Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Снежныя зімы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Снежныя зімы

Электронная книга - «Снежныя зімы». Краткое содержание книги:

Галоўныя падзеі рамана адбываюцца ў наш час. Адказнага работніка, старога камуніста Івана Антанюка, адправілі на пенсію за яго нязгоду з некаторымі «наватарствамі» ў навуцы і валюнтарызмам, які меў месца да кастрычніцкага пленума 1964 года. Але ў аснове галоўнай сюжэтнай лініі не гэты вытворчы канфлікт, а хутчэй за ўсё сямейна-бытавы. У мінулым Антанюк — камандзір партызанскай брыгады, і з тых нялёгкіх ваенных часоў бяруць пачатак яго ўзаемаадносіны з рознымі людзьмі. Няпростыя адносіны ў яго ўласнай сям’і, з роднымі дзяцьмі, яшчэ больш складаныя адносіны з жанчынай, якую палюбіў у час вайны. Але ва ўсіх жыццёвых сітуацыях Іван Антанюк застаецца прынцыповым камуністам, верным таварышам і добрым чалавекам.
1 ... 63 64 65 66 67 68 69 70 71 ... 155
Перейти на страницу:

Віталія нерухома стаяла на ранейшым месцы, як акамянелая, дапытліва і, здалося, скептычна разглядала госця.

Івана Васільевіча раптам узлавалі і яе ўхмылкі, і манументальнасць паставы, і тое, што ён, мусіць, быццам бы апраўдваецца перад гэтай дзяўчынай. Чаму?

Ён сказаў цвёрда і строга:

— Што б у нас ні было, ты цяпер не маеш права асуджаць нас. Не, не маеш! Табе не пятнаццаць год!

Яна адказала не адразу, як бы падумаўшы:

— Я не асуджаю.

— І я хачу, каб ты ведала, што я такі маю права казаць табе «ты».

Віта засмяялася басавіта, шчыра, і смех такі неяк адразу скрышыў лёд. Павеяла цёплым вецярком.

Зрушыла з месца: схапіла з фікуса свой халацік, размашыста кінула яго за шырму. Перасунула крэслы. Прыбрала са стала кнігі і сшыткі.

— Вы елі? Маю загад накарміць вас.

— Не. Не еў. Я заснуў. Але я галодны, як воўк. Далікатны госць не павінен прызнавацца. Але я не далікатны госць.

Яна весела, неяк па-новаму бліснула вачамі і пайшла на кухню.

«На каго яна падобна? Ні на каго яна не падобна!» — падумаў Іван Васільевіч і адчуў задавальненне ад размовы, якая напачатку здалася небяспечнай. Настрой адразу ўзняўся. Ён правёў даланёй па калючым падбародку і пашкадаваў, што не захапіў з чамадана электрабрытвы. Святло ёсць. І разетка. Але, выходзячы з вагона, ён зусім не думаў адставаць. А пагаліцца хочацца — прывык галіцца штодня. Дзе цяпер у гэтым жаночым царстве знойдзеш брытву?

Скінуў пінжак і ў адной сарочцы, закасваючы рукавы, выйшаў на кухню. Віталія распальвала на прыпечку керагаз.

— Дзе можна памыцца?

— Я палью вам.

Дзяўчына моўчкі, задумліва палівала яму на рукі над эмаляваным тазам. Яму не спадабалася, што яна раптам стала такая маўклівая. Трэба нечым зацікавіць яе.

— Я ўжо тыдзень у дарозе. Ездзіў да сына. Ён служыць у Крыму. Сухапутны марак. Берагавая ахова. Ён твой равеснік, месяцы на тры маладзейшы.

Выціраючыся, праз ручнік сачыў, як яна прыняла гэтае паведамленне. Зусім спакойна, бадай абыякава. Спытала:

— У вас водпуск?

— Не-е. Я вольны казак. Пенсіянер.

Тут яна здзівілася:

— Так рана? У вас і лысіны яшчэ няма, і сівых валасоў нямнога.

Такая амаль дзіцячая яе непасрэднасць рассмяшыла.

— Дзякуй за камплімент.

Лёгкая чырвань зрабіла дзяўчыну прыгажэйшай.

— Не, праўда, чаму вы так рана на пенсіі? Па хваробе?

— Не, я здаровы. Абараняў травы.

— Травы? Якія травы? — не зразумела яна.

— Кармавыя. Якія хацелі заараць і пасеяць замест іх кукурузу.

— А-а, у калгасах. І за гэта вас паслалі на пенсію? Карацей кажучы, вы некаму перашкаджалі?

— Магчыма. Але і такое тлумачэнне спрошчанае. Усё больш складана. Як заўсёды ў жыцці.

— На пенсію вам не хацелася?

— Не хацелася.

— Вам цяжка?

Іван Васільевіч зразумеў: Віталія падумала, што гэта здарылася нядаўна і што праз гэта ён прыехаў — адвесці душу.

— Не. За паўтара гады я ўжыўся ў сваю новую ролю. Як ужываецца акцёр. Няньчу ўнука, езджу на паляванне…

— Ваш сын жанаты?

— Старэйшая дачка замужам.

Чакаў, што яна спытае: колькі ў вас дзяцей?

Не спытала. Занялася кухоннымі справамі.

Ён прапанаваў памагчы ёй. Адмовілася.

Пайшоў у пакой, знарок не зачыніў дзверы і ўпотай назіраў за дзяўчынай. Яна рабіла ўсё з ненатуральнай павольнасцю, у глыбокай задумлівасці. Пра што яна думала? Гэта сур’ёзна пачало непакоіць Івана Васільевіча. Няхай бы лепш яна была калючая, насмешлівая, як у пачатку сустрэчы, нават непаважлівая.

Віталія трохі ажывілася, калі накрывала на стол тут, у чыстай палавіне хаты, дзе госць рабіў выгляд, што ўся ўвага яго занята кніжкамі на этажэрцы.

Стол яна сабрала багаты: капуста, гуркі, квашаныя брусніцы, патэльня яечні, якая ўсё яшчэ сярдзіта сквірчэла і напаўняла хату апетытным пахам. Над талеркамі ўзвышалася пляшка з-пад шампанскага з амаль чорнай, як дзёгаць, вадкасцю.

Віталія запрасіла госця да стала, села сама насупраць і гасцінна напоўніла шкляначкі настойкай.

Іван Васільевіч узняў сваю шклянку, сказаў:

— Я вып’ю за цябе, Віта. Я рады, што бачу цябе такой. За твае поспехі, за шчасце! Будзь здарова.

Але Віталія не дала яму выпіць. Яна сказала:

— Я ненавідзела вас. Тады, дзяўчынкай… Абуралася ўся мая дзіцячая істота. Потым вы доўга не траплялі на вочы, і я амаль забылася пра вас. Калі сёння мама — божа! якая яна разгубленая! — сказала мне ў школьным калідоры, што прыехаў яе партызанскі таварыш, я здагадалася, што гэта вы, і ў мяне калыхнулася нядобрае… Пратэст, ці што… Але потым я падумала, што мама кахае вас… Што яна засталася вернай гэтаму каханню… Яна была маладая і магла выйсці замуж, прывесці мне айчыма… Такое каханне нельга не паважаць. Я сама ў інстытуце выступала супраць ханжаства. Я даравала вам… Сёння, ідучы са школы. І я нічога не буду распытваць пра вашы адносіны з мамай. Разумею. Не маленькая. Але абяцайце, што вы будзеце са мной такім жа шчырым і будзеце гаварыць, як з дарослым чалавекам.

1 ... 63 64 65 66 67 68 69 70 71 ... 155
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)