Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Хрыстос прызямліўся ў Гародні
Хрыстос прызямліўся ў Гародні - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Хрыстос прызямліўся ў Гародні

Электронная книга - «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Краткое содержание книги:

Хрыстос прызямліўся ў Гародні
1 ... 68 69 70 71 72 73 74 75 76 ... 171
Перейти на страницу:

І павёў іх Лазар у хату, і выбілі яны донцы з бочак, і засмажылі кормных цяльцоў, і распачалі пір сілен. І села Марыля ля ног Хрыстовых і слухала яго. А Марта не села, бо такую плойму нагадаваць ды напаіць — гэта вам не байкі слухаць.

І ўсё менш верыў Езус у тое, што дзяўчына з месячнага саду выкрадзена кімсьці, а ўсё больш верыў, што падманула яна яго.

А было між тым не так. Было тое, што новую манахіню ніхто ніякімі сродкамі не мог прымусіць жыць так, як жылі ўсе ў Машкаўскім манастыры. Да імшы не хадзіла, у хоры спяваць адмаўлялася, высокім гасцям прыслужваць не хацела. Ціхая і сціплая раней, трымала яна сябе цяпер так, нібы ў яе ўсяліўся бес. І ўрэшце ігумення не вытрымала, сама прыйшла да яе ў келлю і завяла апошнюю размову. Не паслухае — хай наракае на сябе. Сказала, што калі апаноўваюць цябе д'ябальскія думкі, дык трэба пасціцца, а не то — бічавацца, а не слухаць старэйшае пакаленне — гэта ўжо зусім нікуды не варта.

Анея не глядзела на яе.

— То што, даслаць бізун?

— Дашліце яго гародзенскім айцам царквы. Ён з іх крыху юру выпусціць. А я ні маліцца, ані бічавацца не буду. І вы не робіце — і я не буду.

— У нас д'ябальскіх думак няма.

— У каго ж яны тады ёсць? Кажу: бізун пакіньце сабе.

— Што ж гэта, паня такая?

— Нельга ўзняць руку на плоць Божую. У мяне можа быць сын.

— Адку-уль?

— Не ведаеце, як бываюць дзеці? Дзіўна, мне здавалася, што менавіта вы павінны ведаць гэта лепей за ўсіх… Я г о н ы сын.

Твар ігуменні пайшоў плямамі.

— Не магу… Не магу, — яна раптам зарагатала. — Дык ты думала, ён Бог? Шалбер ён, прайдзісвет, шкаляр, які з калегіюма вылецеў. Апосталы ягоныя — зладзеі ды канакрады. Яго пад бізунамі прымусілі Богам быць. Хрысто-ос! Ды ён з васковага Хрыста ў храме за шэлег порткі здыме.

Жанчына паглядала ёй у вочы і зразумела — праўда.

І раптам загучала музыка начнога саду, шолах дрэў, гукі пацалункаў. І пачула яна зноў ягоныя словы аб тым, што ён шкаляр, што «дзеля яго самога», што «а каб я быў іншы». І ўбачыла яна месячны дым, і неба, і гукі далёкіх званоў, і спевы анёла, які казаў аб тым, што боязі няма, і другія спевы, у якіх ганец з любоўю і тугой казаў: «Кахаю».

Ён не хацеў падманваць яе. Ён казаў пра ўсё, і толькі яна была глухая, была дурніца і чакала прывіду… А прывід быў жывы. І ён шаптаў ёй дзівосныя словы, ніколі дагэтуль не чутыя на зямлі, узятыя з неба… І, значыцца, было ўсё адно, хто ён.

— А прывід быў жывы, — ціха сказала яна, і вочы яе з нянавісцю зірнулі на ігуменню.

Тая не зразумела яшчэ, што прайграла:

— Разумееш? Прайдзісвет!

— А мне ўсё адно, — усміхнулася Анея. — Магчыма, я і хацела пасці? І менавіта з ім.

Аблічча было нязломна-незалежнае. Ігумення яшчэ знайшла сілу іранізаваць:

— Пасці? То ішла б адразу ў наш кляштар.

— А мне вашы зладзеі з вялікай дарогі без патрэбы. У мяне — мой. Мне ўсё адно, хто ён, — яна ўперла рукі ў бокі. — Параўнаць з вашымі ніжнікамі, дык ён вышэй за Бога. І яго вы не адбярэце ў мяне, добрага, моцнага, пяшчотнага. І мяне нельга ад яго адабраць. І я не ўздыму рукі на ягоную плоць!… А кляштар ваш не ў імя Марты і Марыі, а ў імя вялікай блудніцы і самога сатаны, у якога другое імя — Лотр!

…Марта і Марыля раніцай наступнага дня правялі іх да раздарожжа. І Марыля спытала, ці прыйдзе Хрыстос яшчэ… да яе. А ён адказаў ёй, што, відаць, не, што занадта далёка ідзе ягоны шлях. І тая пайшла дадому, здзіўляючыся яго незразумелай святасці. Таму што яна не паставілася б да яго жорстка. А Марта ішла і ў душы радавалася яе няўдачы.

…І зноў дарога. Поўныя сумы за спіною. У скрыні ў Іуды бразгаюць грошы, і, значыць, можна ісці далёка-далёка. А перад Іліяшам бяжыць свіння. Адна з двухсот Лазаравых. Таму што Лазар — сальнік. Свіння харошая, пярэстая.

Радасна глядзець на Божы свет. Але не ўсім.

У Пятра балела галава. Ішоў і звягаў:

— У падзяку за ўваскрэсенне паднеслі яны нам хваробы.

— А малодшая была нішто, — сказаў Андрэй.

— Не з тваім… гэна… лычам… — абарваў яго Піліп. — Яна… гэна… ад Братчыка не адыходзіла. Аж старэйшая… узраўнавала. І чаго глядзеў чалавек?

Магдаліна ўсміхнулася трохі пагардліва. У бліжэйшым мястэчку трэба выпусціць голуба і напісаць, што Юрась, нават калі і не шукае схопленую, нікога не хоча, і, значыць, гэта занадта сур'ёзна. Значыць, калі ён даведаецца праўду — гневу яго не будзе мяжы.

І ўсё ж ён быў не такі, як тыя, з кім зводзіў яе лёс дагэтуль. Яна адчувала нават міжвольную зацікаўленасць да яго. Цень павагі, калі яна здатная была да павагі.

РАЗДЗЕЛ ХІХ ІНДУЛЬГЕНЦЫІ

Кажуць, аднаму чалавеку напляваць было на веру і пекла, а патрэбная яму была бяскарнасць. І гэты адзін купіў індульгенцыю і тут жа даў патаўпешкай па галаве суседу.

«Кроніка Белай Русі»

Пасля гэтага пайшоў Хрыстос са сваімі апосталамі ў бок Любчы. Ногі іхнія былі ў пыле шматлікіх дарог, і не маглі яны ўжо ісці далей і вырашылі спыніцца на ноч тут.

Паўсюль пытаў ён аб жанчыне, якую шукаў, і нідзе ані слова не пачуў пра яе, і ў адчаі ўсё больш злаваўся на подласць роду людскога. Але злосць — кепскі дарадчык. Часам яна можа штурхануць высакароднага ў тое балота, у якім сядзіць яго подлы вораг.

1 ... 68 69 70 71 72 73 74 75 76 ... 171
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)