Хрыстос прызямліўся ў Гародні. Евангелле ад Іуды
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 2000
- Язык: белорусский
- ISBN: 985-6576-14-8
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Хрыстос прызямліўся ў Гародні. Евангелле ад Іуды». Краткое содержание книги:
— Людзі, — ціха сказаў ён. — Дзецюкі! Народ мой! Адна ў нас дума, і няма больш сілы маёй трываць, як няма яе ў вас. Цяпер — да канца.
Маўчанне. Бо Юрась узняў рукі.
— Хлеб у Гародні. Але я не хачу думаць, што ідзём мы па адзіны хлеб. Не хлеб яны ўзялі ў свой Вавілон, у кубло гадзючае, а хлеб дабрыні вашай, літасці, даверу. Не толькі той кавалак, што несяце ў рот, а той, які далі б жабраку, суседу, у якога вымерзла ніва, брату з суседняй весі, брату, што прыйшоў з зямлі, на якой голад. Няма ім за гэта даравання, дзе б ні схаваліся — у доме рады, у зборні, у кляштары, у царкве ці касцёле. За абражаную веру ў дабрыню чалавечую — няма даравання, вы яшчэ зразумееце гэта. За тое, што кожны дзень там распінаюць чалавека, даравання няма. Мог бы я вам сказаць словамі пісання, накшталт: «Ачышчаюць вонкавасць чашы і блюда, а ўнутры поўныя яны рабунку і няпраўды». Або: «Абходзяць яны сушу і мора, каб схіліць хаця адну душу, хаця аднаго, і, калі гэта здараецца, робяць яго сынам пекла, удвая горшым, чым самі». Але нашто мне казаць вам гэта? Пісанняў на зямлі шмат. Праўда чалавечая — адна!
У гэты момант, відаць, абурыўся алтар і аркі прытвораў. Страшэнны парыў ветру рынуў у трубу званіцы, і ад яго на ёй глуха, бязладна, страшна, самі сабою забухалі, зараўлі званы.
— Вось і набат, — сказаў сівавусы.
Гэта сапраўды было падобна на нечалавечы, магутны набат. Раўла нібы сама зямля.
Раздзел XXXVІІІ. …І чаго паскуднікі не любяць, або царква ваяўнічая
Слухаючы гэта, яны разрываліся ад гневу…