Добры дзень, мая Шыпшына
- Автор: Орлов Владимир Алексеевич
- Год: 1986
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: История
Электронная книга - «Добры дзень, мая Шыпшына». Краткое содержание книги:
Прадмова Я. Лецкі
Яніна
Зноў і зноў мне сніцца гэты сон...
Вечар. Вакол сабора запаліліся ліхтары, і жоўтае іх святло мяшаецца са святлом месяца. На лаве, як зазвычай, толькі сёння чамусьці не пад ліпай, а зусім блізка, сядзіць купа падлеткаў; у руках у кожнага бутэлька.
— Біл, секані, зноў здані паўзуць! — чуецца з лавы.
— Біл,— працягвае той самы голас, у якім хаваецца нейкая настылая страшная злосць,— а ты калі-небудзь спаў са зданямі?
Ён, вядома, кажа гэта іначай, і Раман спыняецца. Я пачынаю чуць сваё сэрца. Я ведаю, што Раман займаўся боксам, але іх шмат, і я ціха і роспачна прашу: «Раманка, родны, пойдзем».
— Хлопчыкі, хто з вас скажа, што ў Казла не вараць мазгі? — Гэта той, каго завуць Білам.
Ён лена падымаецца і знянацку шпурляе паўзверх нашых галоў недапітую бутэльку. На белай сцяне сабора расплываецца цёмная пляма. Я цягну Рамана за руку, ужо ведаючы, што гэта марна. Трэба кагосьці клікаць на дапамогу, але сабор наводшыбе, а вартаўнік прыйдзе толькі праз гадзіну.
Біл стаіць так блізка, што я адчуваю густы вінны смурод. Білавы вочы санліва глядзяць некуды скрозь Рамана, а пад блішчастай курткай падабраная, падрыхтаваная для ўдару постаць культурыста.
— Ты, гніляк! Цябе ў школе вучылі, што трэба дзяліцца?
У наступнае імгненне Раман б'е яго, і Біл знячэўку садзіцца на дол.
— Хлопчыкі! — хрыпата выгуквае ён, адпаўзаючы, і шэсць ці сем падлеткаў ускокваюць з лавы.
— Уцякай! — крычыць мне Раман, адступаючы да мура.
Можна бегчы, бо на мяне ўжо ніхто не зважае, але прадчуванне чагосьці жахлівага не дае крануцца з месца.
Яны нападаюць у сціхоце, адно чуваць перарывістае дыханне. Раман адбіваецца, стоячы спіной да сабора. I раптам у запале робіць некалькі крокаў наперад, і за яго плячыма маланкава апынаецца рослы хлапчук з кароткай стрыжкай.
— Казёл! Не трэба! Пасадзяць! Казё-о-ол! — пераразае страшную цішу перапуджаны, зусім дзіцячы голас.
Але позна. У Казловай руцэ штосьці коратка бліскае, і Раман пачынае неяк дзіўна адыходзіць убок.
Яшчэ там, у сне, я роспачна спрабую пераканаць сябе, што гэта толькі сон.
I апошняе, што бачу,— смяротна спалоханыя Раманавы вочы.
Прахопліваюся ў халодным цяжкім жаху, але тае ж хвілі мне прагнецца вярнуцца назад, у жудлівы сон, бо ў ім, прынамсі, будзе надзея, што ўсё гэта толькі сніцца, што гэтага не было...
Бясперстых
Цікава, хто прыдумаў, што лепшы сродак ад молі — сухія апельсінавыя лупінкі? Учора выцягнулі кажушкі, а ў Глафірыным молі столькі, што дзіўна, як яна гэтыя лупінкі не паела. Слёзы, вядома, і ўсё такое. Паабяцаў, не падумаўшы, новы кажушок да маразоў дастаць. А сёння вось раскайваюся. Не такая гэта простая задача, нават для Мікалая Анісімавіча Бясперстых. На тэлефоне прыйдзецца пасядзець, на паклон схадзіць.
Але ўсё адно настрой у мяне неблагі. Сёння ж пятніца, жонка пячэ пірагі.
Пірагі, мяркуючы па ўсім, будуць трох сартоў. Па-першае, з трусяцінай. Трусовае мяса сухаватае, але Глафіра ведае, колькі дадаць сальца і цыбулькі, каб атрымаўся самы цымус. Па-другое, з грыбамі. Грыбы цяпер, зразумела, ужо сушаныя, аднак выключна баравікі. Смаката!
Калі б святым, што на музейнай «Патайнай вячэры», гэткія пірагі — не сядзелі б з поснымі тварамі, а Юда мо і Хрыста прадаваць не пабег бы.
А па-трэцяе, з рыбай. Вярнуўся днямі са свайго возера на зімоўку наш рэдактар. Не ведаю, як там наконт ягонай павястушкі, а рыбы нарыхтаваў — да вясны хопіць. Грыбоў сорак літраў паставіў, пяць вёдзер журавінаў.
Зноў старая кампанія ў поўным зборы. Віктар Алімпавіч сёння будзе пра аўтагенную трэніроўку расказваць. Новае захапленне. Гаварыў, чалавек пасля гэтай самай трэніроўкі можа неверагодныя рэчы рабіць.
Павінны быць і салодкія пампушкі з макам...
Ну хіба можна папракнуць чалавека, што ён любіць смачна пад'есці? Балазе за апошнія гады ў мяне прыкметна палепшаў апетыт. Доктар кажа, што ў маім узросце гэта адзнака яшчэ доўгага жыцця.
Хвіліна ёсць пакутлівага шчасця...