Хрыстос прызямліўся ў Гародні. Евангелле ад Іуды
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 2000
- Язык: белорусский
- ISBN: 985-6576-14-8
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Хрыстос прызямліўся ў Гародні. Евангелле ад Іуды». Краткое содержание книги:
Джура сышоў у поўнай цішыні. Зняў крывую шаблю — ялмань, уторкнуў яе канцамі ў зямлю. Моцна ўторкнуў. І пасля — ніхто і слова сказаць не паспеў — кінуўся на яе жыватом, націснуў, з сілаю праехаў ад пашырэння на канцы ляза ледзь не да самага эфеса.
Лязо ўсё глыбей уваходзіла ў цела, і ён апускаўся. Хрыстос стаяў белы, як папера.
— Бачыш ты, жаўтавухі?! — трыумфаваў хан.
Джанібек раптам закрычаў, грызучы зямлю:
— Не забудзь мяне ў раю Алаха, заўсёды слушны! Не абдзялі мяне, калі прывядзеш туды абраны твой народ!
Вочы ў хана ззялі. Ён пачакаў яшчэ трохі і сказаў суседу Джанібека:
— Досыць. Ён ужо знойдзе адчыненай браму эдэма. Апусці дзеля друга шаблю літасці.
Той няспешна пайшоў па схіле. Пасля знізу даляцеў шалёсткі ўдар.
— Ну, — звычайным голасам сказаў хан.
Хрыстос ужо справіўся.
— Што ж, адным ворагам меней.
— Вось чым мы перамагаем, — выскаліўся хан. — Ёсць такое ў вас? Можа быць?
— Крый Божа нас нават ад перамог, калі яны стаяць на такім. Калі ў нас будуць гэтакія перамогі — гэта канец. Яны ў нас будуць іншыя або ніякія… А за гэта твой стан я зраблю ўладаннем вожыкаў і балотам.
Спакойны гнеў кіпеў у ягоных вачах. Вочкі Марлоры ўсміхаліся, твар нібы замасліўся.
— Тц-тц-тц. Нядобра гаворыш. А як жа «ворагаў любіць»? А закон твой што гаворыць? — Хан павярнуўся адной шчакою: — Хто ўдарыць цябе ў правую шчаку тваю… — і Марлора, нібыта атрымаўшы адзін удар, павараціў галаву.
— Падстаў яму і другую, — спакойна сказаў Хрыстос.
І раптам — ніхто не паспеў заўважыць — ён нанёс хану скрышальны ўдар у зубы. Ляснулі сківіцы. Марлора пакаціўся з кургана.
Крымчакі схапіліся за шаблі. Але вакол Юрася ўжо трымцелі, накладзеныя на нацягнутыя аленевы жылы, пёрыстыя стрэлы.
— Вось так ты і будзеш ляжаць, дагары варонкаю, — сказаў Хрыстос.
Хан узняўся. Твар ягоны быў у зямлі, і нельга было не жахнуцца, гледзячы ў яго вочы. Джуры павесілі галовы, ведалі, што гэта, магчыма, апошні іхні дзень, бо сведкі ганьбы не павінны перажываць ганьбу.
— Гэй, хан! — сказаў Хрыстос. — Ты памятай, нельга гуляць з мяккай рысінай лапай. Не палохайся. Не кранём. Бяры арду. Ідзі проста на поўнач. Я цябе чакаю. Я трохі і адзін буду. Паспееш шкуру здзерці — тваё шчасце.
Людзі пачалі спускацца з кургана да коней. Пяціліся.
Раздзел XXXІІІ. Меч і джала
Татараве з вялікім лупем шлі… супраць каторых… ён, з малым людзем выправіўшы, народ паганскі за помашчю Божаю неспадзявана паразіў і паграміў і лупы паабіраў.