Мур
- Автор: Сартр Жан-Поль
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: ІП Колас
- ISBN: 985-90050-6-0
- Переводчик: Зміцер Колас
- Жанр: Классическая проза
Электронная книга - «Мур». Краткое содержание книги:
Яны пагадзiлiся на агульнай думцы: такiя жанчыны, вядома, патрэбны, бо, як бы там нi было, заставацца цнотнiкам да самага шлюбу нельга, - тым больш што бабы яны бескарыслiвыя i не хворыя, - але прывязвацца да iх было б памылкай. Гiгар з пяшчотай у голасе пачаў разважаць пра сапраўдных дзяўчат, i Люсьен спытаў, што новага ў яго сястры.
- Усё добра, стары, - сказаў Гiгар. - Але яна кажа, што ты здраднiк. Ведаеш, - дадаў ён крыху развязным тонам, - я не шкадую, што ў мяне сястра: ёсць рэчы, якiя iначай было б немагчыма ўявiць.
Люсьен выдатна разумеў. Пасля гэтай размовы яны часта яшчэ гаманiлi пра маладзенькiх дзяўчат i кожны раз адчувалi сябе паэтычна; Гiгар любiў прыводзiць словы аднаго свайго дзядзькi, якi карыстаўся вялiкiм поспехам у жанчын: "Можа быць, я не заўжды ўсё рабiў добра ў сваiм сабачым жыццi, але ёсць адна рэч, якую мне абавязкова залiча пан Бог: я хутчэй аддаў бы адсячы сабе рукi, чым дакрануўся б да нявiннай дзяўчыны". Яны пачалi зноў зрэдку сустракацца з сяброўкамi П'ерэты Гiгар. П'ерэта вельмi падабалася Люсьену, ён гаварыў з ёй трошкi насмешлiвым тонам, як старэйшы брат, i быў ёй вельмi ўдзячны, што яна не абрэзала свае доўгiя валасы. Многа часу цяпер у яго забiралi новыя палiтычныя абавязкi; кожную нядзелю ўранку ён хадзiў да царквы Нёйi i прадаваў перад ёй "Аксьён Франсэз". Больш за дзве гадзiны Люсьен прагульваўся сюды i туды з вельмi сур'ёзным тварам. Дзяўчаты, якiя выходзiлi па iмшы, падымалi часам на яго свае прыгожыя шчырыя вочы, i Люсьен адтаваў; ён адчуваў сябе чыстым i дужым i адказваў iм усмешкай. Хлопцам з банды ён заявiў, што паважае жанчын, i быў шчаслiвы сустрэць у iх разуменне, на якое так спадзяваўся. Зрэшты, амаль ва ўсiх у iх былi сёстры.
17 красавiка з нагоды П'ерэцiнага васемнаццацiгоддзя Гiгары наладзiлi скокi, i, вядома, Люсьен быў запрошаны таксама. Ён ужо вельмi здружыўся з П'ерэтай, якая называла яго "мой танцорчык", i падазраваў, што яна ў яго крыху закаханая. Панi Гiгар заклiкала дзеля скокаў пiянiстку, i вечар абяцаўся быць дужа вясёлы. Люсьен патанчыў колькi разоў з П'ерэтай i пайшоў да Гiгара, якi гаманiў з прыяцелямi ў палiльнi.
- Прывiтанне, - сказаў Гiгар. - Вы, па-мойму, ужо ўсе знаёмыя: Флёр'е, Сiмон, Ванюс, Леду.
Пакуль Гiгар называў сяброў, Люсьен заўважыў, што да iх нерашуча наблiжаецца высокi бледнаскуры юнак з жорсткiмi чорнымi бровамi i кучараваю рудой шавялюрай. Яго ажно скаланула ад абурэння. "Што гэты тып тут робiць, падумаў ён, - Гiгар жа ведае, што я цярпець не магу жыдоў!" Ён крутануўся на абцасах i хутка пайшоў прэч, каб пазбегчы знаёмства.
- Што гэта за жыд? - спытаў ён у П'ерэты.
- Гэта Вэйль, з Вышэйшых камерчаскiх курсаў. Брат пазнаёмiўся з iм у фехтавальнай школе.
- Ненавiджу жыдоў, - сказаў Люсьен.
П'ерэта цiхенька хмыкнула.
- Ну, гэты якраз добры хлопец, - сказала яна. - Лепш правядзiце мяне ў буфет.
Люсьен выпiў келiх шампанскага i толькi паспеў яго паставiць, як апынуўся нос у нос з Гiгарам i Вэйлем. Прасвiдраваўшы Гiгара вачыма, ён павярнуўся, збiраючыся пайсцi, але П'ерэта спаймала яго за руку. Гiгар падышоў i са шчырым выглядам, без нiякай няёмкасцi прамовiў:
- Мой сябар Флёр'е, мой сябар Вэйль. Ну вось, цяпер вы знаёмыя.
Вэйль працягнуў руку, i Люсьен адчуў сябе вельмi тужлiва. На шчасце, яму раптам прыгадалiся словы Дэсперо: "Флёр'е сапраўды кiнуў бы гэтага жыда ў ваду". Ён глыбока сунуў рукi ў кiшэнi, павярнуўся да Гiгара спiнай i рушыў прэч. "Цяпер я не змагу пераступiць парог гэтага дома", - падумаў ён, беручы сваю вопратку. Усярэдзiне ён адчуваў сумную гордасць. "Вось што значыць цвёрда трымацца сваiх меркаванняў; жыць у грамадстве ўжо немагчыма". Але на вулiцы гордасць растала, i Люсьен адчуў сябе вельмi занепакоена. "Гiгар, напэўна, злуецца". Ён трасянуў галавой i пастараўся сябе пераканаць: "Калi ён запрасiў мяне, ён не меў права запрашаць гэтага жыда!" Але гнеў ужо адышоў; ён адчуў сябе крыху няёмка, прыгадаўшы здзiўлены Вэйлеў твар i тое, як хлопец стаяў з працягнутаю рукой. У iм пачала нараджацца гатоўнасць да прымiрэння. "П'ерэта, вядома, думае, што я хам. Трэба было пацiснуць яму руку. Урэшце, гэта мяне нi да чаго не абавязвала. Стрымана павiтацца i адысцi: вось што я мусiў зрабiць". Ён падумаў, што, можа, яшчэ не позна вярнуцца да Гiгараў. Ён падыдзе да Вэйля i скажа: "Прабачце, я адчуў сябе блага", - потым пацiсне руку i перакiнецца парачкай ветлiвых словаў. Не: цяпер надта позна, гэтага ўчынку ўжо не паправiць. "I навошта было перад iмi выстаўляць свае перакананнi! - з раздражненнем падумаў ён. - Усё роўна яны не здольныя зразумець". Ён знервавана пацiснуў плячыма: проста бяда. А Гiгар з П'ерэтай, напэўна, абмяркоўваюць цяпер яго ўчынак, i Гiгар кажа: "Ну i дурань!" У Люсьена сцiснулiся кулакi. "Ух! Як я iх ненавiджу! - у роспачы падумаў ён. - Ненавiджу жыдоў!" Ён пастараўся распалiць у сабе гэту бязмежную нянавiсць, спадзеючыся пачэрпнуць з яе хоць трошачкi сiлы. Але яна растала ў яго на вачах. Дарэмна ён прымушаў сябе думаць пра Блюма, якi браў грошы ў немцаў i ненавiдзеў французаў, - усё гэта выклiкала ў яго толькi змрочную абыякавасць. Але яму пашанцавала: Мод аказалася дома. Люсьен сказаў, што кахае яе, i ў нейкай раз'юшанай роспачы памеў колькi разоў. "Усяму гамон, - думаў ён, - я нiколi не буду асобай".