Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Хрыстос прызямліўся ў Гародні
Хрыстос прызямліўся ў Гародні - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Хрыстос прызямліўся ў Гародні

Электронная книга - «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Краткое содержание книги:

Хрыстос прызямліўся ў Гародні
1 ... 54 55 56 57 58 59 60 61 62 ... 171
Перейти на страницу:

Крык пачаў сціхаць: людзі хацелі паслухаць, пра што гэта гавораць на вежы. А раптам да іх.

І раптам у гэтай адноснай цішыні загрымелі выгукі, якіх раней нельга было пачуць:

— Гэй, Лотр! Ты што гэта побач з Хрыстом стаў, хамула?!

— Месца ведай, чакуша!

— Апусціся прыступак на пяць! Мышэй успомні! Хлеб!

— А то мы цябе падвесім, кот шкадлівы.

— М-мяў!!! В-ваа-ў! Ва-а-а!

Пачынаўся кашачы канцэрт, дзікі, шматгалосы, прарэзлівы. Лотр збялеў і спусціўся ніжэй. Зусім трохі.

— Гожая, — сказаў Юрась.

Ён так упарта глядзеў на праяву, якая цягнула да яго рукі, што не заўважыў, як балюча ўдарыў па Лотравым гонары народ.

Прыніжаны і крыху напалоханы, адразу ацверазелы, Лотр зразумеў: усё было памылкаю, гэты чалавек адчуў сілу. Ён згодзен зараз нават на паганыя ўчынкі, бо нешта зламалася ў ягонай душы. І ён, калі нават і будзе працаваць, то для ўласнага поспеху, а не для іхняга.

Зразумеўшы, якую пачвару ён нарадзіў і выпусціў на святло, Лотр схаладнеў. І тут яго чакаў яшчэ адзін удар. Машынальна ён зірнуў у той бок, куды глядзеў Хрыстос, і ўбачыў, што пад гульбішчам стаіць адна Анея.

Магдаліны і служкі з канём не было.

І тады, разумеючы, што куды ўжо яму строіць высокія планы, што ўсё сарвалася, што цяпер абы зберагчы тое месца, якое ў яго ёсць, застацца на ім і яшчэ перашкодзіць гэтаму шалберу заняць месца ў сэрцы дзяўчыны, якую ён, Лотр, за апошнія дні так шалёна і ўсё мацней жадаў, Лотр пачаў утрапёна думаць.

Ён, Лотр, хацеў гэтую дзеўку. Ён сам да гэтай хвіліны не думаў, што так яе хоча. І, значыцца, яна павінна належаць яму. Яму і нікому іншаму, пакуль ён гэтага хоча. Заўтра ж ён паспрабуе дабіцца гэтага. Заўтра ж ён абкружыць гэтага махляра сотняй вачэй. Заўтра ж ён абгаворыць усё з дамініканцам, паспрабуе выдаліць гэтага чалавека з горада. Хай ходзіць, хай махлюе, як і раней, каб у горадзе быў спакой, каб гэты шкаляр быў далей ад мечнікавай дачкі, упартасць якой так распальвае яго, каб па-ранейшаму ён, кардынал Лотр, стаяў на кафізме* вышэй за ўсіх. У патаемным сваім гневе ён вытрымаў, сказаў з пазяхотай:

— Час табе, Божа, узносіцца. Грошай дамо. Дзеўку гожую дамо. Тую — Лілею.

* Кафізма — узвышэнне для імператара ці вышэйшага духоўнага чына.

І асекся — так раптам гыркнуў на яго Хрыстос.

— Сам вазьму. Бач, ашчаслівілі. Сам знайду сваю дзеву Марыю… І ідзі ты са сваім узнясеннем!…

Бекеш у пакоі зачыніў акно. Шум нібы адрэзала.

— Махляры. Сыны сіманіі*. Адроддзе пекла. Глядзеў — і ўспаміналася: «Бачыш гэтыя вялікія будынкі? Усё гэта будзе разбурана, так што не застанецца тут каменя на камені…» Гандляры праўдай… Толькі б хутчэй разнеслі тут усё ўшчэнт… Гандляры Богам… Сука! Вялікая блудніца.

* Сіманія — гандаль царкоўнымі годнасцямі.

І ён сціснуў кулакі.

РАЗДЗЕЛ ХІV «ФІЛОСАФ ВЕЛІЙ, КНІГАЛЮБ…»

Хрысціяніну, каб не папсавацца ў розуме, Біблію чэсці самому не належыць, а толькі слухаць з вуснаў пастыра.

Парада сынам духоўным

Глядзіць у кнігу, а бачыць хвігу.

Прыказка

І ў тую ноч сеў ён вывучаць святыя кнігі.

Святліца ягоная была ў верхнім жытле гасцёўні на Старым рынку, невялікая, з белымі голымі сценамі, з ложкам, з кіламам на падлозе, з нізенькай падстаўкай для кніг. І слабы свяцільнік асвятляў яе. І ён радаваўся, што ў ягоны пакой асобны ўваход, па вонкавых сходах.

Са смяценнем у душы прыступіў ён да справы. Ён, можа, і ўцёк бы, але апосталы ўчыстую разбасячыліся. Нават Фаму толькі што мучыў гонар, а так ён быў задаволены. Нават Раввуні, які ўсё жыццё надрываў жывот, радаваўся спакою і сытасці.

А кінуць іх ён не мог, бо звёў іх і звабіў, а цяпер адчуваў адказнасць.

І не было яснасці ў душы ягонай, і таму ён, шукаючы яе, узяў пудовы, пераплецены ў скуру том, паклаў яго на пахілае вечка падстаўкі і, скінуўшы хітон, сеў перад кнігай па-турэцку.

Усё адно. Цяпер яму трэба было ведаць гэта. Ён быў — Хрыстос. І адсюль ён павінен быў чэрпаць нормы сваіх паводзін. І тут ён павінен быў знайсці ісціну, бо нязведанасць мучыла яго. Ісціну, агульную для ўсіх людзей і народаў гэтай цвердзі. Ён прыблізна ведаў асноўнае, галоўны запавет, які даў ім — так яны верылі — Бог. Яго цікавіла, што самі яны дадалі за вякі да гэтага запавету, што цяпер павінен ведаць ён, адзін з іх, былы мірскі шкаляр і шалбер. Ён вырашыў не ўставаць, пакуль не зведае гэтага.

Ён чытаў ужо некалькі гадзін. Месячнае святло падала ў акенца. Набліжалася поўнач, даўно ўжо варта загадала гасіць агні, а ён быў не бліжэй да ісціны, чым тады, калі сеў.

Ён прачытаў «Быціе» і абурыўся Богам, і злосцю, і крыважэрствам — і не зразумеў нічога. І ён прачытаў «Выйсце» і абурыўся яшчэ і людзьмі (таму што да характарыстыкі Бога не было чаго дадаць). Абурыўся як фараонам, так і Майсеем, і людзьмі іхнімі таксама, і блуканнямі ў пустыні, але галоўнае тым, што з гэтых трызненняў зрабілі вечны нязменны закон.

І прачытаў ён кнігу «Лявіт» — і ўвогуле не зразумеў, нашто гэта і якая каму б то ні было справа да таго, куды кідаць валляк ахвярнага голуба?

1 ... 54 55 56 57 58 59 60 61 62 ... 171
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)