Дом без гаспадара
- Автор: Бёлль Генрих
- Год: 1996
- Язык: белорусский
- Год: Беларусь
- ISBN: 985-01-0190-3
- Переводчик: Л. Р. Законнікава
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Дом без гаспадара». Краткое содержание книги:
Альберт наліў кілішак і вырашыў скарыцца сваёй долі. Хлопчыка ўсё яшчэ не было,— гэта трывожыла яго. Бразготу непакоіцца няма чаго. Мужчыны такога складу заўсёды падабаліся Нэлі: «разумны і мужны твар», нядбайна апрануты. Праўда, цяпер непадыходзячы момант, але трэба думаць, настрой у яе хутка зменіцца. На Нэлу часам находзіла. Штогод на пэўны час яна захаплялася зносінамі з разумнымі і адукаванымі манахамі, падоўгу гутарыла з імі пра рэлігію. Гэтыя гутаркі, чаруючыя і пачуццёвыя, праходзілі звычайна ў вялікім светлым пакоі ля каміна за бутэлькай добрага віна, да якога падаваліся асаблівыя гатункі пячэння. Добрыя карціны сучасных мастакоў стваралі неабходны фон. Нэла цешылася кампаніяй прыгажуноў манахаў з палаючымі вачыма. У параўнанні з усімі іншымі манахі мелі адну перавагу. У сваіх сутанах яны выглядалі нашмат разумнейшымі і значнымі, чым былі на самай справе.
Альберт усміхнуўся. Ён падумаў пра тое, што ён вельмі прывязаны да Нэлы і з радасцю чакае яе вяртання.
— Добра табе ўсміхацца,— пачуўся ад акна голас Бразгота,— а я месца сабе не знаходжу. Я, мабыць, пагадзіўся б з роляй безнадзейна закаханага, калі б не сустрэў яе сёння раніцай...
— Ты бачыў, як яна ад’язджала?
— Так, з адным тыпам, якога я не выношу. Я ўзненавідзеў яго яшчэ да таго, як сустрэў іх разам.
— Хто ён? — машынальна запытаў Альберт, адчуваючы, што Бразгот не можа абысціся без суразмоўніка.
— Гэта нейкі Гезелер,— са злосцю сказаў Бразгот.— Ты яго ведаеш?
— He.
Раней адно гэтае імя выклікала ў Альберта лютую нянавісць. Але цяпер ён толькі ўздрыгнуў... Яму раптам зрабілася зразумелым, на што намякала Нэла, калі гаварыла пра «задуманую справу».
— He, ты ўсё ж ведаеш яго,— сказаў Бразгот і зноў падышоў да стала.
Па ягоным твары Альберт зразумеў, як выглядаў ён сам, калі пачуў імя Гезелера.
— He зусім так. У свой час я ведаў аднаго Гезелера — жудасная свалата.
— У тым, што ён свалата, у мяне няма сумнення,— сказаў Бразгот.
— Чым ён займаецца? — спытаў Альберт.
— Нейкая скаціна з католікаў. Прамышляе ў галіне культуры. Вось ужо тры тыдні, як ён працуе ў рэдакцыі «Весніка».
— Дзякуй за камплімент,— сказаў Альберт,— я, між іншым, таксама католік.
— Вельмі шкадую,— сказаў Бразгот,— я хацеў сказаць, цябе шкадую, канешне. Свае словы я назад не бяру. Так ці іначай — ён скаціна. А той Гезелер, якога ты ведаў, што ён табе зрабіў?
Альберт устаў. Яны памяняліся ролямі. Зараз ужо Альберту, які спыніўся каля акна, трэба было іграць ролю бадзягі або абаяльнага героя, што, не губляючы вытрымкі, збіраецца адкрыць душу. Заставалася толькі зняць яго буйным планам.
Зрэшты, Альберт сапраўды спачуваў Бразготу, які меланхалічна корпаўся запалкай у зубах, але думка пра хлопчыка, які усё яшчэ не вяртаўся, не пакідала яго ў спакоі. Для яго было пакутай зноў расказваць гэту гісторыю, столькі разоў ужо расказаную. Яму здавалася, што ад частага паўтарэння яна сцерлася, вынасілася да непазнавальнасці. Ён расказваў яе маці Нэлы, самой Нэлі, а ў першыя гады пасля вайны і маленькаму Марціну. Але апошнім часам хлопчык чамусьці не прасіў яго пра гэта.
— Ну, выкладвай,— сказаў Бразгот.
— Забіты муж Нэлы на сумленні таго Гезелера, якога я ведаў. Ён забіў яго самым законным спосабам, на фронце, так што нельга прыдрацца: паслаў яго на смерць. Раней я з лёгкай душой гаварыў: «Забіў» — цяпер я проста не магу падабраць іншае слова. Але які сэнс расказваць табе ўсё гэта? Мы ж не ўпэўнены ў тым, што гэта той жа Гезелер.
— Не міне і гадзіны, як мы даведаемся пра гэта: у суботнім нумары «Весніка» змешчаны ягоны фотаздымак. Не надта ўжо многа на свеце свалаты з прозвішчам Гезелер.
— Ды табе-то што ён зрабіў?
— Ах ты, Божа,— нічога,— саркастычна ўсміхнуўся Бразгот.— Хіба такія што зробяць?
— Ты ўпэўнены, што яна паехала з гэтым Гезелерам?
— Я бачыў, як яны садзіліся ў машыну.
— Як ён выглядае?
— Да чаго гэта? Я ж табе кажу: варта толькі пазваніць, і праз гадзіну газета з ягоным фотаздымкам будзе ў нас на стале.
Альберт баяўся, што гэта будзе той самы Гезелер. Ён адмоўна пахітаў галавой, але Бразгот ужо набіраў нумар. Альберт зняў адводную трубку і, пачуўшы далёкі голас: «Суботні вечар» слухае», адразу зразумеў, што адказала дзяўчына, якая стаяла каля люстэрка. Але тут жа ён пачуў фразу, прамоўленую голасам другой тэлефаністкі: «Ты мела рацыю: пудынг — брыдота!»
— Вы што, як мае быць уключыць не можаце? — раз’юшыўся Бразгот.— Я чую ўсё, што гавораць у вас на камутатары.