Напярэймы жаданьням
- Автор: Дудзіцкі Уладзімер
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Напярэймы жаданьням». Краткое содержание книги:
Шчасьця — ні на часіну, а гора — на пяцігодкі...
У добрых людзей у нармальныя часы ноч пеўнямі мералася: да першых пеўняў узімку жанкі й дзяўчаты кудзелю пралі ці на кужаль ручайкі лёну ў сенцах пры лучыне пачэсвалі, а мужчыны лапці плялі, заваратні вілі й вязы парылі; па другіх пеўнях усе прачыналіся, а па трэціх — жанкі шпулі на вітушкі зьвівалі, а мужчыны за кулі ці цапы на таку браліся; па сьняданьні раніца ўжо з днём адразу сустракалася.
У турме — ня тое: пайкаю суткі біркаваліся. Дзень руханінаю к вечару падпіхаўся, а ноч сном найбольш укарачалася, каб учарашнімі наедзінамі жывот да заўтрашняга сколанага і, пэўне-ж, недаважанага прыносу як-небудзь час той пераскрыгаў. Калі-ж сну й ня было на сяго-таго, дык вочы ўсяроўна заплюшчанымі ўсю ноч трымаліся, каб уставаць ня было ніякае патрэбы. Гэтак, маўляў, і ў двух зайцоў адразу цэлілася й сіла ашчаджалася: нешта сьнілася, нешта, калі ня думалася, дык хоць вярзлося й пад ложачкай меней смактала. І жывату й галаве выгады былі немаленькія...
Такую навуку няблага ведаў і Міхал Сырадой зь Вільшчыны, чалавек, што, як сам ён, бывала, прызнаваўся, і вока ніколі нікому не запарушыў, а ўсё ў тое росьціва садавіны ўдаваўся й сьвету Божага ніколі ня бачыў. Ён і ўдзень найбольш сном намагаў, калі ніхто не дакучаў, — сам ня меў прычапкі ні да кога. Аднак гэтым разам нешта нейкае сталася з чалавекам. Урокі ня ўрокі, а сну ня было на яго. Шацкі Гарбун, рыбалоў зь дзесятага калена, даўно знаўся з Сырадоем і казаў жартуючы (гэты каб і трыццаць гадоў праседзеў, дык, мусіць, ня выжартаваўся-б):
— Ты, Міхал, пра мічурынскія бэры ці пра тую, што сваімі «бутылачкамі» горла дзярэ, думаеш? Упадобаў, каб яе качка стаптала...
Міхалу-ж, калі той у настроі, пальца ў рот не кладзі — бяз ногця выхапіш. І каб гэта быў не Гарбун, а нейкі ат сабе рыштанюга, дык і цяперака ў даўгу не астаўся. Аднак рыбалову выціснуў такое, што таму не дайшло й да цяму:
— Капянуў дзічку, а яна табе сьвет на ногі паставіла.
— От-жа й кажу: калі бэры прыядуцца, і дзічку ні да носу, — каб ладу трымацца, на паважнейшае Гарбун здабыўся. А зірнуўшы на мокрыя Сырадоевыя вочы, рыбяю мудрасьцяй наважыў жаль Міхалаў разьвесьці: — Ня журыся... Калі-б дурнейшымі былі ўсе краснапёркі, то й сам панам быў-бы. А то прыйдзе табе, зьліжа гарошыну, і паплавок ня скіўнецца. Раззлаваўся гэта я на тых краснапёрак ды й боўтнуў трутам на прынаджаным месцы, каб краснапёркі мае й хвастом ня вільнулі. І ня журуся: ні мне, ні ім — выздыхалі...
Да Міхалавых вушэй нешта-такі з тых краснапёрак даплывала спачатку, а празь нейкія дзьве-тры часіны й ягоныя думкі хвастамі ня вілялі... Адно нейкая чарнакосая прыгажуня лашчылася ды жоўтымі сьпелымі бэрамі частавала. Сырадой гладзіў даўгія дзявочыя косы, цалаваў духмяныя губы і кляўся:
— Не дарую, Алеська... Не дарую... Богу душу аддам, а не дарую зладзюзе...
Прыгажуня Алеська адступілася й вочы на апалую разьбітую бэру апусьціла, гаворачы старому Сырадою:
— Сорамна... Надта сорамна... Сам ён сябе пакарае...
Кулём кінуўся Міхал да прыгажуні, каб сорам уняць, каб сорам сэрца Алесінага не катаваў... І рукі разьвёў Міхал: Алесі як ні было. Толькі на сухіх галінках разьдзёртае ветрам дзічкі дагнівалі, нанізаныя нейчымі рукамі, чатыры Сырадоевыя бэры... І Сырадой моцна крыкнуў, але так як-бы гэта цэлая Вільшчына бэрамі ягонымі калаціць зышлася:
— Гэта-ж разбой!.. Гэта-ж нявіданае няшчасьце!..
_________
Калі пад столяй пачарнела, перапаліўшыся, «лямпачка Ільліча» ды патушыліся ліхтары ля дубальтовых зялезных брамаў на турэмным дворышчы, у камяніцу зірнула знадворку сьветла-сіняе халоднае неба. Жаўтаватыя перад гэтым у сьвятле ліхтароў дзьве таполі, край аднае страхі й касяк турэмнага муру ўвачавідкі пабялелі й зайскрыліся. Хрусткія йскрынкі — сьняжынкі-зорачкі, быццам тыя сьветлячкі-пырхаўкі ўначы або буйныя купальскія росы ў бляску вогнішча на лістох папараці, займаліся, патухалі й зьліваліся ў суцэльнае, мілае воку беліва.