Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Научная фантастика » Населены востраў
Населены востраў - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Населены востраў

Электронная книга - «Населены востраў». Краткое содержание книги:

«Населены востраў» (рас. Обитаемый остров, 1967) — фантастычная аповесьць братоў А. і Б. Стругацкіх. Кніга распавядае пра маладога шукальніка прыгодаў зь Зямлі далёкай будучыні Максіма Камэрэра, які выпадкова патрапляе на плянэту Саракш, дзе 20 гадоў таму адбылася сусьветная ядзерная вайна і ўсталяваўся жорсткі антыўтапічны дзяржаўны лад.
З-за патрабаваньняў савецкай цэнзуры аўтары былі вымушаныя ўнесьці ў тэкст кнігі шмат істотных зьменаў, таму першая публікацыя сур’ёзна адрозьнівалася ад рукапісу. У 1991 годзе пісьменьнікі выдалі аўтарскі, некрануты цэнзурай варыянт, па якім і рабіўся гэты пераклад.
У 2008 годзе выйшла экранізацыя кнігі, пастаўленая расейскім рэжысёрам Фёдарам Бандарчуком.
1 ... 82 83 84 85 86 87 88 89 90 ... 144
Перейти на страницу:

Вяпрук і Зэф пераглянуліся.

— Не разумею, — сказаў Вяпрук.

— Я маю на ўвазе вось што. Ёсьць тут які-небудзь народ, дзе знойдзецца хаця б некалькі тысяч такіх, як я?

— Наўрад ці, — сказаў Зэф. — Хіба што ў гэтых... у мутантаў. Масаракш, ты не крыўдуй, Мак, але ж ты — відавочны мутант... Шчасьлівая мутацыя, адзін шанец на мільён...

— Я не крыўдую, — сказаў Максім. — Значыць, мутанты... Гэта там, далей на поўдзень?

— Так, — сказаў Вяпрук. Ён пільна глядзеў на Максіма.

— А што там, уласна, на поўдні? — спытаў Максім.

— Лес, потым пустыня... — адказаў Вяпрук.

— І мутанты?

— Так. Напаўзьвяры. Звар’яцелыя дзікуны... Слухайце, Мак, кіньце вы гэта.

— Вы іх калі-небудзь бачылі?

— Я бачыў толькі мёртвых, — сказаў Вяпрук. — Іх часам ловяць у лясах, а потым вешаюць перад баракамі для ўзьняцьця духу.

— А за што?

— За шыю! — раўнуў Зэф. — Дурань! Гэта зьвяр’ё! Яны невылечныя, і яны небясьпечнейшыя за любога зьвера! Я ж іх пабачыў, а ты такога і ў сьне ня бачыў...

— А навошта туды цягнуць вежы? — спытаў Максім. — Хочуць іх прыручыць?

— Кіньце, Мак, — зноў сказаў Вяпрук. — Гэта безнадзейна. Яны нас ненавідзяць... А зрэшты, рабіце, як хочаце. Мы нікога не трымаем.

Запанавала маўчаньне. Потым удалечыні, у іх за сьпіной, пачуліся знаёмыя лясканьне і рык. Зэф прыўзьняўся.

— Танк... — сказаў ён раздумліва. — Пайсьці яго забіць?... Гэта недалёка, васямнаццаты квадрат... Не, заўтра.

Максім раптам рашыўся:

— Я ім займуся. Ідзіце, я вас даганю.

Зэф з сумневам паглядзеў на яго.

— Ці здолееш? — сказаў ён. — Падарвешся яшчэ...

— Мак, — сказаў аднарукі. — Падумайце!

Зэф усё глядзеў на Максіма, а потым раптам выскаліўся.

— Ах вось нашто табе танк! — сказаў ён. — Хітрун, хлопец. Не-е, мяне не падманеш. Добра, ідзі, вячэру я табе зьберагу, адумаешся — прыходзь жэрці... Ды май на ўвазе, што многія самаходкі замінаваныя, капайся там асьцярожней... Пайшлі, Вяпрук. Ён дагоніць.

Вяпрук хацеў яшчэ нешта сказаць, але Максім ужо падняўся і крочыў да прасекі. Ён больш не хацеў размоваў. Ён ішоў хутка, не паварочваючыся, трымаючы гранатамёт пад пахай. Цяпер, калі ён прыняў рашэньне, зрабілася нібы лягчэй, і посьпех задуманай справы залежаў толькі ад ягонага ўменьня і ад ягонага спрыту.

14

Пад раніцу Максім вывеў танк на шашу і разьвярнуў носам на поўдзень. Можна было ехаць, але ён вылез з адсеку кіраваньня, саскочыў на зламаны бэтон і прысеў на краі кювэту, выціраючы травой запэцканыя рукі. Іржавая веліч мірна клекатала побач, утаропіўшы ў мутнае неба вострую верхавіну ракеты.

Ён прапрацаваў усю ноч, але стомленасьці не адчуваў. Абарыгены будавалі трывала, машына аказалася ў нядрэнным стане. Ніякіх мінаў, вядома, не знайшлося, а ручное кіраваньне, наадварот, было. Калі хто-небудзь і падрываўся на такіх машынах, то гэта магло адбыцца толькі з-за зношанасьці катла, альбо ад поўнага тэхнічнага невуцтва. Кацёл, праўда, даваў ня больш за дваццаць адсоткаў нармальнай магутнасьці, і была парадкам патрапаная хадавая частка, але Максім быў задаволены — учора ён не спадзяваўся і на гэта.

Было каля шасьці гадзін раніцы, зусім разьвіднелася. Звычайна ў гэты час выхаванцаў строілі ў клятчастыя калёны, сьпехам кармілі і выганялі на работы. Адсутнасьць Максіма была, вядома, ужо заўважаная, і цалкам магчыма, што цяпер ён лічыўся ў бягах і быў прыгавораны, а можа быць Зэф прыдумаў якое-небудзь тлумачэньне — падвярнулася нага, паранены ці яшчэ што-небудзь.

У лесе стала ціха. «Сабакі», што пераклікаліся ўсю ноч, уціхамірыліся, сышлі, напэўна, у падзямельле і хіхікаюць там, паціраючы лапы, згадваючы, як напалохалі ўчора двухногіх... Гэтымі «сабакамі» трэба будзе потым ґрунтоўна заняцца, але цяпер давядзецца пакінуць іх у тыле. Цікава, успрымаюць яны выпраменьваньне ці не? Дзіўныя істоты... Уночы, пакуль ён корпаўся ў рухавіку, двое ўвесь час тырчалі за кустамі, ціхенька назіраючы за ім, а потым прыйшоў трэці і залез на дрэва, каб лепш бачыць. Максім, высунуўшыся зь люка, памахаў яму рукой, а потым, дзеля гарэзлівасці, паўтарыў як мог тое чатырохскладовае слова, якое ўчора скандаваў хор. Той, што быў на дрэве, страшна раззлаваўся, зазіхацеў вачыма, надзьмуў шэрсьць па ўсім целе і пачаў выкрыкваць нейкія гартанныя абразы. Двое ў кустах былі, відавочна, гэтым шакаваныя, таму што неадкладна сышлі і больш не вярталіся. А лаяльнік яшчэ доўга ня злазіў і ўсё ніяк ня мог супакоіцца: шыпеў, пляваўся, рабіў выгляд, што хоча напасьці, і выскаляў белыя рэдкія іклы. Выбраўся ён толькі пад раніцу, зразумеўшы, што Максім не зьбіраецца ўступаць зь ім у сумленную бойку... Наўрад ці яны разумныя ў чалавечым сэнсе, але істоты забаўныя і, верагодна, уяўляюць сабой нейкую арганізаваную сілу, калі здолелі выжыць з Крэпасьці ваенны гарнізон на чале з прынцам-герцагам... Да чаго ж у іх тут мала інфармацыі, адны чуткі і легенды... Добра было б памыцца зараз, увесь заквэцаўся ў іржы, ды і кацёл падцякае, скура гарыць ад радыяцыі. Калі Зэф і аднарукі пагодзяцца ехаць, трэба будзе засланіць кацёл трыма-чатырма плітамі, абадраць браню з бартоў...

1 ... 82 83 84 85 86 87 88 89 90 ... 144
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)