Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Людзі на балоце - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Людзі на балоце

Электронная книга - «Людзі на балоце». Краткое содержание книги:

Раман «Людзі на балоце» Івана Мележа — першая частка «Палескай хронікі» — адна з вяршынь беларускай літаратуры. Пра «Палескую хроніку» I. Мележа, пра не толькі ягоную, але i ўсёй нашае прозы Галоўную кнігу, пра гэты «найвышэйшы ўзор усей беларускай пасляваеннай прозы» (Б. Макмілін), пра гэтую адну з самых «высокіх i сонечных вяршынь беларускай савецкай літаратуры» (П. Панчанка) ужо напісана, бадай, як ні пра які іншы наш раман. Людзі, чуйныя да Праўды i Прыгажосці, яшчэ ў рукапice любаваліся, «як хораша i ўдумна ўсё зроблена, як тонка, дасціпна i глыбока. I як праўдзіва i адчувальна…» (Ян Скрыган).
1 ... 66 67 68 69 70 71 72 73 74 ... 160
Перейти на страницу:

У гэты момант Міканор пачуў сябе нібы вінаватым перад маткаю, не зазлаваў за тое, што ўткнула ў гаршчок з куццёю, запаліла свечачку. Як было, калі разабрацца, злаваць на яе, цёмную, сагнутую такімі бядотамі, поўную такой любові да тых, каго адабралі ад яе хваробы ды неспадзяваныя няшчасці!.. Але ж як хітра прыплялася да чалавечага гора рэлігія, і тут не мінула пакарыстацца!

За сталом матка і бацька сядзелі, вячэралі як ніколі маўкліва, нібы чулі за сабою цені тых, хто даўно ўжо не прасіў яды. Абое, было відаць, думалі, успаміналі; бацька, перш чым браць якой стравы самому, адліваў лыжку яе ў місу, пастаўленую на акне, дзядам, нябожчыкам. Маці сядзела за сталом, толькі перастаўляла міскі, нічога не прыбірала. Вячэра здалася Міканору вельмі доўгаю і сумнаю; ён ледзь дачакаўся, калі бацька нарэшце паставіць на стол гаршчок з куццёю, налье салодкай вадзіцы-сыты з маку і мёду, паспытаўшы якія, можна, не крыўдзячы старых, устаць…

Калі адзяваўся, каб пахадзіць па марознаму вячэрняму двару, заўважыў: непустыя міскі пасля вячэры так і асталіся на стале — каб дзядам было чаго пад'есці!

Стаяў на ганку, думаў вечную думку сваю пра цемнату людскую, пра тое, як цяпер, мабыць, хораша на замерзлай Прыпяці — лёгка, весела бягуць лыжы! Нехта, не сакрэт, як і ён, ляціць з гары, аж дух зацінае! Згадаў вясёлага таварыша свайго Івана Мароза, што паехаў аж у Менск на курсы, — раптам зашчымела скруха: пабачыцца б, паштурхацца, пакпіць адзін з аднаго!.. Абяцаў лісты пісаць, а няма ўсё чамусьці!..

Як і не чуў гамонкі, смеху на вуліцы, нікуды ў гэты вечар не хацелася ісці. Стаяў, нібы на нявіднай варце. Прайшло некалькі постацей, дзве-тры вясёлыя купкі. Дзве постаці, ужо ледзь не абмінуўшы, раптам спыніліся, прыгледзеліся.

— Ці не Міканор ето? — сказала, тоячы смех, адна.

Міканор пазнаў Чарнушкаву Ганну і ахвотна падаўся да яе. З Ганнай была Хадоська.

Ён прывітаўся.

— А я думала, ці не акалеў часам! — пакпіла Ганна. — Стаіць, як слуп пры шляху!

— Замерз! Не шкодзіло б і пагрэць, штоб було каму! — прыкметна павесялеў Міканор.

— Дак жа чарэн, мабуць, е? Ці заняты, можа, бацькам?

— Ды не. Але мне болей даўпадобы — жывы!

— Унё! Дак пашукаў бы! Можа, і знайшоў бы, калі не вельмі пераборлівы!

— Пераборлівы! Адны мне не падабаюцца, а другім я не даўпадобы. А трэція — дак занятыя! Адразу па два кавалеры, як стража па баках! Падступіцца няма як!

— От найшлі пра што гаварыць! — умяшалася Хадоська, тупаючы акуратнымі лапцікамі. — Лепей скажы, што табе суджано? Гадаў жа, пэўне?

— Не-а. Бо і так знаю: у халасцяках хадзіць буду, пакуль не надаесць вельмі.

— І мне нічого добраго не выйшло! — сказала Ганна, знарок журачыся. — Гадалі мы з Хадоськай, цягнулі саломіны. Дак ёй выцягнулася доўгая саломіна і — з коласам! Скора замуж пойдзе і — за багатого хлопца.

— От скажаш! — засаромелася Хадоська.

— А можа ж, я выдумляю?

— Не выдумляеш, але… — Хадоська, чутна было, уся поўнілася радасцю. — Але — не трэба казаць!..

— А мне, — пакпіла над сваёй няўдачай Ганна, — нічого добраго не выйшло! Кароценечкая саломінка і пустая! І возьмуць не скоро і — удавец стары будзе! От шчасце якое!

— Удавец! — раптам засмяяўся Міканор. — Дак ето ж добра! Ето ж ты, мабуць, выцягнула мяне! Я ж, можно сказаць, удавец. Бо ў мяне ж була… жонка!

— Була ў старца торба!

— Не, праўда, була! У Мозыры, на службе! Чорненькая, стройненькая, красівая! Вінтовачка трохлінейная!..

— Я ж і кажу: була торба!..

Хадоська, якая ўвесь час паглядвала на вуліцу, заўважыла непадалёк дзве постаці, нецярпліва пацягнула Ганну за рукаў:

— Хадзем!

Ганна таксама ўбачыла тых, што рыпелі снегам, падыходзілі, але адразу адвярнулася, папрасіла Міканора:

— Правядзі нас… Паварожым у Сарокі…

Штосьці было ў яе голасе такое шчырае, давернае, што прымусіла Міканора на момант завагацца. Міканор вытрымаў характар.

— Варажыце ўжэ адны…

Яна, было відаць, пакрыўдзілася трохі, але не сказала нічога: падышлі Яўхім з Ларывонам. Яўхім паздароўкаўся, зухавата пацікавіўся:

— Дак аб чым жа тут сакрэты?

— А аб тым, — сказала, знарок пазяхаючы, Ганна: — Час ці не час ісці спаць?.. Міканор кажа, што — час…

1 ... 66 67 68 69 70 71 72 73 74 ... 160
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)