Натуральная афарбоўка
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Натуральная афарбоўка». Краткое содержание книги:
— Кашкіна — уніз,— распарадзіўся Радзівіл, начэсваючы Фэліксу бліскучую сьпіну.— А камін я зараз сам...
Міністр выйшаў, вярнуўся з лапатаю для прыбіраньня сьнегу, укінуў Кашкіна ў каляску і ўкаціў. Фэлікс праводзіў іх уважлівым позіркам.
— Ёсьць і яшчэ адна рэч,— засьмяяўся Радзівіл, беручы ў рукі вялікі жалезны кій і накіроўваючыся да каміну.— У вас жа ўнук гадуецца, Грыгоры Паўлавіч? Колькі яму ўжо?
— Ды дзесяць,— няўцямна ўсьміхнуўся Андатраў.
— Яму ж хутка сэксу захочацца. Драчыць там, усё такое... А вось будзе ў яго Кашкін — паставіць унучак яму пару палак, у любы час, калі прыпрэ, ну, ведама ж, калі бацькоў дома ня будзе. Патрэніруецца хаця б, а?
— Ды я яму...! У яго ўсё як у людзей будзе!
— Жарт, жарт, але ў кожным жарце... Я спрабаваў. Выключна дзеля дасьледваньня. Сабой рызыкаваў, можна сказаць. Шчыліну ў Кашкіне бачылі? Як дзьве кроплі.
На гэты раз засьмяяўся і Андатраў, хаця на душы ў яго было брыдкавата. Сам не разумеючы, нашто, ён прамовіў:
— Можа, усунеш — ня высунеш?
Яны зарагаталі абодва, як дзеці. У каміне затрашчала, галаву Гаргоны абвіла тонкая сьпіраль дыму. Стоячы ля кратаў й назіраючы, як паўзе па паленьні смала, Радзівіл, усё яшчэ расцягваючы ва ўсмешцы пульхныя вусны, загаварыў ужо іншым тонам:
— Нас мусіць цікавіць адно — як Кашкін размнажаецца, і ці размнажаецца ён навогул. Калі не — размножым. Пасадзім пару вучоных аўтарытэтаў на клянаваньне. Клянуем Кашкіна, а? Зробім краіну чысцейшай! Уся агрэсія будзе сыходзіць у Кашкіных. Кашкін — вызваленьне ад грахоў, Кашкін — збаўца, Кашкін — і ты даруеш сваім ворагам. Царква супраць ня будзе. Разумееце — мы будзем іх прадаваць. Я, як бачыце, ужо думаю пра рэкляму. Кашкіна — у кожную сям'ю. Потым — за мяжу, экспарт, валюта ў бюджэт. Зрэшты, прабачце, практычны бок я бы хацеў абмеркаваць з вамі.
— Па шчырасці, гучыць як трызьненьне дзіцяці,— Андатраў быў уражаны, і ня столькі ўсімі гэтымі ідэямі, колькі пераканаўчым голасам Радзівіла.— Але падумаць трэба. Давай, Радзік, прыязджай да мяне на офіс, недзе аб адзінаццатай, заўтра.
— Дамовіліся,— Радзівіл адыйшоў ад каміну.— Само сабою, сёньня — аніякіх справаў. Толькі адпачынак і натхненьне. Вы яшчэ не памерлі ад нецярпення даведацца, як там справы ў нашым паядынку?
— Мы ж толькі тыдзень таму пачалі,— замахаў рукамі Андатраў.
— Але ж нашыя хады ўжо мелі нейкія наступствы,— кінуўся на канапу Радзівіл.— Цікава ўсё ж гуляць такімі фігурамі. Галоўнае — ніколі ня ведаеш, што прынясе чарговы ход. Але прабачце, Грыгоры Паўлавіч. Пасядзіце, калі ласка, тут. Сястрычка ўжо прыехала. Сёньня пяты дзень, яшчэ пяць уколаў. І як гэта мяне схапіла... Зараза гэткая... Прабачце.
— Ды я пасяджу, пасяджу,— сказаў Андатраў.
— Давайце я вам тэлевізар уключу,— Радзівіл шчоўкнуў пальцамі, і на сьцяне засьвяціўся стракаты квадрат.— Там пульт на канапе, а вы прабачце. Я хутка.
— Добрая тэхніка,— пахваліў Андатраў, але Радзівіл ужо зьнік за бамбуковай фіранкаю.
Дыктар, чамусьці натужна крэкчучы пасьля кожнага вымаўленага слова, распавядаў пра сустрэчу ўрадавай дэлегацыі з работнікамі аховы здароўя. Урадоўцы ў ватачэньні дактароў павольна йшлі праз парк нейкае вольніцы. Усе без выключэння былі ў белых халатах, і немагчыма было зразумець, хто ў гэтым натоўпе на экране палітык, а хто — хірург. Недзе на заднім пляне, пасаджаны камэраю аэратара на чужыя плечы, прамільгнуў твар Радзівіла.
Кашкін, вядома, надзвычай цікавы, але ідэя з клянаваньнем — фантастыка. Хаця часта гэткія фантастычныя ідэі прыносяць першаму, хто ў іх паверыць, забясьпечаную старасьць. „І вечную маладосць,”— прашаптаў Андатраў. Пакуль што маладосць яму прыносіла Гульня. Вельмі займальная гульня, зь якой яго пазнаёміў Радзівіл. У ёй усё злучанае — чым больш вытрыманы азарт, чым вышэйшыя стаўкі, тым вастрэй адчуваньне дыхаючай у руцэ фігуры, тым шырэй гульнёвае поле, тым саладзей сьціскаецца сэрца ад пачуцьця ўлады, у якой знаходзіцца ход, які належыць табе адному. Колькі гульняў было паспытае, а галоўная, пра існаванне якой ён, ужо такі стары й хворы, з інфарктам за сьпіной, да знаёмства з Радзівілам і не падазраваў,— галоўная гульня, не зацыкленая на выніку, а такая, якая дае асалоду ад заціснутых у жменю чужых учынкаў і лёсаў,— галоўная гульня таілася ў пакойчыку збоку ад вялізнай, цёмнай і задушлівай залі Старасьці. Гульня ў пакрытым цьвільлю сасудзе з антычнай гліны. Гульня загадкавая, высакародная, прывабная — як бутэлька фалернскага. Гульня, ад якой ужо няма моцы адмовіца. Пра навіны
спорту распавядзе...
— А ў нас свае шахматы, — бадзёра сказаў Радзівіл, уваходзячы ў пакой. — Ну што, наша партыя працягваецца?