Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » История » Каханак яе вялікасці
Каханак яе вялікасці - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каханак яе вялікасці

Электронная книга - «Каханак яе вялікасці». Краткое содержание книги:

Уладзімір Арлоў лічыць, што гісторыя — гэта ўваскрашэнне. Сапраўды, уваскрашаючы падзеі мінулага, аднаўляючы нашу гіста-рычную памяць, мы, беларусы, i самі ўваскрасаем як еўрапейскі народ. У кнігу папулярнага пісьменніка ўвайшлі ўжо вядомыя i новыя апавяданні, дзеянне ў якіх разгортваецца ў розныя эпохі. Сярод яе герояў — філосаф-вальнадумец Казімір Лышчынскі, паўстанцы 1863 года, забойца цара Аляксандра I Ігнат Грынявіцкі... Побач з гістарычнымі асобамі чытач сустрэне i тых, чые імёны не трапілі ў энцыклапедыі — напрыклад, беларускую гетэру часоў Інфлянцкай вайны Дамініку або полацкага шляхціча, што прабавіў ноч з расейскай імператрыцай i застаўся пераможцам ў ix своеасаблівай дуэлі. Шэраг твораў, што склалі кнігу, уключаны ў школьныя праграмы.
1 ... 4 5 6 7 8 9 10 11 12 ... 99
Перейти на страницу:

На наступнае лета вытрымаў я экзамен, і ахрышчаны быў ў бакаляры, і надзеў шапку бакалярскую кантовую і карзно з чырвонаю на рукавах аблямоўкаю, але не было радасці ў сэрцы маім, бо таго ж лета схапілі слугі папскія дабрачынца майго Гераніма і паставілі ў вежы на калоду і ногі прыкавалі цяжкімі кайданамі да калоды, а рукі да жалезных кольцаў у столі. Вісеў ён там многа дзён, і рукі і ногі ягоныя былі ў язвах гнойных, і пахіснулася вера ягоная, і выракся ён публічна вучэння настаўніка свайго Гуса, але Збавіцель у сваёй міласэрнасці даў яму сілы, і адмовіўся ён ад адрачэння, прыняўшы смерць у агні на тым самым месцы, дзе і нявінны Гус. Вялікая журба была тады ў Чэхах і ў іншых краінах, і ведаю я, што многія людзі ў месце Віцебскім, і ў Полацку, і ў Вільні таксама журбу чулі ў сэрцах сваіх, бо ведалі, што стаяў магістр Геранім калісьці перад людам віцебскім на каленях і вялікую ласку меў да народа нашага.

Няхай жа будзе вам вядома, што ў смутныя тыя часы прызваў мяне магістр Амбраж і абвясціў, што наблізіўся ён да таямніцы філасофскага каменя, званага яшчэ вялікі магістэрый, але век ягоны і сілы вымагаюць, каб узяў ён вучня, бо іначай пайсці можа праца рук ягоных тунна. І загарэлася сэрца маё, як сухая былінка, бо даўно ўжо перачытваў я пакрыёма кнігу вялікага чарнадзея Зосімы, і ведаў многія формулы, і спасцігаў таямніцы магніту і бурштыну. І ўвёў мяне магістр Амбраж у сутарэнне пад домам сваім, дзе быў куб перагонны, і горан, і ўсё, што трэба на доследы. Удвух пайшлі мы да цёмнага і невядомага праз яшчэ больш цёмнае і невядомае і датыкаліся ў доследах сваіх да чорных сіл хаосу і ў апантанасці сваёй прыраўноўвалі Хрыста да вялікага магістэрыя і вялікі магістэрый да Сына Божага, і, аддаўшыся роспачы, няраз здзіралі да крыві рукі аб каменныя сцены прыстанку нашага.

Два леты жылі мы, чужаючыся людзей, а на трэцяе лета замуравалі сябе, і ежу з вадою падавалі нам цераз атвор, і не ведалі мы, што чыніцца ў месце Пражскім і на ўсёй Чэшскай зямлі. Але ў адзін з дзён быў пасланы нам знак, і ўбачылі мы на сцяне крывавую пляму, і, калі пахолак прынёс нам хлеб, парушыў я прысягу сваю і насуперак волі настаўнікавай загаварыў з пахолкам. І ўведалі мы, што Рым абвясціў чэхаў ерэтыкамі, і падняліся яны з імем Гуса супроць папы і няправедных уладаў, і бяруць места за местам. І сказаў магістр Амбраж на гэта, што няма нічога вышэй як ісціна, а ісціна ёсць вялікі магістэрый, усё ж астатняе - марнасць марнасцяў, і розум мой гатовы быў пагадзіцца з ягонымі словамі, ды не згадзілася сэрца маё. Тады ўзвысіў настаўнік голас і вінаваціў мяне ў адступе ад прысягі і аблілося сэрца маё горыччу, але пакінуў я настаўніка, бо чуў у душы голас Геранімаў, што клікаў адназемцаў маіх узняць у ліхую гадзіну мячы свае разам з братамі-чэхамі. Было гэта ў лета, калі забраў Гасподзь душу старога караля Вацлава і не прызналі чэхі спадкаемца ягонага рудога Зыгмунда-імператара.

Тады ў месце Пражскім крышылі храмы і нішчылі абразы і стоды царкоўныя, а таксама выколвалі ім вочы і адсякалі насы, кажучы пры гэтым: калі ты бог або святы, адбараніся сам, і мы ўверуем у цябе. Тады ж сабраліся чэхі на гару, званую Табар і збудавалі места новае, і не было дагэтуль такіх ні ў якой зямлі, бо багаты ў месце гэтым дзяліў ежу сваю з бедным, а хто прыходзіў туды з грашыма, апускаў іх у бочку, што стаяла дзеля гэтага на плошчы. Не было там таксама крадзяжоў, і не бавіў ніхто часу ў гультайстве, і ва ўсіх, як у апосталаў, было адно сэрца і адна воля, бо кожны дбаў найперш аб выратаванні душы сваёй. І вучылі там чытаць і пісаць па чэшскае Бібліі, і не трымаліся пастоў, і не верылі ў чысцец. Не пілі ж у месце Табары нічога, апрача вады, як гаспадар наш Вітаўт, і было гэта мне даспадобы, бо няма нічога агіднейшага за чалавека, што ад віна губляе розум свой, але няхай даруе мне Ўсявышні, усё ж праглася мне зрэдку прамачыць нутро сваё добрым кухлем чорнага чэшскага піва. І слухаў я там святара, які вучыў, што прыйдзе хутка царства справядлівасці і не будзе на зямлі караля і валадароў, не будзе паншчыны і падаткаў, і людзі будуць жыць, як браты і сёстры. Два месяцы жыў я ў тым месце і бачыў, што думкі жыхароў ягоных і справы іхнія дагодныя Збавіцелю, бо ўсе людзі народжаныя роўнымі між сабою, і почасту сніў я места сваё роднае Віцебскае, нібы места Табар, і цешылі гэтыя сны душу маю; маліўся ж я паводле гусіцкага абраду.

1 ... 4 5 6 7 8 9 10 11 12 ... 99
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)