Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Час second-hand - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Час second-hand

Электронная книга - «Час second-hand». Краткое содержание книги:

“Час second-hand” — кніга пісьменніцы Святланы Алексіевіч, апошняя з серыі, прысвечанай “гісторыі вялікай і страшнай утопіі — камунізму”: Вялікая Айчынная вайна, Афганістан, Чарнобыль і, нарэшце, развал сацыялістычнай імперыі... Кніга перакладзеная на многія еўрапейскія мовы і ўжо атрымала прэстыжныя прэміі нямецкіх кнігадрукароў і французскіх медыяў.
У прадмове аўтарка піша: “За семдзесят з лішкам гадоў у лабараторыі марксізму-ленінізму вывелі асобны чалавечы тып — “homo soveticus”. Адны лічаць, што гэта трагічны персанаж, іншыя называюць яго “саўком”. Мне здаецца, я ведаю гэтага чалавека, ён мне добра знаёмы, я побач з ім, поплеч, пражыла шмат гадоў. Ён — гэта я. Гэта мае знаёмыя, сябры, бацькі. Некалькі гадоў я ездзіла па ўсім былым Савецкім Саюзе, бо homo soveticus — гэта не толькі рускія, але і беларусы, туркмены, украінцы, казахі... Цяпер мы жывем у розных дзяржавах, размаўляем на розных мовах, але нас ні з кім не зблытаеш...”
1 ... 66 67 68 69 70 71 72 73 74 ... 185
Перейти на страницу:

Званок у дзверы. Прыехала медсястра. Памерала ціск. Зрабіла ўкол.

Увесь гэты час размова хоць урыўкамі, але працягваецца.

…Я неяк падумаў: сацыялізм не вырашае праблему смерці. Старасці. Метафізічнага сэнсу жыцця. Праходзіць наўзбоч. Толькі ў рэлігіі ёсць адказы на гэта. Та-а-ак… У трыццаць сёмым мяне б за такія размовы… …Кнігу «Чалавек-амфібія» Аляксандра Бяляева чыталі? Там геніяльны вучоны хоча зрабіць свайго сына шчаслівым і ператварае яго ў чалавека-амфібію. Але сыну неўзабаве становіцца сумна аднаму ў акіяне. Ён хоча быць як усе: жыць на зямлі, пакахаць звычайную дзяўчыну. Гэта ўжо немагчыма. І ён гіне. А бацьку здалося, што ён раскрыў таямніцу… Што ён — Бог! Вось ён — адказ усім вялікім утапістам!

…Ідэя была выдатная! Але што вы з чалавекам зробіце? Чалавек не змяніўся з часоў Старажытнага Рыма…

Медсястра сышла. Заплюшчыў вочы.

Пачакайце… усё ж такі я скончу… На гадзіну моцы яшчэ ў мяне хопіць. Працягнем… У турме я праседзеў амаль год. Ужо рыхтаваўся да суда. Да этапу. Дзівіўся: чаго яны са мной марудзяць? Як я разумею, ніякай логікі ў іх не было. Тысячы спраў… Хаос… Праз год мяне выклікаў новы следчы… Маю справу аддаюць на перагляд. І мяне выпускаюць, знялі ўсе абвінавачванні. Значыць, памылка. Партыя мне верыць! Сталін быў вялікі рэжысёр… Якраз у гэты час ён прыбраў «крывавага курдупеля», наркама Яжова. Яго судзілі. Расстралялі. Пачалася рэабілітацыя. Народ уздыхнуў: да Сталіна дайшла праўда… А гэта быў усяго толькі перадых перад новай крывёю… Гульня! Але ўсе паверылі. І я паверыў. Развітваюся з Вярхоўцавым… Ён паказвае свае зламаныя пальцы: «А я тут ужо дзевятнаццаць месяцаў і сем дзён. Ніхто мяне адсюль не выпусціць. Пабаяцца». Мікалай Вярхоўцаў… член партыі з тысяча дзевяцьсот дваццаць чацвёртага года… расстраляны ў сорак першым годзе, калі немцы падыходзілі да горада. Энкавэдысты расстралялі ўсіх зняволеных, якіх не паспелі эвакуіраваць. Выпусцілі крымінальную шпану, а ўсе «палітычныя» падлягалі ліквідацыі як здраднікі. Немцы ўвайшлі ў горад і адчынілі турэмную браму — там ляжала гара трупаў. Жыхароў горада, пакуль трупы не пачалі гніць, ганялі да турмы — глядзець на савецкую ўладу. Сына я знайшоў у чужых людзей, няня забрала яго ў вёску. Ён заікаўся, баяўся цемры. Сталі жыць з ім удвух. Я дамагаўся якіхнебудзь звестак пра жонку. І адначасова — аднаўлення ў партыі. Каб мне вярнулі мой партбілет. Новы год… У доме ўпрыгожана елка. Чакаем з сынам гасцей. Званок у дзверы. Адчыняю. Стаіць на парозе дрэнна апранутая жанчына: «Я прыйшла перадаць вам прывітанне ад вашай жонкі». — «Жывая!» — «Год таму была жывая. Пэўны час я працавала з ёй у свінарніку. Кралі ў свіней марожаную бульбу, дзякуючы гэтаму не здохлі. Ці жывая яна цяпер, не ведаю». Амаль адразу сышла. Я яе не затрымліваў… павінны былі прыйсці госці… (Маўчыць.) Бой курантаў. Адкаркавалі шампанскае. Першы тост «За Сталіна!» Та-а-ак… Сорак першы год…

Усе плакалі… А я крычаў ад шчасця — вайна! Я пайду на вайну! Ужо гэта ж мне дазволяць. Адправяць. Стаў прасіцца на фронт. Мяне доўга не бралі. Ваенкам быў знаёмы: «Не магу. У мяне на руках інструкцыя — «ворагаў» не браць». — «Гэта хто вораг? Я — вораг?!» — «Твая жонка адбывае пакаранне ў лагеры па 58-м артыкуле — контррэвалюцыйная дзейнасць». Немцы захапілі Кіеў… баі пад Сталінградам… Я зайздросціў кожнаму чалавеку ў ваеннай форме — ён абараняе Радзіму! Дзяўчаты сыходзілі на фронт… А я? Пішу ліст у райкам партыі: расстраляйце ці пусціце на фронт! Праз два дні мне ўручылі позву — цягам дваццаці чатырох гадзін быць на зборным пункце. Вайна была выратаваннем… адзіны шанец вярнуць сабе добрае імя. Я радаваўся.

…Рэвалюцыю добра памятаю. А потым, прабачце, ужо горш. Нават вайну ўжо меней памятаю, хоць па часе яна бліжэй. Памятаю, што нічога не змяніла. Толькі зброя напрыканцы вайны ў нас была іншая — не шашкі і вінтоўкі, а «кацюшы». А жыццё салдацкае? Як і раней, мы маглі гадамі есці суп з пярлоўкі і ячневую кашу, месяцамі насіць брудную бялізну. Не мыцца. Спаць на голай зямлі. А каб былі мы іншыя, як бы мы перамаглі?

…Падняліся ў бой… Нас з кулямётаў! Усе леглі на зямлю. Тут яшчэ мінамёт падключыўся, разносіць людзей на шматкі. Побач са мной упаў камісар: «Што ляжыш, контра! Наперад! Застрэлю!!»

…Пад Курскам сустрэў свайго следчага. Былога дырэктара школы… У мяне была думка: «Ну, цяпер, сволач, ты ў мяне ў руках. У баі застрэлю ціха». Было… Ну так… Хацеў. Не паспеў. Мы з ім нават аднойчы размаўлялі. «Радзіма ў нас адна» — яго словы. Смелы быў чалавек. Геройскі. Загінуў пад Кёнігсбергам. Што сказаць… Магу сказаць… я падумаў, што Бог зрабіў маю справу… Хлусіць не буду… Вярнуўся дадому двойчы паранены. З трыма ордэнамі і медалямі.

1 ... 66 67 68 69 70 71 72 73 74 ... 185
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)