Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Хрыстос прызямліўся ў Гародні
Хрыстос прызямліўся ў Гародні - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Хрыстос прызямліўся ў Гародні

Электронная книга - «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Краткое содержание книги:

Хрыстос прызямліўся ў Гародні
1 ... 51 52 53 54 55 56 57 58 59 ... 109
Перейти на страницу:

Ён утаропіўся на вежы, напружыўся ўвесь і заплюшчыў вочы. Пасля расплюшчыў іх — гара была на месцы.

— Храновіну гародзіш, ойча.

— Трэба практыкавацца ў веры, — сказаў Хрыстос.

— Добра. Пастараюся.

Маўчалі.

— Што Анея? — шэптам спытаў Раввуні.

— Ніч-чога. Невядома дзе. Нават апошнія чуткі заглохнулі. Сёння пойдзем на поўнач, на Вільню. Усё адно — голка ў стозе.

Да Баўтрамея падышоў багата апрануты мешчанін. Узяў бутэлечку, страсянуў:

— Ды яна ў цябе пустая.

— Не боўтай, не боўтай, кажу, пляшачкі, — узяў яго на перапуд ліцадзей. — Няшчасця хочаш? Я т-табе дам, пустая!!!

Ад гэтага тону, а яшчэ больш ад трагічнай маскі — твару, мешчанін сапраўды перапалохаўся.

— А ў ёй што?

— Уздых святога Ёсіпа Арымафейскага. Што ён уздыхнуў, яшчэ калі Хрыста распіналі.

— І ва ўсіх — уздых?

— Уздыхнуў моцна.

— А… ад чаго памагае?

— Ад запою… — натхнёна збрахаў актор. — Ад хмялення.

Мешчанін падумаў трохі, адлічыў грошы. Пасля павагаўся і… пайшоў у карчму.

— Клюнула, — сказаў Пятро.

Хвілін праз дваццаць з карчмы выскачылі з дзесятак прапойцаў, хуценька купілі па пляшцы і вярнуліся.

Яшчэ праз палову гадзіны нейкі чалавек, па выгляду слуга духоўнай асобы, купіў бутэлечку і ў завулку перадаў яе таму самаму клірыку — «мёртвай галаве».

— Эг-ге, — выскаліўся Юрась. — Ну, д-добра. Цяпер я вам пакажу… І як святой службе нас аддаваць, і камяні, і ўсё.

Праз нейкую гадзіну пайшло і пайшло. Да Баўтрамея валіў і валіў народ. І дарога ў людзей была адзіная: Баўтрамей — карчма.

Пад вечар горад нельга было пазнаць. Нагадваў ён поле страшнага пабоішча. Людзі ляжалі паўсюль: на парогах, на вуліцы, у вокнах. І было гэта страшней, чым пасля татарскага ўварвання, калі выразалі яны Наваградак пад корань. Нават пасля татар так страшна не было.

Кожны ляжаў там, дзе засцігла яго варожая сіла. У кучах ці паасобку, ніцма ці дагары.

І сапраўды, няма каму было плакаць, бо ўсе ў капе бездыханна ляжалі. Занадта бо паспадзяваліся на сілы свае і на сілу новага святога патрона.

Спаў кустод у браме. Спала варта на вежах. Нават ваявода Мартэл спаў, мармычучы ў сне:

— Пагублю мудрасць мудрацоў і розум разумных адвергну.

Першая скарысталася з гэтага Магдаліна. Проста, нібы ў свой дом, прайшла ў замак да адзінага цвярозага жыхара горада, Радшы. Ёй чамусьці зусім не хацелася ісці да яго, і ўсё ж яна пайшла. Яна шкадавала гэтага юнака, памятала пра ўсё. І хіба ён не заплаціў воляй за тое, што ўпарта хацеў толькі яе?

На жаль, нельга было выпусціць яго. Ключар запёрся ў цямніцы і налакаўся ўжо там. Але яна гаварыла з Ратмам праз краты на дзвярах, казала, што вымушана ісці далей за сваёй мэтай, але абавязкова вернецца. І плакала. А ён (твар ягоны быў нібы з крэменю) сказаў ёй, што чуў, як яе сёння хацелі забіць за яго, што ніхто не прымусіць яго да шлюбу, што ён будзе чакаць.

…А ў цемры з уздыху святога Ёсіпа Арымафейскага скарысталіся і тыя, што сабралі яго.

З мяхамі яны хадзілі з касцёла ў касцёл, з плябаніі ў плябанію, з царквы ў царкву. Па пустым, нібы вымерлым, горадзе. І мяхі іхнія рабіліся ўсё цяжэйшыя і цяжэйшыя.

Рабавалі падчыстую. За спробу выдаць кату, за спробу потым забіць, за тое, што прымхліва надзерліся, а самі паўсюль крычалі аб цвярозасці. Рабавалі так, каб назаўтра няма з чаго было прычасціць. Паціры, дзіскасы, дарахранільні, лампады, грошы з тайнікоў і скарбонак, каштоўныя камяні. Здзіралі ўсё. Палахлівы мардач Андрэй аж стагнаў, што пагоняцца.

— Лухта! — белымі каменнымі вуснамі казаў Хрыстос. — Збаяцца. Не крычаць жа ім, што напіліся, як свінні. Маўчаць будуць.

Памылкова зайшлі ў нейкі багаты дом, палічылі за плябанію. І там сустрэлі яшчэ аднаго цвярозага.

Хрыста з імі не было. Мацей пачаў быў браць маёмасць.

Тумаш аглядаўся вакол. Непадобна было на папоўскі дом. Ат, усё адно!

І раптам…

— Гулі-гулі-гулі.

Стоячы ў калысцы, аптымістычна ўсміхнуўся бандзюгам дзіцёнак. Ружовы, толькі са сну.

Твары вакол былі ў ценях ад паходняў, зарослыя, з крывымі ўсмешкамі, катаржныя.

— Гулі-гулі-гулі.

Тумаш працягнуў да малога страшныя, з цэбар, далоні.

— Гу-у, гу-у, — усміхнуўся той.

— Ах ты мая гулечка, — расплыўся Фама. — Гу… Гу… І пялюшкі мокрыя.

Ён змяніў малому пялюшкі.

— Ну, ляжы, ляжы. Ах, яны — быдла! Ах, яны — дарослыя! Ну-ну-ну, мачыляпы… На… На вось коржык.

Малы радасна ўчапіўся ў коржык дзёснамі.

— Кідай усё, — скамандаваў Фама. — Дом багаты… Ну і што?… Нешта мне, хлопцы, нешта мне… неяк… Бач, як глядзіць…

І яны выйшлі.

У апошнім касцёле ледзь не памерлі з жаху. Тут таксама было поле бітвы. Спаў ля аргана арганіст. У абдымку ляжалі на амбоне пробашч і званар. Панамар звесіўся з месца для казаняў.

Хрыстос якраз узломліваў скарбонку. І раптам дзіка, як дэман, зароў арган. Затрэсліся шыбы. Ад нечаканасці скарбонка ўпала, з ляскам і звонам пакаціліся па плітах манеты.

Усе ўскінуліся. Але гэта проста арганіст упаў буянай галавою на клавіятуру.

— Тфу! — сказаў Хрыстос і вытрас грошы ў мех.

Абрабаваўшы ўсе храмы, нагружаныя скарбам, яны пад покрывам цемры пакінулі горад. На ўсякі выпадак ім трэба было пакінуць між сабою і Наваградкам як найбольш дарогі. Закусвалі на хаду. Частку нарабаванага вёз мул. На плячах у апосталаў Піліпа з Віфсаіды і Якуба Зеведзеева плыў біскупскі партшэз з Магдалінай. Пагойдваўся.

На паваротках дарогі мянялі сваё месца зоры. А яна сядзела і з трывогай і адначасова з дзіўным спакоем адданасці лёсу думала: «Чаму я так зрабіла? Хіба не быдла ўсе людзі і хіба не ўсё адно, каму служыць? Вось і гэтыя… абрабавалі. Сапраўды, блюзнеры, махляры, валацугі. Чаму ж мне не хочацца служыць супраць іхняга атамана?»

— Ну, быдла, — сказаў раптам Тумаш. — Ну, айцы душаў!

І змрочны Хрыстоў голас адказаў з цемры:

— Кінь. Яны ўсё ж вышэй за быдла. Можа быдла катаваць іншых? А прынізіць сябе? А сябе прадаць на таргах?

«Жывы, — падумала яна. — Проста ён жывы. І рабуе, і ўсё… а жывы. А тыя і рабуюць, і словы гавораць, а мёртвыя. Гандляры, дрэнь, золатам залітыя, гвалтаўнікі, мяснікі, каты майго цела — мёртвыя яны, вось і ўсё. А гэты глядзіць на мяне, як на дрэва, а жывы. Там, дзе мерцвякі глядзяць на мяне, як на дрэва, ён — як на жывую. І ў адзіным выпадку, калі яны глядзелі, як на жывую, ён, як на дрэва. Ну і схопяць. Вядома, з табою не толькі ў неба не трапіш, з круцялём і мазурыкам, а і на зямлі доўга не паходзіш, у зямное пекла пападзеш… Хай так. Не хачу баяцца. Ніколі больш цябе не прадам. Выкуплю грэх, ды можа, і вярнуся да Ратмы… Не хочацца вяртацца да Ратмы, хаця і ласкавы ён, і кахае, і кранальны да замілавання. А, усё адно!… Вось дарога — і ўсё».

У дрымоце яна глядзела, як плывуць зоры, слухала, як крычыць драч, бачыла, як рухаецца на фоне зорак Хрыстова постаць, апранутая ў брудна-белы хітон.

РАЗДЗЕЛ ХХІІІ СТАРОЕ КАХАННЕ

І ўсё здаецца, што сад там цвіце,

А там і лаўжоў няма.

Гэльская песня

Тыдні і тыдні яны знемагалі ад пошукаў. Нідзе ніхто не даваў ім адказу. Нават чутак больш не было. І хаця нэндзы яны пасля наваградскага рабунку не адчувалі — душы іхнія былі спустошаны. Дарэмна шукалі яны дрэва, каля якога маглі б абвіць сваё жыццё. Ішлі ўлегцы, таму што большую частку грошай паспелі закапаць на будучае, але ў душах іхніх жылі цяжар і знявер'е.

Аднойчы падыходзілі яны да невялічкай вёсачкі ў баку ад дарогі. Біў звон драўлянага касцёла. Цягнуліся над папарам клубастыя белыя аблокі.

— Ведаеш, што за вёска? — спытаў Хрыстос у Іуды. — Тут жыве дзеўка — цяпер-та яна баба, — якую я калісьці кахаў.

— Калі гэта?

Хрыстос усміхнуўся:

— У мінулае сваё кароткае з'яўленне. Калі сышоў паглядзець, што тут і як.

— І праўда, што шалбер, — сказаў Іуда. — Нездарма шукаюць.

— Ну-ну, я жартую. Калі шкаляром быў.

— Хочаш паглядзець? — спытаў Іуда, убачыўшы нясцерпную тугу і чаканне чагосьці ў вачах Хрыста.

— Ці трэба? Прадала яна мяне. Прадала Анея. Магла ж хаця неяк спавясціць, каб хацела. Не шанцуе мне… А раней шанцавала.

1 ... 51 52 53 54 55 56 57 58 59 ... 109
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)