Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 221
Перейти на страницу:

— Дык хто цябе назначыў у групу? — запытаў Брытвін, ссунуўшы да пераносся густыя чорныя бровы.

— А вам якое дзела? — Так, усё было дужа знаёмае: Сцёпка зноў адчуў сябе ў становішчы горшага за іншых, і гэта міжвольна выклікала ў ім інстынктыўны парыў абараняцца. — Каму трэба было, той і прызначыў.

Брытвін, аднак, пільнаваўся стрыманасці, неўзабаве прыцяў здзіўленне і зірнуў на Данілу. Той без асаблівай увагі да іх варушыў рукой у сваёй сумцы.

— Дажыліся, няма чаго сказаць! — прабурчаў Брытвін і зноў адхінуўся на локаць. Сцёпка, патаптаўшыся трохі, сеў воддаль ад іх, ля сцежкі. Першая прасветліна ў ягоным настроі хутка завалоквалася прыкрасцю, ён ужо лаяў сябе, што даў Брытвіну ў рукі вінтоўку, — хай бы трымаў сваю. А то прыдбаў недзе дзесяцізарадку, дык столькі ўжо фанабэрыі. Калі спатрэбіцца, яшчэ невядома, чыя лепш возьме — гэтая СВТ ці яго, узору 1891 года. Сцяпан мог бы ўсё гэта ім растлумачыць, таксама як і тое, што на кухні ён апынуўся выпадкова, што ён не менш за іх пахадзіў у свой час на заданні. Але нейкая нядобрая ўпартасць у адносінах да іх, асабліва да Брытвіна, ужо брала сваё, і ён нічога не мог зрабіць з ёю. Яна яму не падпарадкоўвалася, ён ведаў гэта і не імкнуўся перасіліць яе.

Пакрыўджана прыціхшы, Сцёпка і не згледзеў, як ад буданоў паказаўся Маслакоў. Хлопец пачуў толькі, як пад хваінай, устаючы, зашорхаў кажухом Даніла, падняўся і зручней сеў Брытвін. У Сцёпкі ж ад скулля ламіла ў шыі, і, каб азірнуцца, ён мусіў павярнуцца ўсім целам. Цераз прагаліну наўпрасткі ішоў іх камандзір. Адною рукой ён нёс штосьці цяжкое — здаецца, нямецкую каністру, у якой звычайна трымалі бензін. Падышоўшы бліжэй, паставіў каністру і ссунуў з потнага лба армейскую шапку.

— Што гэта? — запытаў Брытвін.

— Дымок, дымок рабіць будзем, — жартоўна загаманіў камандзір групы. — Думаў, грукнем — нічога не выйшла. Будзем дыміць.

Яны ўсе пахмурна глядзелі на каністру: Даніла і Сцяпан — пастаўшы ля яе, а Брытвін — маўкліва седзячы на сваім месцы. Вядома, усе з прыкрасцю разумелі, што выходзіла горш, чым меркавалася: бензін — не тол; як бы там ні выпадала, паліць заўжды горш, чым узрываць.

— Дык мы што? Хіба не на чыгунку? — стрымана запытаў Брытвін, пазіраючы некуды ў дол, на камандзіравы боты. Маслакоў з жартоўнаю жвавасцю ў вачах агледзеў сваіх падначаленых.

— Не, не на чыгунку. У другі бок. На Кругляны.

— На Кругляны. А хто табе групу камплектаваў?

— А што — кепская група? Сам падбіраў.

Брытвін устаў і падышоў бліжэй. Потым з нейкаю замаруджанай важнасцю павярнуўся да Сцёпкі.

— А таго таксама сам выбраў?

— Каго? Тоўкача? А што, кепскі падрыўнік? Брытвін спадылба выпрабавальна і настойліва глядзеў на камандзіра.

— Дзе ж гэта ён падрываў? На кухні?

— Якое вам дзела? — не стрываўшы, агрызнуўся Сцяпан. — Падумаеш, начальнік знайшоўся.

— Ціха!

Маслакоў, мабыць, толькі цяпер зразумеў нешта. З ягонага твару сышла усмешка, без якое рысы яго зрабіліся рэзкія, амаль жорсткія.

— Каго браў — мая справа, — сказаў ён. — Хто заслужваў.

— Заслужваў! Ты паглядзі, якая ў яго вінтоўка, — кіўнуў галавой Брытвін.

Маслакоў павярнуўся да Сцёпкі.

— А ну, дай сюды.

Сцяпан падаў вінтоўку, Маслакоў адкрыў і закрыў затвор, спусціў курок. Строга зірнуў на хлопца.

— У чым справа?

— Ды мушка трохі ківаецца, — знарок, як аб дробязі, скорагаворкай адказаў Сцёпка і прыкусіў губу. Пакуль Маслакоў аглядаў і абмацваў мушку, хлопец усё болей панурыўся і з нянавісцю думаў пра Брытвіна. Ці ён быў вінаваты, што Кляпец уручыў яму гэту ламачыну? Ці яму самому не хацелася мець добрую зброю? З асаблівым шкадаваннем ён успомніў свой ладны трафейны аўтамацік, які ў яго забралі, калі пераводзілі ў гаспадарчы ўзвод.

Маслакоў узняў позірк на хлопца.

— Закярніць не мог, да?

— Дык не было чым.

— Цяпер некалі — на перакуры напомніш. Сам замацую. Астатняе ў парадку?

— У парадку, — паспешліва адказаў Сцёпка. Маслакоў яшчэ зірнуў на яго тонкую постаць, перацятую дзяжкай, даўжэй затрымаў позірк на завязаным дротам боце, але не сказаў нічога.

— Трымай!

Сцёпка на ляту ледзьве ўхапіў кінутую яму вінтоўку і з палёгкай уздыхнуў. Напружанне яго расслабілася, галоўнае абышлося — яго не прагналі; астатняе для хлопца ўжо не мела вялікага сэнсу.

— Так. Тады шагам марш! — сказаў Маслакоў да астатніх. — Каністру панясём па чарзе. Хто першы?

Першага, аднак, не знаходзілася, каністра стаяла ў доле, над ёй, чакаючы ахвотніка, стаяў Маслакоў. Брытвін, па яго, мабыць, старой звычцы, адышоўся воддаль з такім выглядам, нібы яго тут нічога не датычыла. Даніла чамусьці глядзеў у лес — бы і не чуў, што сказаў камандзір. Тады Сцёпка з гняўлівай зацятасцю ступіў крок наперад і ўзяўся за гнутую металічную ручку каністры.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 221
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)