Віленскія камунары [calibre 3.42.0]
- Автор: Горецкий Максим Иванович
- Язык: белорусский
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Віленскія камунары [calibre 3.42.0]». Краткое содержание книги:
Віна яе была ў тым, што сына кепска ўзгадавала: лезе ў спальню, а потым пра ксяндза свайго хлусню разносіць. За гэта ксёндз прызначыў ёй пакуту, а бацьку майго ад гусей сваіх адставіў.
Адбыла яна пакуту: тры касцельных службы ляжала крыжам перад панам Езусам Хрыстусам раскрыжаваным. Гэта ёй было не цяжка, хоць і троху ніякава перад усімі людзьмі ў касцёле.
Горш было, што бацька да зімы застаўся без работы. Ганяў сабак па вуліцах у мястэчку. А ўзімку — якая работа? Калі сена на рынку падграбе, калі каму хворасту пасячэ.
* * *
І аддала яна яго вучыцца ў школу, каб меней дакучаў у хаце. Да навукі хлопец аказаўся здольны. Скора чытаць па-руску наўчыўся. Настаўнік яго палюбіў. І нават дараваў яму, што ён робіць частыя прагулы: то за марозам, не маючы цёплага адзення, не прыйдзе, то ў рыначныя дні, за сенам, прагуляе.
Пад канец зімы — украў нехта ў школе жалезную качаргу. Віну звярнулі на майго бацьку. Адзін хлопчык нават пабажыўся, што бачыў, як бацька прадаваў яе мужыку на рынку.
Настаўнікам быў цяпер у Брудзянішках малады Райскі, сын дзяка Райскага. Нічым асаблівым не вызначаўся, толькі быў дужа сумленны і пабожны, рыхтаваўся высвячацца на папа. Хоць бацька мой таксама кляўся-бажыўся, што качаргі і ў вочы не бачыў, але Райскі не даў яму веры і са школы яго вытурыў — за зладзейства і за наглую бажбу. Другая матка ў такім выпадку занесла б Райскаму парася, папрасіла б добранька — можа і прыняў бы хлапца назад у школу. І бабуля спярша хацела так зрабіць. Але таму што парасяці свайго не мела, а купляць — усё грошы ды грошы, дык яна належным чынам перамяніла свае думкі і бацьку сказала: «Без навукі, дзеткі, спакайней пражывеш на свеце», — і ў школу яго болей не вадзіла.
V. ВЯСКОВЫ СВІНАПАС
Авечачкі: му-му-му!
А свіначкі: хру-хру-хру!
З народнай песні
Прыйшла вясна, і аддала яго бабуля ў шляхоцкую ваколіцу каля Брудзянішак — Казіміраву Слабодку, пасціць свінні і авечкі ў шляхцюка Каўшылы. Шляхцюк Каўшыла быў, супроць свае жонкі, стараваты, гадоў меў пад сорак. І быў непрыгожы, касавокі, нос кручком. І — страшэнны скупярдзяй, за капейку задавіўся б. А жонка ў яго была маладая, харошая, як ляля. І трошку ляная. І любіла смачна есці. Зайшла замуж ад беднага бацькі, дык, мусіць, цяпер разважала: хоць жа я смачна наемся.
Дзяцей было ў іх троечка. Яшчэ малыя. І ўсе дзеці былі ў бацьку: непрыгожыя, лупавокія, з кручкаватымі насамі, і былі яны худыя, санлівыя, у скуллі, у каросце. Ці маці не вельмі іх даглядала, таму што не любіла, ці прырода ўжо была такая, але Каўшыла часта за іх на жонку наракаў. А яна ўнікаць яго баялася, што ўсе яны па ім, але сваім нібы насмешлівым маўчаннем яшчэ больш яго ў злосць увадзіла.
І наняў Каўшыла моду адвадзіць сэрца на маім бацьку. За ўсё-ўсякае сек яго смаляною пугаю па голых лытках. Як секане, — аж пуга вакол нагі абаўецца... Ён пугу пацягне, раскруціць — ды яшчэ... Прычыну ж заўсёды мог знайсці. Кожнаму, напрыклад, добра вядома свіная памаўзлівасць. І што ж бы гэта за свіння была, каб не імкнулася яна да сваіх вечных ідэалаў: улезці ў якую-небудзь шкоду, з’есці бульбіну ў гародзе ці зрыць грады з буракамі. А ён сек майго бацьку, што аж часам нават Каўшыліха адбірала, каб не сказалі па іх людзі, што хлапца катуюць.
Была яна, наогул, добрая жанчына. Як Каўшыла бацьку насячэ, яна яму, цішком ад мужа, кавалак бліна ці салодкі яблык заўсёды ў запазуху ўсуне. Хавалася ад скупярдзягі, калі і сама хацела смачней з’есці. Ён з дому пойдзе, — яна яечню сабе смажыць. Тады і дзяцей сваіх з хаты выпраўляла, і ім не давала, каб ён нічога не ведаў.
І вось — было гэта ў канцы лета. Ішлі вялікія дажджы, надвор’е пахаладала, і бацька мой, адзін дзень, намокшыся, акалеўшы, рана прыгнаў з поля. Каўшыліха, тым часам, паела ў клеці многа мёду. Патрошку-патрошку, што ні пойдзе — калупне, ёй гэта неўзаметку. А Каўшыла, якраз жа ў гэты дзень, пайшоў у клець — убачыў. І ўзяло яго за сэрца, а тут яшчэ мокрае падвор’е, снапы ў полі прарастаюць, усе людзі бядуюць, а яго жонка — не паклапоціцца, не ўздыхне.
Выскачыў ён з клеці — свінні рана бягуць з поля. Ён як схопіць нейкую ламіну, як кінецца на свінапаса — біў ужо і па лытках, і па спіне, і па чым папала.
Набіў гэтак, што ўцёк бацька скрозь ноч да бабулі. Бабуля, агледзеўшы, як яго спаласавалі, слязьмі аблілася і сказала:
— За што ж ён цябе гэтак, мае дзеткі? А ты ж бы пазней паласаваў. Вярніся заўтра, перапрасі. Дабудзь ужо да канца лета. А то яшчэ нічога не заплаціць. Ён жа гэткі скнары...