку глядзі!» А дзеду Волесю сказаў: «А ты таксама не будзь дзіцем! Абы-чаго не кажы! Сталін табе трэба!.. Клопату іншага няма!..» Дзед Волесь паківаў галавой, папыхкаў дымам, але больш не азваўся, пасядзеў і пайшоў...

1 ... 82 83 84 85 86 87 88 89 90 ... 139
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)