Удзячнасць і абавязак [літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі]
- Автор: Гилевич Нил Семёнович
- Год: 1982
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Критика
Электронная книга - «Удзячнасць і абавязак [літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі]». Краткое содержание книги:
Або прыгадаем верш М. Ісакоўскага «Враги сожгли родную хату» — адзін з самых выдатных і самых трагічных твораў аб вайне ва ўсёй савецкай паэзіі.
У чым сіла верша? Што робіць яго выдатным? Безумоўна, глыбіня пранікнення ў трагедыю народа, глыбіня выяўлення смутку і болю мільёнаў простых людзей, жыццё якіх знявечыла вайна, знішчыла іх жытло, адабрала навек сям'ю, усе простыя зямныя чалавечыя радасці. Думаецца, што менавіта вось гэтая тэма вялікага гора народнага не магла б быць раскрыта так глыбока, калі б паэт не ішоў ад фальклорных традыцый, ад народных песень і галашэнняў. Тут фальклорная паэтыка як нельга больш дарэчы — усё тут на сваім месцы: і «широко поле», і «перекресток двух дорог», і «могильная трава», і нават «серый камень гробовой». Думаю, што ў іншым стылі, у духу чыста літаратурных традыцый, гэты вобраз салдата — з яго думамі, з яго горам, з яго мужчынскай слязой — не паўстаў бы ў такой эпічнай велічы, не набыў бы такога маштабнага абагульнення, такога ўсенароднага, нацыянальна-сімвалічнага значэння. Бо калі гаварыць пра мільёны чытачоў, якія прынялі гэты твор да душы і зрабілі яго сваёй песняй, дык трэба ж было ў сэрцах гэтых мільёнаў абудзіць адпаведныя, сугучныя струны — струны, самім жыццём з маленства настроеныя на лад старых народных журботных песень пра вайну, пра разлуку, пра смерць, пра гора чалавечае. Такімі фалькларызаванымі радкамі, якія радзіліся ў душы народнага паэта Ісакоўскага, лягчэй абудзіць, ускалыхнуць эмацыянальную памяць народа аб вайне, аб смерці і пакутах.
Гэтым жа тлумачыцца і незвычайная мастацкая сіла верша А. Куляшова «Ліст з палону» — таксама аднаго з найвыдатнейшых узораў савецкай лірыкі часоў вялікай усенароднай вайны з яе ўсенародным горам і смуткам.