Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Другая проза » Ордэн Белай Мышы
Ордэн Белай Мышы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Ордэн Белай Мышы

Электронная книга - «Ордэн Белай Мышы». Краткое содержание книги:

Выданьне апавяданьня і эсэ Уладзімера Арлова, якое пабачыла сьвет у менскім выдавецтве “Мастацкая літаратура” ў 2003 годзе, названае ад першага апавяданьня, што распачынае зборнік. Ці можна ўявіць сабе адну краіну, дзе ёсьць адзін кароль, адзін паліцэйскі, адзін студэнт. Усё выдатна, бо няма рухавіка, які рухае гісторыяй – спаборніцтва. Спаборніцтва думак, спаборніцтва здольнасьцяў. Аднак у плын рутыннага жыцьця, як яблык раздору, аўтар дадае рэч, якая таксама адна – Ордэн Белай Мышы, які вядома можа належыць толькі аднаму кавалеру. Дух змаганьня прымушае перажыць і пераасэнсаваць сэнс звычайнага, штодзённага жыцьця адной краіны. Акрамя “Ордэна белай мышы ў зборнік былі ўключаныя як найбольш вядомыя эсэ і апавяданьні аўтара з цыклю “Полацкія апавяданьні, гэтак і новыя на тэмы сучасныя і вечныя.
1 ... 3 4 5 6 7 8 9 10 11 ... 24
Перейти на страницу:

Шэф бяспекі вырваў з нататніка спісаны з абодвух бакоў аркуш. Кароль прабег яго вачыма і незадаволена зморшчыўся.

- Ты ператаміўся. Першае абсалютна непрымальнае. І другое. І трэцяе. Папаўзуць чуткі. Пункт чатыры... Ты што, зусім з'ехаў з глузду? Сёння я вешаю табе на грудзі ордэн, а заўтра ты сам... Дарэчы, я падпісаў таемны ўказ. Насамрэч ордэн атрымаеш ты.

Начальнік бяспекі з неўласцівым яму, здавалася б, спрытам спружыніста ўскочыў і па-вайсковаму выцягнуўся.

Ордэн Белай Мышы па-ранейшаму ляжаў на ядвабнай падушачцы, пераліваючыся дыяментамі, якія ад пошугаў агню ў каміне набывалі чырвоны колер. Кароль падняўся ўслед за сваім познім госцем і прышпіліў яму ўзнагароду насупроць сэрца.

- Ну а цяпер скажы, ты хочаш заўтра ўчыніць суіцыд?

Манарх сеў і перагарнуў аркуш з прапановамі.

- Ужо лепей... А што?.. Стары добры сродак, выпрабаваны на філосафе. Толькі не проста доўгатэрміновая камандзіроўка, а - творчая. Творчая доўгатэрміновая камандзіроўка. Берлін, Рым, Парыж... Што там яшчэ?.. У паведамленні для прэсы абавязкова падкрэсліць: за кошт дзяржавы. І гэта - святая праўда.

- Калі будзем выпраўляць, ваша вялікасць?

Адказ у караля ўжо быў гатовы:

- Мяркую, аптымальны час - сённяшняя ноч. - Манарх глянуў на старадаўні насценны гадзіннік з двума амурамі. - Скажам, а першай. Аформіш ад'езд уласнаручна.

- Жанчына?

- Каб яму не было сумна...

- А вы дазволіце?..

- Ах ты, стары грахаводнік!

- Ваша вялікасць, хіба не вы казалі, што грахі - гэта ўчынкі, якія прыемна ўспамінаць?

- Яна ж будзе яшчэ цёпленькая ад ягоных абдымкаў...

- У гэтым ёсць свой шарм. За адным разам пакажам пісьменніку цікавае кіно. Так бы мовіць, на дарожку...

Апошнія словы каралю чамусьці не спадабаліся. Ён дэманстрацыйна глянуў на гадзіннік. Залатыя стрэлкі-алебарды рыхтаваліся сустрэцца на лічбе XII.

Пачуўшы, як ад палаца ад'ехаў «мерседэс» шэфа бяспекі, кароль загадаў неадкладна выклікаць міністра паліцыі.

Галоўны паліцыянт краіны быў поўнаю супрацьлегласцю шэфа бяспекі: высокі, падхорцісты і да бляску выгалены. Кароль сардэчна павітаўся з ім за руку, пасадзіў госця за стол і наліў віна.

- Не, нічога не здарылася, - адказаў манарх на запытальны позірк. - Проста захацелася пасядзець з чалавекам, якому давяраеш, нібы самому сабе. У краіне такіх двое: ты і начальнік службы бяспекі. Ён толькі што пайшоў. Дзяржаўныя справы... Засталося пару нюансаў, якія мы не паспелі абмеркаваць. Я не затрымаю цябе. Праз гадзіну будзеш абдымаць сваю здобную жоначку або каго захочаш. А пакуль узбадзёрся старым добрым бургундскім. Бараніна, праўда, астыла.

Міністр паліцыі акуратна асушыў келіх, прамакнуў вусны сурвэткаю і агледзеў стол.

- Рэкамендую ласінай каўбаскі, - сказаў кароль.

Галоўны паліцыянт пасунуў да сябе талерку і са смакам узяўся закусваць. Тым часам кароль падсеў да бюро ў стылі ампір і пачаў хутка пісаць. Праз колькі хвілінаў на пакладзеным перад ім аркушы начальнік паліцыі прачытаў: «Сёння табе не давядзецца спаць. Паступілі надзвычай дакладныя звесткі, што блізу гадзіны ночы ў сталіцы будзе здзейсненае дзёрзкае і цынічнае забойства. Пра астатняе пагаворым у палацавым парку. Сцены маюць вушы і ў каралеўскіх рэзідэнцыях».

Міністр наліў сабе келіх бургундскага, засяроджана выпіў і ўстаў. Кароль узяў яго пад руку і ўжо ў дзвярах дадаў да напісанага:

- У адных людзях жыве Бог, у другіх - д'ябал, а ў некаторых - адно глісты і мікробы.

Вярнуўшыся праз чвэрць гадзіны ў залю, кароль наліў сабе віна, але піць не стаў. Ён падышоў да дзвюх прынесеных шэфам бяспекі скураных валізак, паважыў іх у руках і выбраў больш пакоўную. Паклаў яе на камінную дошку, трохі пакруціў колцы замкоў і, упэўніўшыся ў іхняй надзейнасці, дастаў з шуфляды бюро вялікі паляўнічы нож. Праверыўшы ягоную вастрыню, кароль застаўся задаволены і ўвагнаў джала ў валізку. Нож акуратна разрэзаў светла-брунатную скуру па перыметры.

Валізка была наладаваная простымі папяровымі тэчкамі на тасёмках. Кароль пасунуў да каміна сваё цяжкое, абабітае зялёным аксамітам крэсла, паставіў на камінавую дошку келіх з віном і паклаў на калені верхнюю тэчку. Ён не спяшаючыся развязаў белыя тасёмкі, але раптам ускочыў і з лютасцю шпурнуў тэчку ў камін. З наступнай тэчкаю ўсё паўтарылася. Другую валізку ён распаласаваў ножам крыж-накрыж і рвануў скуру рукой. Вынік быў той самы.

У гэтым месцы крыніцы, якімі карыстаўся аўтар, пачынаюць пярэчыць адна адной, прычым розначытанні набываюць настолькі прынцыповы характар, што змушаюць падаць абодва варыянты.

1 ... 3 4 5 6 7 8 9 10 11 ... 24
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)