ПАД ЗНАКАМ ПАГОНІ
- Автор: Малецкі Язэп
- Год: 1976
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «ПАД ЗНАКАМ ПАГОНІ». Краткое содержание книги:
Язэп Малецкі
«Чаму гэта цяпер БЦР, як прадстаўніцы Беларусі, не падлягае ЎСЯ БЕЛАРУСЬ, так Заходняя, як Усходняя й Паўночная? Дакуль будуць нас увесь час дзяліць?! Кангрэс мусіць падаць станоўчы голас, каб уся этнічная Беларусь была зьяднаная ў адну непадзельную дзяржаву!»
На канцы зьезду былі прынятыя рэзалюцыі аб непрызнаньні ўсякіх шкодных дагавораў, законаў, міжнародных пактаў, а таксама маскоўскай марыянеткі БССР. Адначасна для БЦР надавалася права рэпрэзэнтацыі інтарэсаў беларускага народу ды абароны краю на час вайны.
Пазьней, ужо на эміграцыі, ці мала было спрэчак пра БЦР ды кангрэс. Адны, атакуючы прыхільнікаў БНР, хацелі надалей бачыць «легітымнасьць» БЦР у пастановах кангрэсу, ды прадаўжаць дзейнасьць БЦР. Другія, што стаялі пасьлядоўна на пазыцыях БНР, хацелі панізіць гэты кангрэс, як быццам «недэмакратычны» што да спосабу выбару дэлегатаў і дзеля татальнага нямецкага рэжыму, які быццам не даваў магчымасьці свабодна выявіць волю беларускага народу. Гэткія зьвінавачваньні пад адрасам зьезду несправядлівыя.
Ведама, умовы вайны, і нацыстоўскі таталітарны рэжым Гітлера, з пачатковай славянагубнай праграмай, ня спрыяў выяўленьню дэмакратычных тэндэнцыяў зьезду. Ды нельга вінаваціць і зьезд, і БЦР у тым, што яны былі паслухмяныя Немцам марыянэткі тыпу бальшавіцкіх «зьездаў» у БССР. На зьезд, праўда, прыбылі дэлегаты з назначэньня, а сам ён трываў толькі адзін дзень, бо ўжо ў часе нарадаў можна было на залі паседжаньняў чуць кананады цяжкіх баёў фронту, які якраз тады маланкава набліжаўся да Менску. Ды каго іншага маглі-б паслаць «дэмакратычныя» выбары, ды якую іншую ідэялёгію рэпрэзэнтавалі-б «дэмакратычныя» пасланьнікі?
Гэта-ж Першы Усебеларускі Кангрэс у 80 % складаўся з гэтак званых «абласьнікоў», ці бо з дэлегатаў «Западной області», падабраных ды нацкаваных бальшавікамі супроць дэмакратычнага ладу й беларускай дзяржаўнасьці. А што сталася? Беларускі народ клясава адналіты, дэмакратычны, свабодалюбны й патрыятычны, і хоць бальшавікі акружылі будынак зьезду, а ленінска-сталінскія агенты намагаліся запалохаць расправай за непаслухмянасьць бальшавіцкай праграме, Першы Кангрэс адкінуў бальшавіцкі лад у Беларусі ды паклікаў да жыцьця Беларускую Народную Рэспубліку — дэмакратычную дзяржаву ў этнаграфічных межах пасяленьня беларускага народу!
Тое самае паўтарылася й у Другой вайне. Гітлероўскія Немцы не перашкаджалі справе арганізацыі зьезду ды не праяўлялі намаганьняў умешвацца ў ход нарадаў. Было ім ужо не да гэтага. Дэлегаты, што прыехалі, былі такія самыя беларускія патрыёты, што й на Першым Кангрэсе, і на парадку дня паставілі ня нейкі беларускі нацызм, не марыянэцтва ў карысьць Трэйцяга Райху, але працяг нашага змаганьня за зьдзяйсьненьне Акту 25 сакавіка 1918 году, за стварэньне сваёй незалежнай дзяржавы.
А за 25 гадоў палітычнага змаганьня беларускі рух, не зважаючы на крывавы масавы тэрор чырвонае Масквы, на глум пад Польшчай, на панесеныя аграмадныя страты ў радох патрыятычнае інтэлігенцыі, паказальна задэманстраваў вялікі прагрэс у пашырэньні нацыянальна-палітычнай сьвядомасьці. Не засталося бязь сьледу й тое, што не зважаючы на аграмадныя разбурэньні, на вялікія цярпеньні й страшэннае вынішчэньне жыхарства, і Другая вайна была часам яшчэ аднаго ўздыму да свабоды, да незалежнасьці.
На зьезьдзе сьцьвердзіў гэта й генэрал К. Езавітаў, удзельнік Першага Усебеларускага Кангрэсу:
«Дваццаць пяць гадоў таму назад бальшыня дэлегатаў на Першым Кангрэсе прамаўляла парасейску. Сёньня ўсе бяз вынятку прамаўляюць пабеларуску… Тады былі ў некаторых ухілы ў бок Расеі, сёньня адна ў усіх ідэя — НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ!»
У абліччы новага бальшавіцкага нахлыну зьезд ставіў галоўнай мэтай справу найважнейшую: каб перад сьветам заявіць, што беларускі народ пратэстуе супроць новых міжнародных махінацыяў пастанаўляць аб ягоным лёсе безь ягонай волі. А воля ягоная адна: не надпісная, не гітлероўская, не бальшавіцкая, ня польскіх абшарнікаў, але свая, адвечная, справядлівая.
ПАКІДАЕМ ВЯЛЕЙКУ
Калі нарады кангрэсу 27 чэрвеня 1944 году яшчэ былі ў поўным ходзе, таго дня, асабліва папаўдні, даходзілі магутныя выбухі й гарматная кананада фронту, што набліжаўся. Людзі адчувалі трывогу, перашэптваліся, некаторыя ціхачом выходзілі з залі. Калі каля 6-й гадзіны вечара кангрэс канчаўся беларускім нацыянальным гімнам, дык заля была ўжо на 25 % пустая. Калі-ж мы выйшлі з тэатру, дык выявілася, што дэлегаты з усходняй Беларусі, з ваколіцаў Полацка, Віцебска, Воршы, Магілёва, Барысава, Гомеля, ня могуць ужо вярнуцца да сваіх хатаў, бо там ужо чырвоныя акупанты.