Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Меч князя Вячкі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Меч князя Вячкі

Электронная книга - «Меч князя Вячкі». Краткое содержание книги:

Прыгодніцкі раман Леаніда Дайнекі мае гістарычную аснову. Гэта — гераічная барацьба гараджан старажытнага Полацка з тэўтонскімі рыцарамі-крыжаносцамі.
Нягледзячы на тое, што падзеі рамана адбываюцца ў XIII стагоддзі, яго тэматыка вельмі актуальная.
Твор прасякнуты ідэяй аб неабходнасці яднання славянскіх народаў, а таксама іх бліжэйшых суседзяў-літоўцаў, латышоў, эстонцаў, для таго, каб процістаяць ворагам.
1 ... 52 53 54 55 56 57 58 59 60 ... 74
Перейти на страницу:

Генрых разумеў, адкуль бярэцца страх у лэтаў. Раней на іх набягалі эсты і Літва, цяпер у гэты край праклалі шырокія сцежкі мечаносцы з Вендэна, латнікі Альберта з Рыгі.

Вельмі змяніўся малады пастыр за гэты час. У семінарыі, шчыра і назаўсёды паверыўшы богу, ён думаў:

«Хіба можна веру Хрыстову агнём і мячом засяваць на зямлі? Як дыханне ветру, як сонечны прамень, яна сама сабою павінна ўлівацца ў чалавечую душу».

Сёння ён ужо не такі. Ён пераканаўся, на свае вочы ўбачыў, што язычніцтва не памірае, не хоча паміраць сваёй смерцю, чапляецца за чалавечыя душы, і заўсёды трэба трымаць напагатове добры меч.

«Біце ўсіх. Бог на тым свеце разбярэ сваіх…» Словы гэтыя прагучалі не ў Лівоніі, а далёка адсюль, у паўднёвай Францыі, калі там, як дзікіх звяроў, забівалі воіны папы альбігойцаў89. Але гэта мог сказаць рыжскі епіскап Альберт і — ці трэба здзіўляцца? — ягоны верны любімы вучань, добрасумленны і ціхі пастыр, натхнёны, апантаны храніст Генрых.

Выслухаўшы старога Вардэке, Генрых не змяніўся з твару, не паказаў лэтам, што ён нечага баіцца, і ўсё ж патаемна ад іх паслаў верхавых у Вендэн і Рыгу па дапамогу. Ён забараніў манахіні Эльзе і князёўне Соф'і выходзіць са свайго пакоя, сам толькі раз у дзень прагульваўся па беразе возера, не аддаляючыся, аднак, болей чым на дзвесце крокаў ад царквы.

Адкуль жа магла прыйсці небяспека? З боку эстаў? Ад Літвы? Ад караля дацкага Вальдэмара? Ці, можа, з Полацка? Трывога навісла над возерам і драўлянай царквою, што прытулілася да гэтага возера. Генрых не спаў, чакаў бяды, пісаў хроніку…

Назаўтра зноў прыплыў Вардэке, яшчэ болей перапалоханы.

— Дзе ж твая Марана? — запытаўся Генрых.

— Яе бачылі ўжо на тым баку возера, — насцярожана, як бы выпрабоўваючы, глянуў на пастыра Вардэке. Ён раз-другі абышоў вакол царквы, моўчкі сеў у човен, паплыў.

Уначы зашумеў дождж. На супрацьлеглым баку возера ўспыхнулі, затанцавалі агні. Заплакала князёўна Соф'я. «Вожа, дапамажы», — думаў Генрых і пісаў хроніку.

Жыхнула маланка. Здавалася, божы меч рассек чорнае неба. Не да дабра — маланка ўвосень.

Генрых патушыў свечку, затаіўся ў цемры. Дождж падаў з нябеснага змроку на царкву. Шыпела вада. Стагнаў усёй сваёй лістотай мокры стары ясень.

«Што ж чакае мяне і ўсіх нас?» — думаў Генрых. Агідны страх, які ён доўга стараўся схаваць, затаіць у сэрцы, расплюшчыў яго, ператварыў у безабароннага чарвяка, аднаго з тых, што пасля дажджу выпаўзаюць са сваіх земляных норак-сховаў.

Генрых стаў на калені, горача пачаў маліцца дзеве Марыі.

— Абарані… Умацуй мой слабы дух… Адвядзі бяду…

Але гэтых слоў, ён адчуваў, не хапала, і тады ён ускочыў на ногі, страсна працягнуў рукі да неба, закрычаў, зрываючы голас:

— Пакажы, што ты маці! Пакажы, што ты маці! Убеглі ў малельню перапалоханыя служкі, манахіня Эльза з князёўнай Соф'яй.

— Надзявайце баявыя даспехі, бярыце ў рукі мячы і чакайце майго знаку, — загадаў служкам Генрых. Сам ён паверх сутаны надзеў пласцінчаты панцыр — падарунак Альберта.

Пакрысе аціхаў дождж, але вецер загуў з яшчэ большай сілаю. Калацілася маленькая царква — здавалася, яшчэ адзін-другі напор ветру, і яна, як саломінка, як птушынае пяро, узаўецца ў начное неба.

Генрых асцярожна выйшаў з царквы, падкраўся да старога ясеня, замёр, затаіўся каля яго, сціскаючы ў руцэ меч. Возера было запоўнена велізарнымі хвалямі. Ды некалькі агнёў заўважыў на ім Генрых. Начныя агні раслі, набліжаліся, і ён зразумеў, што гэта ў напрамку царквы плывуць чоўны і ў тых чоўнах ярка гараць паходні. «Як яны не перакуляцца, не пойдуць на дно ў такую непагадзь?» — халадзеючы ад жаху, думаў Генрых.

Першы човен прыбіўся да берага. Лёгкая постаць, абвітая нечым белым, пачала набліжацца да ясеня, каля якога хаваўся Генрых.

— Пайке! — пачуўся ці крык, ці стогн. — Пайке, дзе ты?!

Столькі незразумелага болю і пакуты, столькі першабытнай язычніцкай страсці было ў гэтым начным прыглушаным голасе. Здавалася, крычала чайка. Здавалася, крычала сама зямля.

Генрых закалаціўся, затрымцеў усім целам, бо раптам зразумеў, што гэта яго кліча да сябе незнаёмая істота. «Ты — Пайке. Ты наш Пайке», — успомніў ён словы старога Вардэке.

— Пайке! — далятала з глухога змроку. — Дзе ты? Не хавайся ад мяне. Навошта ты хочаш праліць тэўтонскую ваду на магілы нашых продкаў?

«Гэты начны голас усё ведае», — абліваўся халодным потам Генрых. — Сапраўды, я хацеў заўтра асвяціць лэцкі могільнік, каб тыя язычнікі, што пахаваны там, адчулі божае благаславенне, каб іхнія пакуты ў пекле зменшыліся хоць на драбніцу. Там, калі верыць Вардэке, ляжаць мае бацькі…»

Злосць нечакана ўспыхнула ў ім, перахапіла, як вяровачная пятля, дыханне. «Мае бацькі… Мая маці — рымская царква! Толькі яна! Я не ведаю і не хачу ведаць іншай маці!»

Ён да хрусту ў пальцах сціснуў рукаяць мяча.

— Пайке! — зноў прагучала ў змроку. Белая постаць была зусім побач.

«Гэта хітрыкі лэтаў,— раптам здагадаўся Генрых. — Гэта яны хочуць аблытаць мяне сваёй д'ябальскай павуцінай».

Палёгку адчуў ён, ды такую, што ціхенька засмяяўся, а левай рукою змахнуў з ілба дажджавыя кроплі. Дзева Марыя ўбачыла яго ў гэтым змроку і кінула з нябёсаў залаты прамень, за які ён адразу ж ухапіўся.

— Пайке, — прашалясцела за некалькі крокаў ад яго.

— Я тут, дзеці д'ябла, — гучна сказаў Генрых. — Я тут, брудныя, ілжывыя лэты.

Ён адважна выйшаў са свайго сховішча, накіраваўся да царквы. Белая постаць кінулася да яго, і тады Генрых ударыў яе мячом. Гартаванае тэўтонскае жалеза наскрозь пранізала нечую слабую мяккую плоць.

Адразу падалося, сціх вецер, замоўкла шумлівае возера. Дзесяткі людзей рынуліся на Генрыха з цемры, звалілі яго. Вуснамі, зубамі адчуў ён ледзяную вільгаць зямлі.

— Убеле! — пачуў Генрых роспачны крык. — Убеле, дзяўчынка мая! Няўжо ён забіў цябе?

III

Ен стаяў, прыкручаны смалянымі цвёрдымі вяроўкамі да ясеня, і чакаў свайго канца. З разбітага твару капала кроў. Сутана была разарвана, ператварылася ў ашмоцце.

Пачыналася раніца. Адшумела ноч, знік вецер, і возера Асцігервэ было надзіва спакойнае, ляжала нерухома і праменна, як венецыянскае люстэрка. Не верылася, што ўначы бушавала такая жорсткая бура, што хвалі на возеры былі вышынёй з царкву.

Генрых апошні раз глядзеў на сваю царкву, на сваё дзіця, якое выняньчыў, выпеставаў у гэтым дзікім краі і якое вось-вось павінна было памерці. Лэты з усіх бакоў цягнулі да царквы сухое ламачча, карчы, бярвенні, старанна абкладвалі ўсім гэтым лясным дабром царкву. Яны падобны былі на мурашак, яны ўсё валаклі да адной кучы, але мурашкі будуюць, ствараюць, а гэтыя рыхтаваліся знішчыць.

Чакалі агню. Агонь павінен быў прынесці з могільніка юнак. Там, на могільніку продкаў, на памінальным кастры спальвалі зараз юную Убеле. Потым яе астанкі закапаюць у зямлю, бо па звычаю лэтаў плоць таго, хто пайшоў з жыцця, неабходна вярнуць Гаспадыні Зямлі. Кім бы ні быў нябожчык, яго абавязкова трэба аддаць зямлі: мужчыну пакласці галавой на ўсход, жанчыну — галавой на захад. І абавязкова трэба выкапаць магілу або рыдлёўкай, або нажом, або дубовым сукам, або, калі нічога няма, голымі рукамі.

Чакалі агню. Генрых чакаў смерці.

«Чаму яна ўзялася сыграць ролю крывавай Мараны? — думаў пра Убеле Генрых. — Прымусілі старэйшыны? Прымусіў Вардэке? А можа, яна згадзілася сама па сабе, добраахвотна? Каб я ведаў, што гэта яна, я не ўдарыў бы мячом».

Толькі аб адным гэтым ён думаў зараз, бо надзеі на выратаванне не было ніякай, смерць была непазбежная, а смерці ён не баяўся. Ён баяўся толькі пакут, баяўся кароткага імгнення пераходу з гэтага свету на той, а там, на нябёсах, ён быў цвёрда перакананы, яго адразу ж сустрэне дзева Марыя, ускладзе яму на галаву залаты вянец героя.

Паказаўся светлавалосы загарэлы юнак. Ён бег, высока трымаючы ў руках гліняны гаршчок з агнём. Лэты ўсхвалявана, радасна загулі.

вернуться

89

Альбігойцы — удзельнікі антырэлігійнага, ерэтычнага руху на поўдні Францыі ў XII–XIII стагоддзях.

1 ... 52 53 54 55 56 57 58 59 60 ... 74
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)