Меч князя Вячкі
- Автор: Дайнеко Леонид Мартынович
- Год: 1987
- Язык: белорусский
- Жанр: Исторические приключения
Электронная книга - «Меч князя Вячкі». Краткое содержание книги:
Нягледзячы на тое, што падзеі рамана адбываюцца ў XIII стагоддзі, яго тэматыка вельмі актуальная.
Твор прасякнуты ідэяй аб неабходнасці яднання славянскіх народаў, а таксама іх бліжэйшых суседзяў-літоўцаў, латышоў, эстонцаў, для таго, каб процістаяць ворагам.
— Табе дрэнна, святы айцец? — пачціва запытаўся манах.
— Ідзі,— млява махнуў рукою Генрых. Калі манах выйшаў, ён лёг проста на затаптанае грубае палатно, якім быў засланы шацёр. Боль паступова слабеў, змяншаўся. Ужо гарошынка болю перакочвалася ў галаве, але і яна супакоілася. «Божа, не дай мне звар'яцець, — думаў Генрых. — Няхай звар'яцее Вячка, твой і мой вораг». Ён узняўся з падлогі, зноў паклікаў манаха і, калі той увайшоў, запытаўся:
— Ці гатовы княжацкія стрэлы?
— Гатовы, — адказаў манах. — Мы зрабілі дзесяць штук.
— Пакажы.
Манах паспешліва выйшаў з шатра і неўзабаве вярнуўся са стралой у руках, асцярожна падаў яе Генрыху. Гэта была звычайная тэўтонская страла з жалезным наканечнікам, сотні якіх несліся зараз на забаролы Дорпата. Толькі каля апярэння была навязана кароткая чырвоная стужачка. Ды Генрых ведаў, што гэтая страла не абы-якая — наканечнік у яе быў густа змазаны атрутай.
— Аддай стрэлы нашым самым трапным арбалетчыкам і няхай страляюць імі толькі ў Вячку, — сказаў манаху Генрых. Ён памаўчаў і зноў паўтарыў: — Толькі ў Вячку. Калі яго не бярэ божае слова, дык возьме божы гнеў. Ён жа не дужа хаваецца?
— Кароль Вячка — адважны рыцар, — сказаў манах. — Ён не туліцца за спіны свайго войска.
У гэтых словах Генрых улавіў як бы прыхаваную насмешку над самім сабой, што сядзіць у шатры ў той самы час, калі ісцінныя сыны лацінскай царквы пад градам камянёў і стрэл, пад ручаямі пякучай смалы ідуць на варожы вал.
— Забіце Вячку! — раптам закрычаў Генрых. — Забіце і прынясіце мне ягоную галаву!
Злосць, якую ён старанна хаваў ад старонніх вачэй, здаецца, разломвала грудную клетку, раздзірала на кавалкі сэрца. Ён і сам здзівіўся — колькі, аказваецца, жыве ў ім злосці!
У сваім шатры епіскап Альберт сабраў усіх военачальнікаў. Прыйшлі Фрыдрых і Фрэдэгельм, суддзя пілігрымаў Герберт, брат Альберта Іаан. Усе толькі што ўдзельнічалі ў штурме Дорпата, яшчэ гарачы пот ззяў на скронях, яшчэ пахлі дымам белыя плашчы, а ў Фрэдэгольма смалой, якую лілі дружыннікі Вячкі з вала, была абпалена шчака, і ён ад вялікага болю кусаў губы.
— Сыны лацінскай царквы гінуць ад рук вераадступнікаў, ад рук слуг сатаны, — са скрухаю сказаў Альберт. — Давайце памолімся за супакой іхніх душ.
Усе апусціліся на калені, пачалі маліцца, потым суддзя пілігрымаў Герберт усклікнуў:
— Трэба ўзяць замак прыступам, з бою і адпомсціць ліхадзеям на страх іншым. Кожнага, хто з нашых першы ўзыдзе на вал, мы праславім, дадзім яму лепшых коней і лепшага палоннага з тых, што возьмем у замку, акрамя караля Вячкі, якога ўзнясем над усімі, павесіўшы на самым высокім дрэве.
Усе, хто быў у шатры, з ухвалою заківалі галовамі. Пачыналася лебядзіная песня Вячкі.
Асадную вежу, якая ўзвышалася ўпоравень з гарадскім валам, насунулі на роў і пад яе прыкрыццем пачалі рабіць падкоп. Палову свайго войска кінуў Альберт на падкоп. Уразаліся ў цвёрдую халодную зямлю ўдзень і ўначы. Адны капалі, другія ў плашчах, у скураных мяшках і лазовых кошыках, поўзаючы ракам, выносілі з падкопу зямлю.
У Юр'еве ўсе чулі, як скрыгочуць тэўтонскія рыдлёўкі ў тоўшчы гарадскога вала. Здавалася, скрыгоча зубамі сама смерць.
— Праклятая вежа! — усклікнуў Меэліс і стрэліў з арбалета.
— Трэба падпаліць яе, — сказаў Вячка. — Клічце сюды Халадка і Якава Палачаніна.
Зрабілі вялізныя драўляныя колы, напоўнілі іх пакуллем, смалой, падпалілі і пусцілі з вала проста на вежу, увесь час кідаючы зверху ў агонь сухія дровы, якія падносілі жанчыны і дзеці. Вежа пачала загарацца, але тэўтоны ў латах, ахвяруючы сабою, рынуліся да падножжа вежы, разламалі, пасеклі колы, патушылі полымя. Град камянёў і стрэл паляцеў на тэўтонаў, некалькі дзесяткаў іх загінула, ды вежа ацалела і, як бязлітасны Галіяф103, стаяла поруч з гарадскім валам.
— Пачакай, мы цябе ўсё-ткі падсмажым, — пагразіў Халадок вежы кулаком і налёг плячом, разам з Якавам, Міронам і некалькімі эстамі пачаў спіхваць з вала яшчэ адно кола. Яно як бы з неахвотаю кранулася з месца. Зарыпеў гарачы абвуглены пясок, узвіўся бела-шэры попел. Вось кола пачало набіраць ход, і раптам Халадок ці то паслізнуўся, ці то страціў раўнавагу ад гарачыні і вышыні, але здарылася жахлівае і непапраўнае — кола схапіла старшага дружынніка за крысо абпаленага плашча, падмяла пад сябе і пакацілась ўніз, у агонь, у смуродлівы дым.
— Халадок! — закрычаў Мірон. — Халадок!
Ён адчуў, як падкошваюцца калені, і апусціўся на вал каля разбітых, раструшчаных тэўтонскімі камянямі забаролаў. Ён успомніў далёкі-далёкі дзень, хатку, у якой хаваўся ад ваўкоў, паміраў з голаду, і вясёлага, дужага, сінявокага воя, што пад'язджаў да хаткі, накалоўшы на кап'ё воблака.
— Халадок! — зноў крыкнуў Мірон і заплакаў. Падбег Вячка. У руцэ — меч, шлем з'ехаў набок, і пасма спатнелых светлых валасоў прыклеілася да смуглага лба.
— Дзе Халадок? — запытаўся ў Мірона Вячка. Мірон усхапіўся з зямлі, паказаў рукою ўніз, у полымя і дым.
— Там.
— Э-эх… — толькі і сказаў Вячка. Пачуўся страшэнны грукат. Гэта тэўтоны ішлі на прыступ, удараючы ў літаўры, б'ючы мячамі аб шчыты.
— Рубон! — закрычаў Вячка. — Усе на вал!
Але смерць у той дзень абмінула Халадка. Усе, хто абараняў Юр'еў, думалі, што старшы дружыннік загінуў, згарэў ля падножжа тэўтонскай вежы, а ён ацалеў, трапіўшы ў палон да Альберта. Наступнай раніцаю тэўтоны прыкруцілі Халадка ланцугамі да самага верху штурмавой вежы, хаваючыся за яго плячамі, стралялі ў абаронцаў гарадскога вала з арбалетаў. Так яны рабілі з усімі палоннымі ў час аблогі гарадоў.
Параненай знясіленай птушкай павольна падплываў разам з тэўтонскай вежаю Халадок да вала, які абаранялі ягоныя баявыя сябры. Палачане, наўгародцы і эсты спынілі страляніну, з вялікім шкадаваннем глядзелі на свайго няшчаснага скрываўленага, абпаленага пабраціма. Некаторыя плакалі. Вялікая пакута была ў тым, што побач, за некалькі дзесяткаў локцяў ад цябе, канаў суайчыннік, і нельга было яму памагчы. Халадок не захацеў, каб сум і слабасць прынесла яго смерць, гучна, на ўсе грудзі засмяяўся.
— Браты! — закрычаў у свой апошні міг Халадок. — Высока я лётаю і далёка бачу! Стаіць наш Полацк і вечна будзе стаяць! І ніколі не звядзецца наш род! І сонца будзе цалаваць нашу зямлю! Бывайце, Мірошка і Клімята! Біце з лукаў — не шкадуйце мяне! Хутчэй біце!
Тэўтон, гахнуўшы, размашыста ўсадзіў яму між лапатак востры гарачы корд.
— Біце… — прашаптаў Халадок, і галава ўпала на грудзі.
Зноў закіпела лютая сеча. Ніхто сябе не шкадаваў — ні палачане з наўгародцамі і эстамі, ні тэўтоны. Дым выядаў вочы. Мёртвыя ляцелі з вала ў агонь і там згаралі. Доўгую лесвіцу, якую тэўтоны, лезучы ўверх, абвілі сваімі целамі, Якаў, Мірон і Меэліс, напружыўшы ўсе сілы, адпіхнулі ад вала, і яна, устаўшы на нейкае імгненне дыбком, цяжка рухнула, знікла ў віхуры агню. Толькі чырвоныя вугалі пырснулі ва ўсе бакі.
Тэўтоны, як шалёныя, лезлі на вал, ды там сустракалі іх мячы і коп'і, рогвіцы і шастапёры, камяні і дубіны, сякеры і кісцяні. На іх лілі смалу, кідалі гаршкі з агнём, бярвенні, трупы іх жа рыцараў, якія ўзабраліся на вал, але адразу ж былі там пасечаны. Крыкі, стогны, апошні чалавечы хрып, рэзкія гукі тэўтонскіх літаўраў, шум агню, свіст мячоў і стрэл спляліся ў велізарны вогненны клубок, напоўнены болем, пакутай і смерцю. Напор тэўтонаў мацнеў, здавалася, вось-вось яны зломяць супраціўленне абаронцаў вала, ды раптам над аглушальнай нямоўчнай рознагалосіцай бою ўзвілася песня:
Мужчынскі звонкі голас рашуча паляцеў над валам, дзе абліваліся крывёю параненыя, дзе мёртвыя ўсё яшчэ сціскалі гарачыя мячы.
103
Галіяф — у біблейскай міфалогіі воін велізарнага росту.