Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Другие приключения » Палескiя рабiнзоны
Палескiя рабiнзоны - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Палескiя рабiнзоны

Электронная книга - «Палескiя рабiнзоны». Краткое содержание книги:

У кнігу старэйшага беларускага пісьменніка Янкі Маўра ўвайшлі чатыры папулярныя прыгодніцкія аповесці. Аповесць «Палескія рабінзоны» ўжо даўно пастаўлена юнымі чытачамі ў ліку самых любімых сваіх твораў.
Акрамя яе ў кнігу ўвайшлі аповесці «У краіне райскай птушкі», «Сын вады», «Фантамабіль прафесара Цылякоўскага».
1 ... 56 57 58 59 60 61 62 63 64 ... 97
Перейти на страницу:

Манг надумаўся скарыстаць гэтае падарожжа па паліва, каб здабыць сабе жэрдак і кары, а там ужо відаць будзе, што рабіць.

Усю ноч ішлі лодкі на поўнач па вуліцах і завулках. На другі дзень апаўдні выйшлі ў шырокую пратоку. Гэта і была Магеланава пратока.

Спераду ўздымаліся высокія снегавыя горы: то пачынаўся кантынент Амерыкі. Але і ён быў гэтак жа зрэзаны рознымі маленькімі затокамі і пратокамі, як і тыя астравы, адкуль нашы падарожнікі прыехалі. Гэтак жа нельга было даступіцца да стромкіх, голых скал. Толькі далей, у цяснінах, касмацілася расліннасць.

Налева пачынаўся Ціхі акіян, а направа пратока гублялася сярод скал.

— Гляньце, гляньце, кану белых плыве, — закрычалі дзеці.

І сапраўды, — з-за скалы паказаўся карабель, вялікі, магутны.

Узварушыліся дзеці, засмяяліся.

Усе замахалі рукамі. Нават паважныя бацькі задурэлі не менш ад дзяцей.

Гэта было адзнакай таго, што яны ўжо бачылі караблі, ведалі, што гэта такое, і не толькі не баяліся, але, наадварот, радаваліся, бо ведалі, што ім нешта перападзе. Яны паплылі насустрач караблю.

Там ужо заўважылі іх і згуртаваліся ля борта, каб падзівіцца на такіх рэдкіх, незвычайных марскіх жыхароў. Паляцелі зверху кавалкі хлеба. Фуіджынцы кідаліся за імі нават у мора і тут жа з'ядалі прамоклы ў горка-салёнай вадзе хлеб. І якім смачным ён ім здаваўся!

Нехта пастараўся кінуць дзецям апельсін, які тыя адразу ж пачалі есці разам з лушпайкамі. Нейкі міласэрны пан не пашкадаваў кінуць добры ножык-складанчык, які падхапіў Манг.

Нездарма радаваліся фуіджынцы сустрэчы з караблём, але ж затое ледзь і не пацярпелі: ад карабля ўзняліся такія хвалі, што толькі гэтыя марскія людзі маглі неяк утрымацца, каб не перакуліцца.

Карабель прайшоў. Доўга глядзелі ўслед яму фуіджынцы, пакуль ён не завярнуўся направа і не знік за скаламі. Рэдка ім здаралася бачыць карабель, — раз або два ў год, а то і менш, бо не маглі ж яны ўвесь час пільнаваць тут на дарозе. Ды і наогул караблі па Магеланавай пратоцы ходзяць рэдка, асабліва з таго часу, калі пракапалі Панамскі канал.

Карабель прайшоў, зноў засталося тое самае, што было: вада, скалы і два чоўны. Нідзе ніякіх адзнак жылля чалавека. І каб не было ў руках некаторых рэчаў, можна было б падумаць, што ўсё гэта прыснілася.

«Адкуль яны плывуць і куды? — думаў Манг. — Якім чынам і дзе пабудавалі такую вялізную кану? Адкуль яны бяруць такія дзіўныя рэчы? Чаму яны так рэдка сустракаюцца? Шкада, што нельга ўбачыць іх зусім блізка. Якія гэта людзі, ды і наогул ці людзі?..»

Манг быў упэўнены, што гэтыя людзі, як і ўсе іншыя на свеце, жывуць таксама на вадзе, толькі ў велізарнай кану. Але ў якім месцы яны знаходзяцца, чаму тут яны заўсёды толькі праязджаюць міма, а не спыняюцца?

І ён запытаў аб гэтым у бацькі.

— Не, — адказаў стары Тайдо. — Яны жывуць заўсёды на зямлі, на беразе, і вельмі далёка. Кажуць, што ў іх на зямлі пабудаваны такія самыя вялізныя кану. А на гэтых яны толькі часам пераязджаюць з месца на месца.

— Значыцца, яны заўсёды жывуць на адным месцы, на беразе? — здзівіўся Манг.

— Так.

— Чаго ж ім сядзець на беразе, калі яны на такіх кану могуць жыць усюды, дзе захочуць? Хто ж можа жыць заўсёды на адным месцы? Адкуль жа ежы ўзяць?

Але на такія пытанні стары Тайдо не мог адказаць. І Манг пастанавіў сабе абавязкова паглядзець на іх, калі ён будзе мець сваю ўласную кану.

Тым часам яны перасеклі Магеланаву пратоку, прайшлі некалькі закавулкаў між скал і апынуліся ў досыць вялікай прыгожай бухце. Акружаная з усіх бакоў гарамі, заўсёды ціхая, бухта з'яўлялася найлепшым прытулкам не толькі для чоўнаў фуіджынцаў, але і для кожнага судна. Кавалак паперы ля берага сведчыў, што нейкае судна яшчэ нядаўна карысталася гэтым прытулкам.

На паўночным і заходнім баку відаць была расліннасць, але шмат часу прайшло, пакуль знайшлі зручнае месца, каб прыстаць і вылезці. З паўкіламетра трэба было яшчэ прапаўзці па голых каменнях, пакуль падышлі да хмызняку. Але і хмызняк быў нейкі нялюдскі: каравы, кручаны, цвёрды, як жалеза, і рос ён не ўверх, як усе добрыя расліны, а слаўся каля зямлі і пераплёўся так, што стварыў нейкі зыбучы насціл, праз які людзі правальваліся на кожным кроку. А ўнізе было цёмна, вільготна. Спрабавалі былі яго ламаць і сячы, але хутка пераканаліся, што нічога з гэтага не выйдзе. Не з іхнімі прыладамі трэба было брацца за такую працу.

Толькі ўсцешылі іх нейкія чырвоныя ягады, нібы парэчкі, якія раслі сярод гэтага паўзучага хмызняку. Гэтыя ягады былі ім знаёмыя: з іх яны нават умелі рабіць хмельнае пітво.

Жанчыны і дзеці засталіся збіраць іх, а мужчыны пайшлі далей, туды, дзе відаць быў лес.

Наперадзе ішоў Манг, які толькі і думаў аб тым, як здабыць сабе матэрыял для кану.

Лес быў таксама нейкі асаблівы, нібы скурчаны ад холаду, але складаўся ён з букавых і міртавых парод, што растуць толькі ў цёплых краях. Такая ўжо тут прырода, што не разбярэш, ці халодны клімат ці цёплы.

Тут ужо галля лягчэй было набраць, але ж затое Манг набегаўся, пакуль знайшоў сабе больш-менш роўных жэрдак. А потым панадзіраў і кары. Асабліва дапамог яму складанчык, якім ён ужо навучыўся ўладаць.

— А ты ўсё ж такі за сваё бярэшся? — нездаволена бурчаў бацька.

— Ды яно ўсё роўна будзе патрэбна, — апраўдваўся Манг.

Асабліва цяжка было перацягнуць усё гэтае дабро да лодак праз хмызняковы насціл, а потым па скалах. Да вечара яны паспелі прынесці толькі па адной вязцы.

— А ну яго! — сказаў змораны Тайдо. — Лепш ужо паліць марскую траву.

— Калі прыехалі сюды, дык трэба набраць дрэва, — настойваў Кос.

Затое пераначавалі на беразе ля вогнішча, больш шчодрага, як заўсёды. Ды і прыемна было вольна расцягнуцца на зямлі пасля шматдзённага сядзення ў лодцы.

Назаўтра прынеслі яшчэ па некалькі вязак, а Манг перацягнуў усе свае матэрыялы.

— Ну, а што цяпер будзеш рабіць з імі? — усміхнуўся Тайдо.

— Човен, — адказаў Манг і пачаў наладжваць жэрдкі.

Старыя зірнулі адзін на аднаго і паківалі галовамі.

— Вось упарты які! — нібы сурова сказаў Тайдо, але відаць было, што ён не злуе.

— Справа добрая, — падтрымаў Кос, — усё роўна, не цяпер, дык у наступным годзе рабіць прыйдзецца.

А назаўтра ўжо абедзве сям'і разам працавалі над лодкай. Мужчыны звязвалі з жэрдак рэбры лодкі, жанчыны сшывалі кару. Кос ахвяраваў і тое, што ў іх было раней пашыта. А Манг насіўся, нібы на крылах.

І ўсе прысутныя, нават дзеці, лічылі, што гэта шыецца дом для Манга і Мгу. Толькі адзін Манг пра гэта не хацеў думаць.

Праз некалькі дзён побач з двума чоўнамі з'явіўся трэці. І ніводнага жалезнага цвіка не было ў гэтым чоўне.

— Хай пацешыцца пакуль што, — казалі між сабой бацькі,— усё роўна Мгу яшчэ малая.

Ці ведала сама Мгу, што лёс яе звязваўся з гэтым чоўнам? Вядома, яна пра гэта не раз чула і лічыла справу вельмі простай і звычайнай: калі старэйшыя так кажуць, значыцца, так і трэба. Ды, уласна кажучы, яна нічога і не магла мець супраць. Іхнія сем'і даўно ўжо жывуць дружна, разам і адчуваюць сябе адной сям'ёй. Іншыя суседзі сустракаліся рэдка, бо ўмовы не дазвалялі многім жыць разам. Нават і два чоўны разам бывалі рэдкасцю. Толькі Тайдо ды Кос часцей сустракаліся і ўжо даўно парашылі пажаніць сваіх дзяцей.

Чоўны выехалі з бухты. Манг насіўся ў сваім кану навакол, як тыя кіткі: то перагоніць, то адстане, то ад'едзе ўбок. Ен быў вольны, ён мог адлучацца, калі захоча, ехаць, куды пажадае! Гэта быў самы шчаслівы момант у яго жыцці.

Праз некаторы час яны ўбачылі яшчэ адзін човен, які, як відаць, накіроўваўся да іх.

— Здаецца, гэта Нгара, — прамовіў Кос.

— І, відаць, мае справу да нас, — сказаў Тайдо.

— Гэй, стойце! — крыкнуў новы чалавек.

Чоўны спыніліся. Пад'ехаў Нгара. Гэта быў чалавек гадоў дваццаці пяці, апрануты ў вельмі дзіўную вопратку: яна была пашыта з птушыных скурак. Такое адзенне было не горш за звярыную скуру, але ўсё ж такі кожны мужчына марыў набыць сапраўднае, скураное. Бяда толькі ў тым, што ў іх становішчы — гэта вельмі цяжкая справа. Забіць, напрыклад, маржа цяжка нават добра ўзброеным людзям, а пра гэтых і казаць няма чаго.

1 ... 56 57 58 59 60 61 62 63 64 ... 97
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)