ПАД ЗНАКАМ ПАГОНІ
- Автор: Малецкі Язэп
- Год: 1976
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «ПАД ЗНАКАМ ПАГОНІ». Краткое содержание книги:
Язэп Малецкі
Мясцовыя Немцы сустрэлі гэтых новых расейскіх калябарантаў непрыхільна. Яны добра помнілі нядаўна ліквідаванага ў Вялейшчыне Радыёнава зь ягоным расейскім «вызвольным корпусам» з палонных, што з «саюзьнікаў» Немцаў сталі іх здраднікамі, перайшлі да савецкіх партызанаў, ды ў Глыбоччыне, Каралеўшчыне й іншых раёнах нападалі й на Немцаў, і на беларускае жыхарства. Толькі Перамыкін цешыўся з казацкай ватагі. Мы, Беларусы, трымаліся на ўсякі выпадак напагатове. І чакаць доўга ня прыйшлося. Пасьля двух тыдняў ватага ноччу села на вазы й коні ды па даўгінаўскім гасьцінцы накіравалася ў лясы. Немцы спачатку ня сьцямілі ў чым тут справа. Казалі, што Казакі выйшлі на ваенныя заняткі. Тыя-ж далучыліся да партызанскіх бандаў.
8-га сакавіка 1944 году мы атрымалі лісты з БЦР з загадам аб мабілізацыі вызначаных гадавікоў у Беларускую Краёвую Абарону (БКА). Праца закіпела. Трэба было змабілізаваць аж 14 гадавікоў ды ў сьпешным парадку. Усюды па мястэчках мы вызначылі прызыўныя пункты з камісіямі. Сама мабілізацыя пачалася 10 сакавіка. На зборных пунктах камісіі пераглядалі змабілізаваных. Няздольных і шматдзетных звальнялі ад абавязку ваеннай службы.
Немцы былі здзіўлёныя масавай яўкай змабілізаваных. Былі й бальшавіцкія правакацыі. Так, з адной вёскі ў партызанскім валоданьні зьявіўся толькі гарбаценькі чалавек, пасланы відавочна з насьмешкай на нашую вайсковую акцыю й для шпіянажу. З суседніх вёсак камісіі данясьлі, што «гарбаценькі» — агент партызанскіх бандаў. Яго затрымалі ды выслалі ў Нямеччыну на працу.
Мабілізацыя трывала тры дні й набрала ў Вялейскай акрузе каля 15 000 чалавек, а па ўсёй Галоўнай Акрузе Беларусі каля 100 000. У самой Вялейцы было згрупавана каля 6000. Усе падрыхтаваныя будынкі былі перапоўненыя. Бурмістр Чалоўскі біўся як рыба аб лёд, каб даць жаўнерам харч, пасьцель, абутак. На ўзбраеньне Немцы далі толькі 7 кулямётаў, 1200 старых італьянскіх, аўстрыйскіх і савецкіх стрэльбаў, ды колькі аўтаматаў. Амуніцыя выдзялялася дзясяткамі на чалавека; далі й колькі гранатаў. Ня было, зразумела, ніякіх танкаў, панцырнікаў, артылерыі, самалётаў.
Што ў гэткіх умовах маглі рабіць змабілізаваныя жаўнеры? Немцы назіралі змабілізаваных ды маўчалі. Ды з аружжам і ім самым было ўжо крута. Аж да свайго адыходу Немцы не адважыліся даць беларускаму войску поўнага ўзбраення, вайсковага аснашчэньня, ды нават і не скарыстоўвалі яго ў шырэйшым маштабе. Тармазіла іх відавочна ўсё яшчэ нацыская ідэя, што Немцы не павінны дзяліцца з падбітымі народамі ні аружжам, ні перамогай. Трэба думаць, што яны таксама не давяралі, падазравалі, што мы хінёмся ў бок Аліянтаў.
Войска змабілізаванае, няма зброі, ваеннага рыштунку, абмкндзіроўкі, абутку, толькі харчы. А тут яшчэ цімала розных асаблівых выпадкаў. Вось, прыкладам, змабілізаваны брат, а ў сям'і сястра псыхічна хворая, ня мае апекі. У гэткіх выпадках Немцы псыхічна хворых стралялі. Што рабіць? Загадаў прывесьці гэту сястру на мэдыцынскі агляд. Тры дні пазьней зьявіўся да мяне той дзяцюк зь недаразьвітай сястрой і солтысам. Паглядзеў я на дзяўчыну, пагутарыў зь ёю. Аказалася, што яна толькі прыдуркаватая, ня здольная кіраваць гаспадаркай. Прыйшлося брата адпусьціць з БКА.
Мелі мы клопаты й з чужаземцамі. Змабілізаваны быў адзін афіцэр Украінец, які паводля закону ня меў абавязку вайсковае службы. Ды ён сам хацеў быць у нашых збройных сілах, дык ці магчыма было яму адмовіць? Іншы, афіцэр Маеўскі, аказаўся Палякам, яго, згодна зь інструкцыяй, я звольніў. БКА ня мела права прыймаць у свае рады грамадзян іншых нацыянальнасьцяў. Змабілізаваныя радавыя Палякі адсылаліся ў існуючыя ўжо пад нямецкім кіраўніцтвам польскія аддзелы. Гэтак польскі аддзел, што быў пад камандай фон Розэна, з 35 чалавек узрос да 60-ці. Каля Крывічоў стаяла таксама летувіская рота. Дачыненьні з гэтымі й нашымі аддзеламі, за выняткам Жодзішак, былі прыязныя.
Зьявіліся да мяне й два савецкія афіцэры, Расейцы, маёр Юшын ды паручнік Махеймов. Справа выглядала гэтак: Перамыты, кіраўнік крымінальнай паліцыі, прадставіў нам двух савецкіх вайскавікоў. Адзін, малодшы, выглядаў на эўрапэйца, другі-ж — на азіята-Кіргіза. Зь ягонай паходкі й выгляду адчувалася энкавэдыская выпраўка. Перамыты, які прывёў да мяне гэтых тыпаў, казаў:
— Наместнік, это вам рыба! Я прівел вам большіх асобых военных спеціалістов с саветской арміі…
Саветчыкі павайсковаму засалютавалі ды прадставіліся. Падаўшы ім руку, я папрасіў іх сесьці. Гутарка ішла вёртка, мы жартавалі на ўсе лады. Выявілася, што гэта былі людзі адукаваныя, культурныя. Разьвітваючыся зь імі я абяцаў даць адказ за два-тры дні.