Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II». Краткое содержание книги:
Павольна поўз да Загоршчыны санны паязд. Уладар сямі тысяч сем’яў, што так і не стаў уладаром кожнай трэцяй душы губерні, ехаў у апошнюю дарогу. Вочы, пакуль іх не прыкрыў Юллян Раткевіч, глядзелі ў неба, якога пан Юры сёння не ўсцярог.
Скакалі па мокрым снезе ганцы. Раптоўная адліга, першая вясенняя адліга, насоўвалася на зямлю, таму што аднекуль нацягнула нізкімі цёплымі хмарамі.
Морд! Морд! Морд! – надтрэснута крычалі ў вёсках званы.
Калі паязд пад’ехаў да ганка загоршчынскага палаца, на сходах ужо стаялі Алесь, пані Антаніда і яшчэ некалькі чалавек.
Маці спусцілася да санак і стаяла моўчкі. Алесь баяўся глядзець у яе вочы, бо калі яна ўпершыню зірнула на труп, у гэтых вачах не было гора, а было нейкае прасветлена-здзіўленае неўразуменне.
Кірдун за спіною паніча ледзь чутна сказаў:
Каб мяне ўзялі – не даў бы.
І Алесь падумаў, што Кірдун гэта сказаў замест яго.
Мядзведзь ляжаў на ўсе вялікія сані і даўжэй за іх, страшэнна пляскаты, ляжаў, раскінуўшы лапы.
Як здарылася? – шэптам спытаў Алесь у Раткевіча.
Нервовае аблічча Юлляна перакрывілася.
Што казаць. Няма ўжо нашага пана Юрыя. Паслізнуўся.
Аблічча пана Юрыя было чыстае. Вусны, як ні дзіўна, усміхаліся, нібы хацеў сказаць нешта вясёлае.
Камяк стаяў у глотцы ў Алеся.
Маці стаяла на прыступках, над санямі, і непаразумела глядзела на іх.
Пакрыўдзіўся, любы, – сказала яна. – Я не буду больш. Ездзі сабе...
Потым нешта нібы плесканулася па яе абліччы. Яна пашукала вачыма і ўрэшце ўбачыла Юлляна Раткевіча, што стаяў ля санак з мядзведзем.
Павольна пайшла да яго.
Гэты?
Юллян моўчкі схіліў галаву.
Пляскаты, як калматая чарапаха, мядзведзь знізу глядзеў на жанчыну, нібы падпаўзаў.
У крыўдзе на мяне адышоў, – сказала пані Антаніда.
Вусны маці задрыжалі былі і раптам, упершыню для ўсіх людзей, сталі жорсткія.
ІХ
Пасля пахавання пана Юрыя Алесь хадзіў, як у тумане. Дні і ночы, вечары і раніцы нібы слізгаліся па прытомнасці, не пакідаюсы на ёй аніякіх слядоў.
Ён не ведаў чаму, але не плакаў. Проста часам успамінаў, як бацька сядзеў ля каменя з сярпом і каласамі, як казаў разам з Алесем клятву, як у той сіні дзень, калі запалявалі ваўка, срабрыста трубіў бацькаў рог.
І тады раптам сціскала сэрца, і Алесь хутчэй сядаў, каб не ўпасці на поўны рост. Так гэта моцна было.
Пан Юры не любіў камянёў, цемры, сцен, і таму яго пахавалі проста над Дняпром, у дубовым гаі.
Маці так і не выходзіла са сваіх пакояў, у якіх замкнулася за некалькі дзён перад паляваннем. Вацлаў зноў паехаў у Вільню, а астатніх яна не хацела бачыць.
Ні з кім не размаўляла. Алеся ўвесь час ганяла па гаспадарскіх справах: відаць, не хацела, каб думаў і ўспамінаў. Калі яго не было дома, часам прыходзіла на глеістую магілу, моўчкі сядзела там некалькі хвілін і зноў зачынялася ў пакоях. Два-тры словы часам казала толькі Алесю ды пакаёўцы, і на твары яе, у тыя рэдкія імгненні, калі сын бачыў, была ўсё тая самая нязвыклая жарсткаватая непаразумеласць. Вечарам слухала даклад сына аб справах, але на другім жа сказе губляла цікавасць.
Ідзі. Усё добра.
Гэта, аднак, цягнулася нядоўга, тыдні два. Пералом да лепшага Алесь заўважыў у тым, што матуля раптам загадала змяніць фіранкі ў сваіх пакоях, купіць у Магілёве хваёвай вады, перанесці з гардэробнай некаторыя, найбольш улюбёныя, туалеты. Сказала Алесю, каб пачаў хутчэй ставіць на цукроўні англійскае новае абсталяванне, прывезенае яшчэ панам Юрыем.
Мне трэба быць з табою. З гэтай цукроўняй і дома начаваць не будзеш.
Дурнік, ты ж заўсёды са мною. Мне цяпер лягчэй. Я ўжо амаль спакойная. Буду скора зусім спакойная.
Алесь узяўся за справы на цукроўні і за падрыхтоўку да вясенніх работ. Ён працаваў да знясілення. За гэтыя тыдні, пакуль маці не стала лягчэй, ён афіцыйна засведчыў у Магілёве і пачаў праводзіць у жыццё адмену паншчыны па ўсіх сваіх маёнтках. Маці загадзя згадзілася на ўсё, што ён знойдзе патрэбным зрабіць.
З гэтага часу сем тысяч сем’яў, якія належалі асабіста яму і маці (Вацлаву, як малодшаму, належала толькі некаторая нерухомасць, частка лясоў, дом у Сцюдзёным Яры, дом у Магілёве і адпаведны капітал, роўны прыблізна палове кошту зямлі без вышэйпамянёных дамоў і іншага), замест паншчыны павінны былі плаціць аброк.
На Хаданскіх і іншых гэта зрабіла ўражанне выбуху. Частка магнатаў і дробная шляхта ўхваляла адмену. Але – гэта адбылося пазней – адмяніў за Алесем паншчыну толькі Яраш Раўбіч, дый то, відаць, каб давесці нешта новаму загоршчынскаму гаспадару. Астатнія так касіліся, што пан Адам Выбіцкі і найбольш давераныя з упраўляючых малілі Алеся імем Хрыста не спяшацца.