Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Комедия » Рэвізор
Рэвізор - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Рэвізор

Электронная книга - «Рэвізор». Краткое содержание книги:

Пераклад Антона Адамовіча друкуецца ўпершыню паводле рукапісу, які захоўваецца ў архіве БІНіМа. У аўтографе ёсць дата заканчэння працы над перакладам — 1 ліпеня 1943 г.
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 35
Перейти на страницу:

Гараднічы. Божухна, зьлітуйся над намі грэшнымі! Дзе-ж ён тамака жыве?

Добчынскі. У пятым нумары, пад сходамі.

Бобчынскі. У тым саменькім нумары, дзе летась пабіліся праезжыя афіцэры.

Гараднічы. І даўно ён тутака?

Добчынскі. А ўжо тыдні два. Прыехаў на Васільле Эгіпскае.

Гараднічы. Два тыдні! (Набок). Бацюхны, сватухны, выносьце, сьвятыя ўгоднікі! За гэтыя два тыдні адлупцаваная унтэр-афіцэрская жонка! Арыштантам не выдавалі харчоў! На вуліцах карчма, бруд! Ганьба! Сарамоцьце! (Хапаецца за голаў).

Арцём Піліпавіч. Што-ж, Антоне Антонавічу, ехаць парадам у гасьціньніцу!

Амос Хведаравіч. Не, не! Наперад пусьціць галаву, духавенства, купецтва; вунь і ў кнізе «Дзеі Іоана Масона»…

Гараднічы. Не, не, дазвольце ўжо мне самому! Бывалі цяжкія выпадкі ў жыцьці, сплывалі, яшчэ навет і дзякуй зарабляў. Ану-ж, Бог вынясе й цяперака. (Да Бобчынскага). Самі кажаце, ён малады чалавек?

Бобчынскі. Малады, год дваццаць тры ці чатыры з хвосьцікам.

Гараднічы. Тым балазей, маладога хутчэй пранюхаеш. Бяда, калі стары чарцюга, а малады — увесь наверсе. Вы, спадары, рухтуйцеся ў сваёй галіне, а я падамся адзін, ці вось хоць ізь Пётрам Іванавічам, прыватна, дзеля праходкі, даведацца, ці ня церпяць праежджыя прыкрасьцяў. Гэй, Сьвістуноў!

Сьвістуноў. Чаго ласка?

Гараднічы. Пайшоў зараз па прыстава; ці-ткі не, ты мне патрэбен. Скажы там каму, каб як мага хутчэй да мяне прыстава, і прыходзь сюды.

Квартальны бяжыць кумільгам.

Арцём Піліпавіч. Хадзем, хадзем, Амосе Хведаравічу. Запраўды, можа здарыцца бяда.

Амос Хведаравіч. Ды самім чаго баяцца? Каптуры насунуў на хворых — дый канцы ў капцы.

Арцём Піліпавіч. Якое каптуры! Хворым загадана габэр-зуп даваць, а ў мяне на ўсе калідоры пахціць такая капуста, што шануй толькі нос, чалавеча.

Амос Хведаравіч. А я на гэты конт супакойны. Запраўды, хто зойдзецца ў паветавы суд? А калі й зірне ў якую паперыну, дык жыцьця ня ўзрадуецца. Я вось ужо пятнаццаць год сяджу на судзьдзёвым крэсьле, а як зазірну ў дакладную запіску — га! адно рукою махну! Сам Салімон не разьвядзе, што ў ёй праўда й што няпраўда.

Судзьдзя, апякун богугодных установаў, інспэктар школаў і паштмайстар выходзяць і ў дзьверах стыкаюцца з квартальным, які вяртаецца.

Зьява IV

Гараднічы, Бобчынскі, Добчынскі й квартальны.

Гараднічы. Што, брычка гэнам стаіць?

Квартальны. Стаіць.

Гараднічы. Пайшоў на вуліцу… ці-ткі не, чакай! пайшоў прынясі… Ды болей вас дзе? Няўжо ты толькі адзін? Дык-жа я загадваў, каб і Прохараў быў гэттака. Дзе Прохараў?

Квартальны. Прохараў у часьці, ды толькі да справы ня можа быць ужыты.

Гараднічы. Як гэта?

Квартальны. Ды гэтак: прывезьлі яго зараньня, як сноп. Во ўжо два цабэркі вады ўзьлілі, дасюль ня выцьверазіўся.

Гараднічы (хапаючыся за голаў). Ах, Божа мой, Божа мой! Пайшоў хутчэй на вуліцу, ці-ткі не — бягай перш у пакоі, чуў! і прынясі адытуль шпагу й новы капялюш. Ну, Пётра Іванавічу, едзьма.

Бобчынскі. І я, і я… дазвольце й мне, Антоне Антонавічу!

Гараднічы. Не, не, Пётра Іванавічу, нельга! Няёмка, дый у брычцы ня стоўпімся.

Бобчынскі. Дарма, дарма, я так: пеўнічкам, пеўнічкам пабягу за брычкаю. Мне абы толькі праз шчылінку, празь дзьверы гэнака палядзець, як у яго гэныя абыходкі…

Гараднічы (прыймаючы шпагу, да квартальнага). Бягай зараз, вазьмі дзясяцкіх, ды хай кажны зь іх возьме… Гэх, шпага, як абшаркалася! Пракляты купчанюшка Аўдулін — бачыць, што ў гараднічага старая шпага, ня прыслаў новае. О, крывадушны народ! А так, зладзюгі, піць даць, просьбы з-пад хвартуха рыхтуюць. Хай кажны возьме ў рукі па вуліцы… Ліха матары, па вуліцы — па мятле! І вымялі-б цэлую вуліцу, што йдзе да заезду, і вымялі-б чысьцютка… Чуеш! ды шануйся: ты, ты, я знаю цябе: ты там кумуешся ды крадзеш у халявы срэбныя лыжачкі — глядзі, у мяне найстры вуха! Што ты зрабіў з купцом Чарняевым — га? Ён табе на мундзер даў два аршыны сукна, а ты скруціў усю трубку! Глядзі, не да чыну бярэш! Пайшоў!

Зьява V

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 35
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)