У ноч на Пакровы
- Автор: Гилевич Нил Семёнович
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-6852-41-4
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «У ноч на Пакровы». Краткое содержание книги:
Новая кніга паэзіі Ніла Гілевіча «У ноч на Пакровы » — працяг той неспакойнай размовы, якую паэт вядзе з чытачамі не адзін дзесятак гадоў. Галоўны балючы нерв размовы — па ранейшаму лёс Беларусі, беларускай мовы і культуры.
Перейти на страницу:
Год сорак трэці.
Сярэдзіна ліпеня.
Грузны мардаты жандар
допыт здымае з мяне —
аплявухай, цяжэзнай,
як пральнік дубовы,
раз і другі, а пасля —
падкаваным жалезамі ботам.
Я ляжу (мне дванаццаты год),
непрытомны, на пыльнай дарозе
і, бы ў сне, чую лязгат затвора
й імгненна расплюшчваю вочы:
у твар мне глядзіць
чорным колцам бліскучым
сталёвае дула.
Я хачу падхапіцца,
а сілы няма, і ад жаху
крычу безгалоса:
«Дзядзечкі! Міленькія!
Вы пра што тарарэкаеце?
Пра якую —
такую і гэткую — праўду?»
Сорак трэці.
Набраклы дажджамі,
разбухлы кастрычнік.
«Немцы! Немцы! Хутчэй уцякайце!» —
крычаць і бягуць праз балота,
да ўзлеску, мужчыны.
За дарослымі ўслед
я таксама бягу
па куп'істым балоце,
задыхаюся, падаю,
ногі правальваюцца
па калена ў дрыгву,
адстаю, усё болын адстаю,
адчуваю: не збегчыся мне,
не ўцячы, не ўцячы,
і, ахоплены жахам
(о, жах неўратунку!)
штосілы крычу безгалоса:
«Дзядзечкі! Міленькія!
Вы пра што тарарэкаеце?
Пра якую —
такую і гэткую — праўду?..»
Травень сорак чацвёртага.
Пушча дрымучая.
Дзіч векавы.
Сяджу між кустоў багуну,
у сцюдзёнай рудаўцы па грудзі.
Ногі нямеюць і дзеравянеюць
ад лютага холаду,
іх ломіць
нясцерпна-пранізлівым болем,
ды мушу маўчаць,
бо нельга заенчыць, бо ўчуюць,
праходзячы поблізу, карнікі.
I ўсё ж я крычу —
з той рудаўкі,
з той багны ў дзічы векавечным:
«Дзядзечкі! Міленькія!
Вы пра што тарарэкаеце?
Пра якую —
такую і гэткую — праўду?..»
Наіўны хлапчук быў.
Таму і крычаў:
ну а раптам пачуюць?
А раптам пачуюць і ўспомняць
пра суд у Нюрнбергу?..
2007
Перейти на страницу: