Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0121-4
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
Страшны вайсковы лёс нечакана і бязлітасна абышоўся з імі ў гэты студзеньскі дзень. Зморанасць і нейкае ўнутранае здранцвенне свінцовым цяжарам напоўнілі цела, яно прагла толькі спакою, а думкі марна таўкліся ў галаве ў пошуках выйсця з тае бяды, у якую іх загнала вайна. Трэба было нешта рабіць, недзе шукаць паратунак.
Валюхаста паводзячы тугімі плячыма, Шчарбак падышоў да гарматы. Гэта была маленькая саракапятка, якой не меней, чым людзям, перапала за сённяшні дзень. У яе сталёвым шчыце свяціліся дзве дзіркі ад буйнакаліберных куль, верх яго быў пашчэрблены нечым, пэўна, вялікім асколкам, на колах засталіся шматкі падранае гумы. Казённік так напёкся ад стрэлаў, што і цяпер яшчэ быў цёплы, і сняжынкі, асядаючы на ім, адразу збіраліся ў кроплі.
Трывожна шархацеў ды рваўся на ветры кукурузны палетак, нядобра каламутнела змрочнае неба — хутка насоўвалася халодная ноч. Нейкі час Шчарбак стаяў між станін, шырока расставіўшы ногі, зацярушаны снегам, у ватоўцы і ссунутай набок шапцы — ладны, камлюкаваты, дужы хлапец. Вядома, яму шкада было гэтай гарматкі, з якой прайшлі яны ад Днястра да Балатона, якая нямала разоў ратавала ім жыццё і памагала пяхоце. Пад Кішынёвам, у часе прарыву з акружэння нямецкай групоўкі, нейкі гітлеравец шпурнуў у яе супрацьтанкавую гранату. На шчасце, не пацэліў: граната пераляцела шчыт, разарвалася ззаду і толькі перабіла станіну. Пасля станіну заварылі, прыладзілі сталёвую латку, і хлопцы казалі, што гэта — шчаслівы знак, з якім гармата дажыве да міру. Затым, ужо ў Венгрыі, буйнакаліберны кулямёт з бронетранспарцёра зрабіў на шчыце касую адмеціну куляй. На правым сашніку ў заклёпках была прабоіна ад чаргі «месершміта», якой ён забіў колішняга правільнага Нерчыка.
Людзі ў разліку мяняліся — параненых адпраўлялі ў шпіталь, забітых хавалі. Даўжэй за ўсіх аставаўся ў страі маўклівы сяржант Скварышаў. Але вось сёння не стала Скварышава і, пэўна, прыйшоў канец і гармаце.
Прастуджана высмаркаўшыся, Шчарбак пачаў завіхацца каля гарматы. Узяць яе з сабой яны не маглі, а кінуць цэлаю ворагам не мелі права. Добра, калі б была супрацьтанкавая граната ці хоць бы адзін снарад. У такіх выпадках варта было ўсыпаць у ствол жменю пяску і стрэліць, як яго разарвала б на часткі. Але снарада ў іх не было ніводнага. Шчарбак перакідаў ужо ўсе скрынкі, перагарнуў ботам усе гільзы ў доле — звонкія, смярдзючыя і пустыя. Заставалася адно — выняць клін. Нейкі час пакалупаўшыся ў затворы, Шчарбак зрабіў гэта і гукнуў Здабудзьку:
— Знімай торбу.
Не пытаючы навошта, ездавы зняў з-за плячэй свой рэчмяшок, развязаў лямкі, і наводчык укінуў туды паўпудовы клін і прыцэл.
— Ого, цяжкі які, — зазначыў Здабудзька.
— Не твой клопат. Сам панясу, — няласкава аб’явіў Шчарбак.
Ён паставіў тарбіну ля сашніка і паскроб патыліцу.
— Ну, а далей як?
— Давай кукурузай закідаем, — прапанаваў Цімошкін. — Усё схоўней будзе. Можа ж, вернемся.
Пастаяўшы трохі, Шчарбак выцягнуў з похвы разведчыцкі нож і пайшоў у кукурузу. Здабудзька, крыху ўжо ачуўшыся ад свае бяды і супакоіўшыся ад ушчування, падаўся следам.
Яны доўга шасталі ў палетку, пакуль набралі па абярэмку сцяблоў, прынеслі, кінулі на станіны і пайшлі зноў. Шчарбак адышоўся далёка, туды, дзе кукуруза была гусцейшая, а Цімошкін усё сядзеў на брустверы, туліў да грудзей сваю ляльку-руку і чакаў. Ад маўклівасці і шумлівай ветранай аднастайнасці яго думкі зноў запаланіла туга іхняй вялікай няўдачы.
…Яшчэ ўчора яны жылі тут, як можна, да пары да часу жыць на вайне — зрэдку стралялі па ворагу, падоўгу сядзелі ў вузкім акопчыку-ровіку, чакалі вечара, калі старшына прыносіў абед і вячэру, мерзлі і многа курылі. Уночы — хоць і нельга было, — паставіўшы вартавога, спалі, цесна прытуліўшыся адзін да аднаго. У здаравякі Шчарбака была шырокая цёплая спіна, Цімошкін накрываўся з ім адным шынялём, другі слалі ў сподзе. Заўжды ў ціхую гадзіну Кеклідзе прыпамінаў далёкую Грузію, шашлык, віно і сваіх хлопцаў-блізнят. Скварышаў болей маўчаў. I вось цяпер няма Скварышава, няма Кеклідзе, уранку адправілі ў шпіталь Румкіна, разгромлены полк, невядома што засталося ад дывізіі… I як цяпер выбрацца з гэтага ліха, дзе напаткаць сваіх? Няўжо немцы на ўсю глыб прарвалі фронт і паперлі к Дунаю? Чаму гэта ўсё цішаюць, радзеюць далёкія выбухі? Мноства невясёлых пытанняў свідравала хлопцаву галаву, толькі адказу на іх не было.