Камандзiроўка ў Вішанькі
- Автор: Гіль Miкола
- Год: 1987
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Камандзiроўка ў Вішанькі». Краткое содержание книги:
— Хто ж яго ведае, Манечка,— сказала, памаўчаўшы.— Можа, сам прыедзе, тады ўжо...
— Прыедзе,— буркнула Манька. Спакайней дадала: — Ну, а Рыта чаго прыехала? Пажаліцца табе ці яшчэ чаго?
— Пажаліцца... Пажаліцца да роднай мамкі едуць,— Тацяна ўздыхнула.— Як ты, Манька, не разумееш! Куды ж ёй яшчэ было ехаць? Водпуск жа ў яе. Алёшка каторы месяц ні рубля не дае, а і за кватэру, і за яслі, а колькі Рыта і палучае...
— Дык што, з работы сарвалася?
— Водпуск жа ў яе, кажу!
— Дык на месяц і прыехала?
— А хто ж яе ведае...
Некаторы час ішлі моўчкі. А калі мінулі Буду і пераходзілі па дрогкіх жэрдачках канаву, за якой пачыналася Лугавінне, Манька сказала:
— Ты ўжо лішне не бядуй. Неяк жа будзе. Алёшкі пачакай. А да Рыты мо і праўда з роспытамі тымі назаляцца не трэба.
Яна адно і прамовіла:
— Дык я і кажу, Манечка. Хай адыдзе...
На пакошы раса апала ўжо, і жанчыны ўвішна, адна перад адной, пачалі раскідваць копы — не растрасаць, а толькі раскідваць, бо сена было амаль сухое: хай трошку праветрыцца, дачахне, дык пасля абеду можна будзе спакойна стагаваць.
Не ўспамінала яго Тацяна, даўно ўжо не ўспамінала. Старалася не ўспамінаць, гнала прэч ад сябе думкі, калі ён часам і згадваўся, выкрасліла яго са свайго жыцця яшчэ з тае пары, як уцёк ён, на партфель свой забыўшыся. І каб во не з Алёшкам тое, дык ці ўспомніла б. А вось зараз нечакана згадалася ўсё, ажно да драбніц. Пераходзіла ад капы да капы і, сама таго не жадаючы, вярталася памяццю ў першае пасляваеннае лета, калі была яна брыгадзіркай і калі ён навязаўся на яе галаву...
Ліха яго ведае, як яно тады і рабілася, але ўсё ж адсеяліся яны неяк той першай і апошняй яе брыгадзірскай вясной. Ячмень і авёс, памятае, прывозілі аднекуль, з нейкага фонду, а бульбы дома, па хатах, сабралі. Кожную бульбіну на тры, а то і на чатыры-пяць кавалачкаў рэзалі — колькі вочак у той бульбіне было. Не бульбу садзілі ў баразну, а лушпайкі. Не дужа і вырасла тая бульба, бо адкуль сіле быць у лушпайках? Памятае, восенню выбіралі, дык дробненькая была, бы пацеркі,— на насенне толькі. А коней тых колькі было? У яе брыгадзе — дзве паркі. Адна партызанская — аднавокі Лысы і кабылка Мурка, а другую салдаты пакінулі ў сорак чацвёртым — Дэраша і Ганса. Дэраш ніштаваты конь быў, толькі надарваны, а Ганса ледзьве выхадзілі, у заднюю нагу паранены быў, і нешта надта доўга тая рана не гаілася. Праўда, к вясне паспраўнелі і Дэраш той, і Ганс, але што гэта — дзве паркі? А зямля за вайну аблогай ляжала, колькі палеткаў і зусім вольхай ды ляшчынай зацялося. Калі б не трактар, якога Качан расстараўся ці не на тыдні два, дык што б яна зрабіла з тымі коньмі? Адно — бульбу б пасадзіла. А так хоць і няшмат, мо палову таго, што да вайны абворвалі, неяк адужалі.
А людзі як памучыліся! На сотках жа і нагі таго каня не было. Хто пад рыдлёўку бульбу садзіў, хто кароўку, у каго была, у плужок ушчамляў, а рэшта — саматугам. Пяць-шэсць баб у пастронкі — і аруць. Тут табе і слёзы, і рогат дурны. Дальбог жа, паверыць цяжка, але ж і рагаталі, адна з адной пацяшаліся, бо каб жа не смех той, дык ці вытрывалі б усё?
Маладая была яна, мала што і разумела. Адно ведала — трэба! Вось і прасіла:
— Бабы, дзеўкі, а што рабіць? Трэба ж! Не зробім мы, дык хто за нас зробіць?
І рабілі. Гэта цяпер, на сталы розум, часам думаецца, што іначай і быць не магло. Вайну такую страшную перабыўшы, надта ж людзі жыць хацелі. А і іншае: згаладаліся за вайну па рабоце гуртавой. Таму ёй і не надта трэба было ўпрошваць жанчын, самі на работу ішлі. Гэта пасля, як колькі гадоў запар рабілі амаль дарма, дык разленаваліся людзі, ледзьве не пад прымусам дзеўку ці бабу на работу выправоджваць трэба было. А тады, па першым часе,— не! Галодныя, голыя, а ішлі.
Тады, той вясною, прыехаў у іхнія Жылічы ўпаўнаважаны. Па сяўбе. Пазней іх шмат перабывала ў калгасе. І па жніве, і па сяўбе, і па сенакосу, і пазыках, і па мясе, і па малацэ — быццам без іх не было б ні той сяўбы, ні малака ці мяса. Зараз мо і смешна тое, але ёй, Тацяне, няйначай, шкада было іх, упаўнаважаных тых. Ходзяць з партфелямі па сяле, у канторы пасядзяць, на поле сцягаюцца, на таку ці на канюшні патаўкуцца. І чамусьці здавалася ёй, што яны і самі не ведаюць, чаго яны тут маракуюць. Шкада было іх і па другой прычыне. Мо памыляецца яна, але здавалася ёй, што найбольшы клопат іхні быў — дзе б гэта папалуднаваць. Здаецца, так і стаіць у іхніх вачах гэтае пакутлівае пытанне: хто сёння запросіць іх паабедаць — ці сам старшыня, ці брыгадзір, ці мо пашлюць да якой кабеты? Цяпер скажы катораму пра гэта, дык пасмяецца, і ўсё. А тады? У краме — соль, гарэлка і пячэнне, не надта наабедаешся. А каб жа гэта чалавек на паўдня ці на дзень прыехаў! Па тыдню, па два, бывала, сядзелі ў сяле. Вось і глядзелі ў рот старшыні...