Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Уліс з Прускі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уліс з Прускі

Электронная книга - «Уліс з Прускі». Краткое содержание книги:

Раман прысвечаны падзеям пачатку XX стагоддзя, які супаў з дзяцінствам і юнацтвам галоўнага героя твора Лявона Кужаля. Юнаком — як новы Уліс — ён едзе ў Амерыку, знаёміцца з нязвыклым для сябе светам і новай філасофіяй жыцця, што, аднак, не пазбаўляе яго ад розных нечаканак, горкіх хвілінаў, стратаў і расчараванняў.
Аўтар змог стварыць цікавыя, запамінальныя вобразы і характары, дакладна перадаць каларыт тагачаснага жыцця, побыт, звычкі, павер’і, гістарычныя падзеі і паданні.
1 ... 53 54 55 56 57 58 59 60 61 ... 167
Перейти на страницу:

— Купалле хутка! — сказала Марыля. — Да Купалля трэба паспець…

— Паспеем! — запэўніў свёкар, які сачыў, каб усё ў гаспадарцы рабілася своечасова.

— Пайду ўжо я, — заспяшалася Марыля, скончыўшы абяртаць пакосы, — дарогай, можа, зёлак збяру. Зверабою шмат у кустах, доннік лекавы ў раўку ёсць.

— І кмен на горцы ля поплаву ўжо збіраць можна, — падказаў Кірыла.

V

Характэрная рыса прускаўскага ўкладу жыцця палягала ў тым, што яно, гэтае жыццё, з часоў Адама мела сваёй першаасновай апладненне — зямлі і хатніх жывёл. Вядома, і чалавек не знаходзіўся ў баку ад гэтага спрадвечнага быційнага працэсу. Пa традыцыі купальскага дня чакалі ўсе. Прускаўцы ўжо з раніцы былі як не свае. «Грала» сонца, шчодра абпырскваючы зямлю залатымі промнямі святла.

— Прачынайцеся, паглядзіце на сонца! — будзіла дзяцей Марыля.

Лявонка зірнуў у акно, у якое зырка свяціла сонца. Паднімалася яно над лініяй далягляду, з боку Камянца, і з ім відавочна нешта адбывалася.

— Бачыце, як іграе?

— А і праўда — пераліваецца! — узрадавалася Тоня.

Яно, здавалася, распадалася на некалькі частак, якія ігралі і пераліваліся — кожная сама па сабе, а потым ізноў збіраліся разам, спалучаліся ў адно вялікае, прамяніста-радаснае кола.

Моладзь прыбіралася ў лепшае адзенне, усе чакалі той пары, калі сонца зойдзе за панскі лес і малочна-мглісты змрок абляжа зямлю, схавае ў сабе і кусты, і хаты, і асобныя дрэвы, і ўсю прускаўскую вуліцу разам з наваколлем. Тады ўгрэтая шчодрым сонцам зямля пачне вяртаць накопленае за дзень цяпло. Хлопцы і дзяўчаты, як звычайна, збяруцца на беразе Плісы, ля мастка, пад вербамі, а там ужо дамовяцца, што рабіць далей.

Дачакаўшыся вечара, Лявонка збольшага перакусіў, накінуў на плечы ясёнку і выйшаў на вуліцу, збіраючыся ісці да мастка, дзе вечарамі сыходзілася моладзь. Тоня, відаць, была ўжо там. Толькі што з свайго канца праз усю Пруску прайшоў Ламакаў Піліпко з гармоняю. Гарманіст з яго слабы, але трохі рыпае. Піліпко — худзенькі, нізенькі расточкам, з-за гармоні яго амаль не відаць, а побач з ім — высокі Гамон. Гамон спрабаваў прысвістваць і біць у бубен.

За імі прашпацыраваў Павал Гальяш. Ён таксама жыў з краю вёскі. Сёлета ён рыхтаваўся ў вучылішча. Гармоня (так тут называлі гармонік) і бубен уносілі вясёлую разнастайнасць у жыццё вёскі, збіралі народ, асабліва маладзейшых. Ля мастка цераз Плісу, на поплаве, ужо стаяла моладзь — свае, прускаўскія, і з суседніх вёсак. Прыйшлі па-святочнаму апранутыя. На зімовых вячорках весела было, але тут, ля мастка, яшчэ весялей. Па-заліхвацку расцягваў гармонік Піліпко.

— Добра грае! — пахваліла музыканта ўсмешлівая Гэлька Відэрка — Ганніна прыяцелька.

Дзяўчаты ўбраліся ў белыя вышываныя сарочкі, паласатыя, сваёй работы, спаднічкі, паверх якіх былі павязаны белыя, з вышыўкай фартушкі. Лявонка заўважыў Тоню, якая ўжо круцілася паміж дзяўчат.

На ваду насоўваўся лёгкі туман, ахутваючы нізкія берагі і пакручастае рэчышча Плісы.

Падышлі дзяўчаты з Выгнанкі — Галеня, Верка Гагалюк, Тапка Рудка, з Зінькоў — Жуфея. Таксама дзіўнае імя — невядома нават, адкуль такое магло ўзяцца. З ёю сяброўкі — Маня Конаўка і Шура Гаўрылюк, а з імі Оргій Маркаў — сын Марка Замагільнага. Праўда, знешне Оргій нічым не нагадваў бацьку, быў, як і ўсе, — звычайны чалавек.

Угнуўшы галаву і незаўважна жуючы скарынку хлеба, уліўся ў гурт Міхаль Швед. Па натуры Міхаль — маўчун, абыходзіцца нават без таго, каб павітацца пры сустрэчы. Старэйшы брат яго Фэдар — весялун і жартаўнік — пайшоў служыць у войска.

Быў малады яшчэ вельмі Хвядзюшка Шпунт — і яго цягнула ў гурт.

Нават Ясеў Грышка, Латушкаў сын, які, здавалася, ні з кім не вадзіў кампаніі, і той прыйшоў, пакінуўшы дома ціхманага меншага брата Мішу. Пад носам у Грышкі востра вытыркалася верхняя губа, закрываючы ўсю ніжнюю. І, вядома, не магло абысціся ігрышча без Дармідонтавых Трахімкі і Цімошы і Цішкі Пахолка — кавалёвага сына. Зухаваты Трахімка стрыг вачыма, кідаў вакол сябе кароткія позіркі.

— Ну што, мацакі? Пайшлі на Лосьну!

Сапраўды, ля мастка не выпадала паліць купальскае вогнішча. Вёска побач. Ды і царква стаяла непадалёку. Айцец Глеб з матушкай не ўхвалялі купальскія ігрышчы.

Вясёлым натоўпам пайшлі берагам уздоўж Плісы — туды, дзе яна ўпадае ў Лосьну. Купальня — завецца гэтае месца. Тут прускаўская моладзь купаецца, тут звычайна гарэлі купальскія вогнішчы. Лявонка — разам з усімі.

Прыгожая Пліса! Не надта вялікая і не надта малая, плыве яна паміж палёў і сенажацяў, аднастайна лапоча — перамаўляецца пра нешта з берагамі. То на паплавец выскачыць, то ў альшаніку схаваецца, то шырока разальецца па балоце, — вось як тут, дзе агінае Пруску з поўдня. З высокай выспы глядзіць на паводку панскі палац.

1 ... 53 54 55 56 57 58 59 60 61 ... 167
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)