Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Авантуры студыёзуса Вырвіча
Авантуры студыёзуса Вырвіча - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры студыёзуса Вырвіча

Электронная книга - «Авантуры студыёзуса Вырвіча». Краткое содержание книги:

Гэта другая кніга, якая расказвае пра прыгоды ў XVIII стагоддзі маладога шляхціца Пранціша Вырвіча і доктара Баўтрамея Лёдніка з Полацка. Цяпер Пранціш стаў студэнтам Віленскай акадэміі, а доктар Лёднік, былы слуга Пранціша, — суровым прафесарам гэтай акадэміі. Абодвум ліцвінам давядзецца выпраўляцца ў небяспечную вандроўку ажно ў Ангельшчыну, праз усю Еўропу, ажыўляць ляльку-аўтамат па імені Пандора, забіваць сапраўднага цмока, уцякаць ад чумы, зарабляць грошы ў лонданскім байцоўскім клубе і выблытвацца з магнацкіх інтрыгаў вакол трона Рэчы Паспалітай…
1 ... 68 69 70 71 72 73 74 75 76 ... 124
Перейти на страницу:

Нехта ўслых лічыў колькасць адчытаных грэшнікам пацераў.

Тры гадзіны… Чатыры…

Апошнія пацеры Лёднік прачытаў, нізка апусціўшы галаву, зусім глуха.

Ухвальны гуд разнёсся па саборы. Прафесар варухнуўся, штыры, што прабівалі ягоныя далоні, адразу схаваліся. Пранціш памкнуўся падтрымаць Лёдніка, але той не даўся, акуратна строс з рук кроў і пайшоў, хоць і павольна, да алтара, дзе яго ўжо чакаў папярэджаны пробашч. Цяпер Пранціш змог разгледзець гэтую таямнічую персону: сівыя каротка стрыжаныя валасы, уладны, усё яшчэ прыгожы твар, рэзкія зморшчыны ад куточкаў простага носу да вузкіх вуснаў, упартае падбароддзе… А вочы — цёмныя, іранічныя, пранізлівыя… У Лёдніка яны ўзіраліся неяк асабліва.

Бутрым укленчыў перад пробашчам:

— Ваша правялебнасць, у імя малітваў святога Тамаша, прашу, каб вы дазволілі мне і маім тром сябрам выехаць з гораду і працягнуць далей свой шлях.

Прыёр усміхнуўся, узмахам рукі адаслаў падалей цікаўных і схіліўся над просьбітам.

— Гасподзь заўсёды чуе малітвы тых, хто шчыра раскайваецца. Вось ён і прывёў цябе да мяне, Баўтрамеюс. Ты ж разумееш, дарагі мой, што насамрэч апынуўся тут не дзеля гэтай сваёй просьбы, а таму, што хацеў вярнуцца да мяне. Хіба не так?

Голас прыёра гучаў так мякка і пераканаўча, што немагчыма было пярэчыць. Але Лёднік глуха паўтарыў:

— Прашу дазволіць нам выехаць з гораду, ваша правялебнасць.

— Пакажы мне свае рукі, Баўтрамеюс, — папрасіў прыёр. Лёднік неахвотна працягнуў скрываўленыя далоні. Айцец Габрыелюс узяў іх у свае рукі, схіліўся над імі, нібыта моўчкі памаліўся — Пранціш усёй істотай адчуў нейкую нетутэйшую сілу, ад якой у роце застаўся прысмак медзі і падняліся валаскі на скуры, як бы хто правёў па ёй пёркам. Прыёр выпрастаўся, стомлены, нібы доўга і цяжка працаваў, на вуснах лунала пераможная ўсмешка. Лёднік пакруціў далоньмі перад вачыма: раны зацягнуліся, нібыта прайшло некалькі гадоў, засталіся толькі ружовыя зморшчаныя рубцы. Сціснуў пальцы, расціснуў… Вырвіча ледзь не званітавала ад містычнага жаху. Дзесьці за спінай віскнула Паланэя… Яе віскат патануў у захопленых крыках. Цяпер было зразумела, чаму ўвесь горад слухаецца пробашча. Няўжо ён сапраўды святы?..

— Што скажаш, Баўтрамеюс? — з ласкавай усмешкай папытаўся пробашч. Лёднік паглядзеў на сваю далонь і спакойна адказаў:

— Уражвае.

— Ты таксама так можаш, — айцец Габрыелюс гаварыў даверліва і адначасова ўладна. — Ты дарэмна спалохаўся сваёй сілы, сышоў на самым пачатку, так бы мовіць, з вітальні, якая падалася табе засмечанай. Хаця варта было прайсці далей, ты патрапіў бы ў раскошныя пакоі. Ты нават не ўяўляеш, дарагі мой, ад чаго адмовіўся.

Лёднік, бледны, як прывід, слухаў, упарта сціснуўшы вусны і не падымаў вачэй. Прыёр паклаў руку яму на плячо:

— Ну, добра, пойдзем, Баўтрамеюс. Ты страціў шмат крыві, я дам табе лекі.

Бутрым, усё гэтак жа апусціўшы вочы, пакорліва ўстаў і рушыў за прыёрам. Нават не азірнуўся на сваіх спадарожнікаў.

Людзі разыходзіліся, узрушаныя, узнёслыя. Агаломшаны Пранціш прыгнечана сціскаў у кішэні непатрэбны слоік з ацаляльнай маззю, падрыхтаванай прафесарам.

Калі яны праходзілі каля ўзвышэння з распяццем, зноў абнесенага ланцугом, Пранціш заўважыў, што апошнія кроплі крыві ўжо сцёртыя з каменю аматарамі рэліквій.

Ад цікаўнікаў, якія чапляліся з роспытамі, удалося схавацца толькі ў доме пана Вайды. Пан Гервасій нарэшце даў волю ўзрушэнню і пачаў выпытваць тамашоўскага доктара, што той думае пра цуд ацалення, сведкамі якому яны сталі ў саборы. Але пан Вайда толькі адмахваўся і спасылаўся на волю Божую. Але Пранціш бачыў, што ў святасць айца Габрыелюса пан Вайда асабліва не верыць.

Што ж гэта тады, чараўніцтва? І чаму прыёр казаў Лёдніку, што той таксама так можа?

Затое пан Вайда запэўніў гасцей, што шлях з горада для іх адкрыты. Панна Паланэя зараз жа пачала збірацца, парадкаваць накупленае, чаго не хапала — прасіць у пані Вайды.

А Вырвіч заўважыў, што насоўку, якой выцірала твар Лёдніку, панна грэбліва выкінула праз вакно.

Лёднік вярнуўся позна. Нармальныя людзі, гэта значыць, фраў Вайда, дзеці, прыслуга — ужо спалі. Вырвіч кінуўся з роспытамі…

Але доктар нават галавы не павярнуў, моўчкі зайшоў у адведзены яму пакой, упаў спінай на ложак, паклаўшы вылечаныя рукі пад галаву, і засяроджана ўтаропіўся ў столь.

Столь была, як столь — дубовыя бэлькі, прывэнджаныя свечкамі, павуцінне па кутах, куды не дапяў дабрацца руплівы венік пакаёўкі. Але ясна, што Лёднік бачыў зусім не гэты нецікавы матэрыяльны прадмет. Ягоны цёмны пагляд быў такі адсутны, што рабілася страшна.

1 ... 68 69 70 71 72 73 74 75 76 ... 124
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)