Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Хмары над Бацькаўшчынай - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Хмары над Бацькаўшчынай

Электронная книга - «Хмары над Бацькаўшчынай». Краткое содержание книги:

Нажаль, гэтую кнігу аўтар ўжо не пагартае.... Творы, выбраныя ім самім для публікацыі і зьмешчаныя ў зборніку „Хмары над Бацькаўшчынай”, -- толькі невялікая частка напісанага Міколам Цэлешам. Аднак яны дазваляюць ня толькі адчуць адметнага пісьменьніка са сваёй тэмай і сваім мастацкім бачаньнем, але й гаварыць пра тую ролю, якую мелі й будуць мець яго апавяданьні -- рэалістычныя замалёўкі жыцьця -- у аднаўленьні гістарычнай праўды. Канец 20-х і 30-я -- гады, што пакінулі жахлівы сьлед у лёсе беларускага народу. Нацыянальны ўздым, які абяцаў сапраўднае адраджэньне беларускае мовы й беларускае культуры й даў шэраг таленавітых працаўнікоў на ніве народнай, узнавіў надзеі на лепшую долю, -- зьмяніўся ганеньнем на ўсё нацыянальнае, спусташэньнем сялянства, зьнішчэньнем інтэлігенцыі, трыумфам таталітарызму й вялікадзяржаўнага шавінізму. (Л. Юрэвіч, Палімпсэст, або ўратуе нітка, што ня будзе рвацца, фрагмант)
1 ... 53 54 55 56 57 58 59 60 61 ... 108
Перейти на страницу:

-- Студэнты, -- адказаў Орлік. -- Ён вось, -- паказаў на Кузьму, -- адпакутваў на гэтай самай Калыме пяць год, увесну патрабавалі справу на перагляд, і нас прышылі да яе -- мяне й гэтага хворага...

-- Ага, разумею! Доказаў ня было, успомнілі старое...

Прачнуўся Алесь.

-- Нядобры выгляд у яго, -- заўважыў лейтэнант і, адшпіліўшы ад пояса торбу, зазірнуў у яе.

-- Што-ж вы зь ім мяркуеце рабіць?

-- Як-небудзь дабірацца да сваіх.

-- Далёка?

-- Мае бацькі кілёмэтраў за сто адсюль, -- сказаў Орлік. -- Яго, -- паказаў на Кузьму, -- трохі бліжэй. Сам-жа хворы зь Віцебску.

-- У Віцебск не дабярэцеся -- гэта пэўна. Да каго-колечы з вашых сваякоў? Але ці давядзеце? Яму-ж перш-наперш патрэбна апэрацыя, калі рэбры сапраўды паламаныя.

-- Тут нейдзе недалёка ёсьць торпазавод, -- адказаў Орлік. -- Там у мяне знаёмы лекар.

-- Так, торпазавод імя Варашылава, кілёмэтраў дваццаць адсюль. Але як вы да яго дабярэцеся?

-- Небясьпечна?

-- Небясьпека, бадай, мінула, хіба толькі немцы могуць патрывожыць, напрыклад, да закапваньня трупаў, якімі ўсеяны дарогі.

Орлік пачаў апавядаць, як цяжка ім было ў дарозе і як хацелі Алеся прыстрэліць канваіры...

-- Так, бьюць нас, бьюць, -- уздыхнуў. -- Гэтая вайна адчыніла мне вочы. Гараць нашы гарады й сёлы ад Бугу да Дзьвіны, Прыпяці й Дняпра! Каму патрэбна вайна? Нам? Ваююць Масква й Бэрлін, але на нашай зямлі, за наш кошт, ня пытаючыся нас... Два акупанты! Які зь іх лепшы для нас? Цяжка сказаць! Прынамсі, Бэрлін хоць ня прыкідваецца нашым прыяцелем. І так будзе датуль, пакуль ня возьмем свой лёс у свае рукі, ня створым сваёй вайсковай сілы, не паставім слупы на сваіх межах... Аддаю рацыю нашым нацдэмам, якіх, прызнаюся, раней не разумеў, -- парваць сяброўства з ваўком у авечай скуры!

Дастаў з торбы хлеб, пакроены на тонкія скібы, каўбасу, якраз беларускую, вясковую. Пах ейны раздражняў апэтыт усіх.

-- Пакуль што, падмацуемся, -- сказаў.

Дастаў з торбы таксама й масла, намазаў ім чатыры кавалкі хлеба. Адрэзаў столькі-ж кавалачкаў каўбасы й таксама паклаў на хлеб.

-- Ну, пачнем, сябры па няшчасьцю!

-- Не, дзякуем, -- адказалі Кузьма і Орлік. -- Вось толькі, калі маеце чым, падмацуйце нашага хворага сябра -- яму гэта вельмі неабходна, асабліва кава.

-- Падумана й пра яго -- усё прадугледжана!

Адкруціўшы ад флягі, што вісела на поясе, вечка, наліў у яго нечага, але толькі ня кавы, і разам з хлебам падаў хвораму.

-- Віно, -- сказаў. -- Гэта падтрымае сілы лепей, ніж кава, якой якраз і няма...

Наліў і Кузьме, у якога выгляд быў таксама вельмі дрэнны. Потым -- Орліку й сабе...

Сонца вісела над самым лесам. Ад травы на лонцы падымалася пара. Нейдзе ў жыце запілікала перапёлка. Жаўрукі, як гэта заўсёды бывае перад заходам сонца ў ціхі й цёплы дзень, узьняліся зь сьпевамі ў неба.

-- Вось бачыце, навет птушкі дзякуюць прыродзе, што яна дала ім магчымасьць пражыць дзень! А мы, людзі, усё забылі сёньня... -- схамянуўся: -- А цяпер -- час у дарогу!

І, дастаўшы зь кішэні нож, лейтэнант скіраваўся да альховых кустоў, што расьлі па краёх лонкі. Выразаў дзьве даволі даўгія й моцныя палкі. Потым некалькі іншых, крыху карацейшых. Зьвязаў іх пасамі так, каб атрымаліся насілкі. Потым нарэзаў гальля і ўслаў імі тое, што атрымалася.

-- Вось так мы яго й панясём! Я з аднаго канца, як больш моцны, а вы двое -- з другога. І так дабярэмся да бацькоў маёй жонкі, а адтуль на фурманцы да вашага лекара на торпазаводзе -- я добра ведаю гэтую мясцовасьць.

На захадзе яшчэ гарэла вячэрняя зара, але тут, паміж жыта, ужо клаўся змрок. Лонка пакрылася павуціньнем туману. У траве, здавалася, пад самымі нагамі, надрываўся драч. Тры чалавекі ўзьнялі насілкі й рушыліся ў дарогу. І ў гэты час, як-бы па ўмове, закукавала зязюля -- працяжна й пранікліва:

Ку-ку! Ку-ку!

Зь містычным пачуцьцём Кузьма здрыгануўся. І ціхім, прачуленым голасам прадэклямаваў:

Янка сеяў -- людзі жалі, А зязюлька кукавала: Ку-ку! Ку-ку!

-- Вось і адкукаваў я, -- уздыхнуў.

-- Будзе жыць! -- у гэты час прамовіў Орлік. -- Я лічыў: сорак і адзін раз!..

-- Гэта ты пра Алеся?

-- Пра яго.

-- Зязюлька -- роспачлівая птушка, гэта пэўна! -- заўважыў лейтэнант.

-- Вось з-за гэтае роспачлівае птушкі я і адпарыўся пяць год на Калыме, -- адгукнуўся Кузьма.

1 ... 53 54 55 56 57 58 59 60 61 ... 108
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)