Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Хрыстос прызямліўся ў Гародні
Хрыстос прызямліўся ў Гародні - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Хрыстос прызямліўся ў Гародні

Электронная книга - «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Краткое содержание книги:

Хрыстос прызямліўся ў Гародні
1 ... 80 81 82 83 84 85 86 87 88 ... 109
Перейти на страницу:

— У цямніцах сядзеў, мяне ранілі, я сто разоў быў пры смерці.

Пальцы схапілі дамініканца за патыліцу сталёвай хваткай, няўхільна павярнулі тварам да акна, да агнёў.

— Мяне хвасталі, як іх, таму кожны ўдар па іхняй спіне гарыць цяпер на маёй. Мірыяды ўдараў кіямі, бізуном, каменнямі. Я валачыўся, блукаў, як Паўла і як яны. Разбойнікі на мяне нападалі і свае браты. Я галадаў іхнім голадам, і прагнуў, і мёрз, і памыляўся, і грашыў, і свят быў. Але я нікому яшчэ не здрадзіў на гэтай зямлі. І не збіраюся. Я не хачу быць ні з кім, акрамя гэтага народа, цяпер навекі майго. Я заслужыў гэтае права… Я гэта ўсё за іх… І калі яны — народ, то я — таксама. Вось апошняе маё слова.

Плоскія, трохі ў зелень, бы ў яшчаркі, вочы нібы згаснулі. Дамініканец устаў.

— Глядзі. Заўтра яшчэ можаш перадумаць. А паслязаўтра загаворыць сталь.

— Хай, — адрывіста кінуў Хрыстос. — Калі модлы не пераконваюць — хай гаворыць яна.

Бразнулі дзверы. Чорная постаць павольна праплыла пад акном, загасіўшы на хвіліну агні. А пасля яны заззялі нібы яшчэ ярчэй.

РАЗДЗЕЛ ХL НАГОРНАЯ КАЗАНЬ

Калі на зямлю лінуць патокі гора,Кожны — прарок, хто людзям плытпаратунку падгоніць,Плыт паратунку і праўды.

Гімны Рыг Веды

І перад апошняй той ноччу павольна ўсходзіў народ на Чырвоную гару, што пад самай Гародняй. Цягнулі пару канонаў, захопленых дарогай, стомлена плыла людская плынь.

Гара ўсё больш шчацінілася віламі, цапамі і дзідамі. Дзесяткі і сотні знаходзілі сабе месца. Але большасць не спяшалася з гэтым.

Сядала сонца. У апошніх праменнях ягоных зіхацеў далёка вялікі горад, мэта паходу.

Горад ляжаў спакойна і мірна, нібы не ведаў, што глядзяць на яго тысячы вачэй. З усімі сваімі чатырохкутнымі і круглымі вежамі, з дзесяткамі вуліц і завулкаў, з вуліцай Стрыхалёў і Мечнай, Утэрфінавай і Абадранага Бабра, з выселкамі, тупікамі і слабодамі, са шпілямі храмаў і свінцовым дахам замка, з далёкім Нёманам, з ценем і святлом і страшнай Зітхальняй, якую было не відаць адсюль.

Сілуэты вежаў. Іскры вокан. Усё гэта было так мірна, так нагадвала нейкія іншыя гарады, дзе нікога не забіваюць, дзе гучаць арфы і гуляюць вясёлыя людзі, дзе нават муры — проста павага да часоў, якія неймаверна даўно адышлі ў нябыт, што Братчык на хвіліну да болю пашкадаваў гэты спакой. Добры, ціхі горад. Ён нагадваў… Што ён нагадваў?… А тое, што нагадвала і ўся гэтая зямля: скажоны, перакручаны, няўмелы, чарнавы малюнак чагосьці сапраўднага.

У гэтым горадзе былі сутарэнні, велля, бессаромныя людзі. Зітхальня, якой не было відаць адсюль. Каб ён мог, ён бы знішчыў усё гэта на твары зямным і пакінуў толькі там, дзе наблізіліся да дасканаласці: Каложу, Фарны касцёл, яшчэ некалькі веж, будынкаў, храмаў. Усё астатняе не варта існавання. Палацы з каменнага гною.

І ўсё ж ён ведаў: ён ідзе на небывалае, неўласцівае такім людзям, як ён. Ні ў якім разе нельга было запляміць рукі. Ніхто не даведаецца, не асудзіць, але нельга. Ён помніў вочы людзей. Вочы, вочы, вочы.

…У гэты момант з гаю, што ў баку ад брамы, вылецела сотні дзве коннікаў і памчала, нібы з апошніх сіл, нібы ў безнадзейную атаку, сотні дзве чалавек.

Ляцелі адным імклівым клінам, адным кулаком.

Сівавусы крэкнуў, падаў знак. Хаця было і далекавата яшчэ, людзі нацягнулі лукі з рагоў. Малады стараўся асабліва, хацеў паказаць сябе: адцягнуў цеціву ледзь не да вуха, шукаў вачыма мэту. Страшэнна хацеў удала стрэліць далей за ўсіх.

— Стой! — залямантаваў раптам Іуда. — Дзе вы носіце свае вочы, дзе?! Халера вам у бок, ліхаманка вам у галаву!

Нацягваць так цеціву не варта было. І волат не здолеў бы пасля страшэннай напругі турыных рагоў асцярожна вярнуць яе ў ненацягнуты стан.

Нешта ценькнула. Усе з жахам глядзелі, хто на маладога, хто на конніка. Малады абамлеў; мядзведзем зараўла сярод імклівага шалёнага кліна дуда.

Чалавек з чорнымі рукамі каваля, даўжэзны боўдзіла, жоўты, у пшанічны колас, падскочыў у сядле…

…Спаймаў слабую — пры канцы лёту — стралу. Усе войкнулі.

Пошчак капытоў нарастаў. Кавалькада падляцела пад адхон, пачала спешвацца. Толькі боўдзіла са стралой конна ўзляцеў на стромы адхон, шукаў шалёнымі ястрабінымі вачыма.

— Гэта хто стрэліў? Га? Хто?! — Ён быў страшны.

Маўчанне.

— Я, — урэшце прызнаўся малады.

— Малайчына, — сказаў Кірык Вястун. — Далёка страляеш.

Пакаціўся рогат. Кірык злез з каня:

— Здароў, Хрыстос, не забыў?

— Кірык Вястун… Кляонік з Разьбярнага Кута… Марка Турай…

— Памятаеш, — засмяяўся чарцяка Вястун. — Ну, давай пацалуемся… Здароў, апосталы… Гізунты адрасціў ты сабе, Фама, на апостальскім хлебе… А-а, здароў, брат Іуда. Як, здрадзіць яшчэ не збіраешся?

— Дзякуй, — сказаў Раввуні, — сабе даражэй. Адзін ужо аднойчы паспрабаваў, і нельга сказаць, каб гэта было асабліва весела для астатніх. А я вось дарма гэтым хлопцам крыкнуў… папярэдзіў.

— Ну добра, добра, давай пацалуемся, ці што… Слухай, Хрыстос, вось табе і падмога небальшэнькая. Мы былі ўцяклі, а пасля ў гай вярнуліся, сачыць. Ты сцеражыся, не лезь, як галавою ў печку. Войска з вартаю будзе даваць бой. Сядзяць унь там, у правым гаі і ў лагчыне, і там. Заўтра выйдуць строем на Воласава поле. У цябе людзей колькі?

— Тысяч каля дзесяці, каб яны здаровы былі, — сказаў Хрыстос.

— Ну, а іх з вартай войта тры з невялікім. Лічы, удвая больш. Цяжкая конніца, латы, каноны.

Усе змоўклі. Адчулі смяротны цяжар заўтрашняй працы.

— Значыцца, спачатку трэба не дапусціць да сябе, — сказаў Фама. — З прашчаў біць.

— Таксама мне яшчэ Давід, — сказаў Іуда з іроніяй.

— Ты што ведаеш? — раззлаваўся Тумаш на тое, што нехта засумняваўся ў ягоных ваенных здольнасцях. — Навучыся спярша меч трымаць!

— Не ўмею, — сказаў Раввуні. — Але ўсё адно. Ты заўтра пойдзеш на двабой. Я з кімсьці — дражніць іх. Кожны робіць, што можа.

— Не пойдзеш ты, — сказаў Хрыстос.

— Пайду, — упарта сказаў Раввуні. — Калі не мячом, то трэба ж нечым. Я не ўмею мячом. Ніхто з дзяцінства не практыкаваў маіх рук. Усе практыкавалі галаву. Праўдзівей, сушылі яе. Калі ў мяне ёсць сякі-такі розум — гэта не «дзякуючы», а «насупор». У дзяцінстве я зрабіў быў прашчу і кідаў. Доўга кідаў… У нас, дзяцей, амаль не было вольнага часу пры дзённым святле. Але я навучыўся добра, някепска кідаць. Пасля мяне страшэнна адхвасталі за тое, што кідаў, а не вучыў модлы. А цяпер і прашчы няма.

Памаўчаў і сказаў яшчэ:

— Дый не хачу.

Братчык глядзеў на яго. Гэты кволы і ўчэпісты чалавек цікавіў яго і няўлоўна, несвоечасова на гэтай паганай цвердзі, нагадваў нешта добрае, што павінна на ёй быць і чаму, аднак, не прыйшоў час.

Таму ён падлягаў смерці, як некаторыя яшчэ, не дужа шматлікія, якіх ён сустракаў. Як ён сам, Юрась, але гэта ўжо справа іншая.

Задураны, з тысяччу недахопаў, слабы, непрыдатны да навакольнага жыцця, безабаронны перад сілай да таго, што аж злосць брала і хацелася даць яму па шыі, ён усё ж быў бязмерна лепшы за многіх. Прынамсі, не стаў бы гарлаць:

— Лаўжоў! Лаўжоў у агонь!

Ён быў — у самым галоўным — падобны на велічэзную частку гэтых людзей у белым, што стаялі пад гарою і што можна было назваць словамі: няздатнасць да гвалту. А гэта заўсёды выклікае некаторую безабароннасць перад гвалтам чужых. У, як гэтым будуць яшчэ карыстацца ўсе, каму не лень! Аслападобныя шамоэлы, лотры, басяцкія, патрыярхі, папы, жыкгімонты, іншая навалач! Нічога, галоўнае вытрымаць. Калі гэтыя белыя, калі Раввуні, калі Фама, калі ўсе, падобныя ім, не вымруць — прыйдзе час, калі больш за ўсё на свеце будуць патрэбны яны. Чужога гвалту не будзе. І будуць страшэнна патрэбныя тыя, хто шмат выцерпеў, але ніколі без крайніх абставін, без смяротнай небяспекі не запэцкаў бессаромным гвалтам сваіх рук.

Гэта добра, што ўсе вылюдкі адразу трапляюць у кардыналы. Чысцей будзе непарушная. Сутнасць.

І Юрась асабліва мякка спытаў у Іуды:

— Чаму ты думаеш, што не трэба спачатку прашчнікаў?

— Гэта ж ясна. Напасці адразу, не даць вылезці з гэтай лагчыны, што бліжэй да муроў.

І тут Хрыстос зразумеў: дажджы.

— Правільна! Праўду сказаў ён! Яны ў латах, яны цяжкія як халера. Дажджы. Пад восень глеба кепска сохне. Там гразка. Для іх. Ну, не зусім, ну, па бабкі коні ўгразаць будуць. І то хлеб. Паспрабуй пазмагайся, пападзі, ухіліся, калі ногі, бы ў мухі на смале.

1 ... 80 81 82 83 84 85 86 87 88 ... 109
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)