У сьвятле гістарычных фактаў
- Автор: Урбан Паўла
- Год: 1972
- Язык: белорусский
- Год: Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва
- Жанр: История
Электронная книга - «У сьвятле гістарычных фактаў». Краткое содержание книги:
У сувязі з гэтым кранёмся таксама тэорыі «Масква - трэйці Рым», якая кавалася тым жа «прававерным» маскоўскім праваслаўем у хаўрусе зь вялікакнязеўскай і царскай уладай. Зразумела, што тымі часамі ўсе веравызнаньні й цэрквы імкнуліся да «ўнівэрсальнасьці», «вылучнасьці» й «прававернасьці» ды ўзаемна бэсьцілі адна адну. Але ідэалёгія тэорыі «Масква - трэйці Рым» была нечым апрычоным. Найперш яна лучыла ў адно цэлае царкву й дзяржаву ды ставіла над імі «боговенчанного царя», цара-аўтакрата, ці «самодержца», падпарадкоўваючы гэтым сама царкву дзяржаве і цару ды прышчапляючы і царкве вялікадзяржаўніцкую ідэалёгію: «И да весть твоя держава, благочестивый царю, яко вся царства православныя христианския веры снидошася в твое едино царство: един ты во всей поднебесней христианом царь». І гэтая формула паўтаралася ня толькі пскоўскім старцам Філафеем і Іосіфам Валоцкім, але яна складала аснову ўсіх маскоўскіх летапісаў ХVІ-ХVІІ стагодзьдзяў, у тым ліку «Хронографа» 1512 і 1538 гадоў, «Степенной книги», «Домостроя», «Царственной книги», «Великих Четьи-Миней» і г.д. Ідэалёгія, зьмешчаная ў гэтай і падобных да яе формулах, не такая ўжо сьціплая. Спасылаючыся на маскоўскае «наиболее высшее христианство и большее православие», якое «благочестием всех одоле», царква й дзяржава ды «един во всей поднебесней христианом царь» імкнуліся завалодаць цэлым сьветам, як хрысьціянскім, так і нехрысьціянскім. Вось чаму маскоўская дзяржаўная й рэлігійная думка мінае Кіеў і нават Канстантынопаль ды хапаецца за рымскага імпэратара Аўгуста, «владевшего всей вселенной», а таксама за рымскага біскупа першых хрысьціянскіх часоў Сыльвэстра. Як ведама, Іван Жахлівы ўжо свабодна маніпуляваў гэтымі ідэямі, падносячы іх у ўльтыматыўнай форме заходнеэўрапейскім манархам, а найперш Жыгімонту Аўгусту й Сцяпану Батуру.
Другі бок тэорыі «Масква - трэйці Рым» палягаў у тым, што, зрабіўшы з маскоўскага праваслаўя гэтак званую «найбольшую дасканаласьць», тэорыя гэтая ня толькі «зялезнай заслонаю» адмежавала Маскоўшчыну ад усяго іншага сьвету, і першым чынам ад прагрэсыўнае Эўропы, але і замарозіла духовае й культурнае разьвіцьцё ў самой Маскоўскай дзяржаве. Усякая свабодная думка, якая прыходзіла ў Маскоўшчыну з Захаду, у тым ліку й з Вялікага Княства Літоўскага, прыймалася там, як звычайная «ересь». З гэтае прычыны, прыкладам, мусілі ўцякаць з Маскоўшчыны ў Беларусь друкары Іван Фёдараў і Пётра Мсьціславец. Цяжка даць веры, але за «дзяржаўную здраду» ўважаўся ў Маскоўшчыне выезд у іншыя краіны, тым больш у краіны Эўропы. У Заходняй жа Эўропе, у тым ліку і ў Вялікім Княстве Літоўскім, гэта было звычайнаю, натуральнаю зьяваю. Больш за тое, людзям Захаду, якія траплялі ў Маскоўшчыну або з сваёй ініцыятывы, або на запросіны, звычайна забараняўся зварот назад, бо ўжо тады Маскоўшчына хварэла на «шпіёнаманію» ды асабліва баялася раскрыцьця праўды пра «ідылію» жыцьця ў Маскоўскай дзяржаве.
У разьдзеле «Беларусы і Расія» Абэцэдарскі вяртаецца да гэтак званага «вызвольнага змаганьня» беларускага народу «за аб'яднанне з Расіяй». Тут ізноў ён гаворыць пра нацыянальнае, рэлігійнае й сацыяльнае «прыгнечанне» ды цьвердзіць, што ад часу ўзьнікненьня Вялікага Княства Літоўскага гэты беларускі народ не пакідаў надзеі й змаганьня на шляху да злучэньня з Маскоўшчынай-Расеяй. У сувязі з гэтым прафэсар згадвае, прыкладам, пра змову князёў 1481 году, якая быццам «ставіла мэтай далучыць да Расіі ўсходнія беларускія землі па Беразіну»; пра «паўстанне беларускіх і ўкраінскіх феадалаў пад кіраўніцтвам князя Міхаіла Глінскага ў 1507 г.», якое, паводле Абэцэдарскага, «таксама было накіравана на далучэнне беларускіх зямель да Расіі»; пра «пераход пад уладу вялікага князя маскоўскага» фэўдалаў Вялікага Княства Літоўскага, што былі «незадаволеныя засіллем літоўскай феадальнай знаці» (б.66-67); пра «сялянскія і гарадскія паўстанні канца ХVІ - першай паловы ХVІІ стагодзьдзя», што таксама быццам «мелі канкрэтную мэту - з'яднанне з Расіяй» (б.68); нарэшце, пра «масавы» выхад сельскага й гарадзкога жыхарства ды шляхты Княства ў Маскоўшчыну пад час вайны 1654-1667 гадоў, у якім, паводле таго ж Абэцэдарскага, таксама «з асаблівай сілай выявілася імкненне беларусаў да з'яднання з Расіяй» (б.69).
Адным словам, куды ні зірні, усюды выяўлялася тое ж «імкненне беларусаў да з'яднання з Расіяй».
Паводле Абэцэдарскага, жаданьне беларусаў злучыць сваю долю з Расеяй матывавалася яшчэ й тым, што ў Рэчы Паспалітай «кансерваваліся найбольш застойныя, найбольш згубныя формы феадальных адносін», а «Расія ішла тады па шляху прагрэсіўнага развіцця» (б.78). А згэтуль і выснова, што разьдзел Рэчы Паспалітай быў нямінучым і апраўданым. Зазначым, што, спасылаючыся на «прагрэсіўнае развіццё» Расеі, а таксама на «згубныя формы феадалізму» й «нацыянальнае прыгнечанне» ў іншых краёх, савецкая гістарыяграфія апраўдвае ўсе формы расейскага імпэрыялізму, у тым ліку заваёву Сярэдняе Азіі ды Каўказу і асабліва войны з «гнілой» Турцыяй, што быццам таксама праводзіліся з мэтай «вызвалення» балканскіх народаў.