Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Русская классическая проза » Вечары на хутары ля Дзіканькі
Вечары на хутары ля Дзіканькі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Вечары на хутары ля Дзіканькі

Электронная книга - «Вечары на хутары ля Дзіканькі». Краткое содержание книги:

Аповесці, выдадзеныя пасічнікам Рудым Паньком.
1 ... 50 51 52 53 54 55 56 57 58 ... 85
Перейти на страницу:

«Дык гэта ты, сука», сказала дзячыха, падступаючыся да ткачыхі: «дык гэта ты, вядзьмарка, напускаеш яму туман і поіш нячыстым зеллем, каб хадзіў да цябе».

«Адкасніся ад мяне, шайтан!» гаварыла адступаючыся ткачыха.

«Бач, праклятая вядзьмарка, каб ты не даждала дзяцей сваіх бачыць, нягодніца! цьфу!..» тут дзячыха плюнула проста ў вочы ткачысе.

Ткачыха хацела і сабе зрабіць тое самае, але замест таго плюнула ў няголеную бараду галаве, які, каб лепей усё чуць, падабраўся блізка да тых, што спрачаліся. «А, паскудная баба!» закрычаў галава, абціраючы крысом твар і падняўшы пугу. Гэты рух прымусіў усіх разыйсціся з лаянкаю ў розныя бакі. «Гэтакая брыда!» паўтараў ён, працягваючы абцірацца. «Дык каваль утапіўся! Божа ты мой! а які хвацкі жывапісец быў! якія нажы моцныя, сярпы, плугі ўмеў выкоўваць! што за сіла была! Так», гаварыў ён далей, задумаўшыся: «такіх людзей мала ў нас у сяле. Дзіва што я, яшчэ седзячы ў праклятым мяху, заўважаў, што небарака быў моцна не ў настроі. Вось табе і каваль! быў, а цяпер і няма! а я збіраўся падкаваць сваю рабую кабылу!..» І, будучы повен такіх хрысціянскіх думак, галава ціха пацягнуўся ў сваю хату.

Аксана збянтэжылася, калі да яе дайшлі такія весткі. Яна мала давала веры вачам Пераперчыхі і дзейканню баб, яна ведала, што каваль занадта набожны, каб адважыцца згубіць сваю душу. А што, калі ён, сапраўды, пайшоў з намерам ніколі не варочацца ў сяло? А наўрад ці ў іншым месцы знойдзецца такі маладзец, як каваль! ён-жа так кахаў яе! ён даўжэй за ўсіх трываў яе капрызы! Красуня ўсю ноч пад сваёй коўдрай варочалася з правага боку на левы, з левага на правы, — і не магла заснуць. То, раскідаўшыся ў чароўнай абнажонасці, якую начны змрок хаваў нават ад яе самой, яна амаль уголас лаяла сябе. То, прыціхшы, наважвала ні пра што не думаць — усё думала. І ўсё гарэла; і да раніцы закахалася па вушы ў каваля.

Чуб не выказаў ні радасці і ні смутку аб лёсе Вакулы. Яго думкі былі заняты адным: ён ніяк не мог забыцца на здрадніцтва Салохі і сонны не пакідаў лаяць яе.

Надышла раніца. У царкве яшчэ да відна было поўна народа. Пажылыя жанчыны ў белых намітках[62] у белых суконных світках, пабожна хрысціліся каля самага ўваходу царкоўнага. Дваранкі ў зялёных і жоўтых кофтах, а некаторыя нават у сініх кунтушах з залатымі ззаду вусамі, стаялі паперадзе іх. Дзяўчаты, у якіх на галавах наматана была цэлая крама істужак, а на шыі маністаў, крыжоў і дукатаў, стараліся прабрацца яшчэ бліжэй да іканастаса. Але наперадзе ўсіх стаялі дваране і простыя мужыкі з вусамі, чубамі, тоўстымі шыямі і толькі што выгаленымі падбародкамі, усё пераважна ў кабяняках, з-пад якіх высоўвалася белая, а ў некаторых і сіняя світка. На ўсіх тварах, куды ні зірні, відно было свята: галава аблізваўся, уяўляючы, як ён разгавеецца каўбасою; дзяўчаты думалі аб тым, як яны будуць коўзацца з хлопцамі на лёдзе; бабулі шчырэй, як некалі, шапталі малітвы. Па ўсёй царкве чуваць было, як казак Свербыгуз клаў паклоны. Адна толькі Аксана стаяла нібыта не свая… Малілася і не малілася. На сэрцы ў яе стоўпілася столькі розных пачуццяў, адно сумней за другое, што твар яе выражаў адно толькі моцнае збянтэжанне; слёзы дрыжалі на вачах. Дзяўчаты не маглі зразумець прычыны гэтага і не падазравалі, каб віною быў каваль. Аднак-жа не адна Аксана была занята кавалём. Усе міране заўважылі, што свята як быццам не свята. Што як быццам усё нечага нестае. Як на ліха, дзяк, пасля падарожжа ў мяху, ахрып і бражджаў ледзь чутным голасам; праўда, прыезджы спявак слаўна браў баса, але куды-б лепей, каб і каваль быў, які заўсёды, бывала, як толькі спявалі Отча наш ці Іжэ херувімы, узыходзіў на крылас і выводзіў адтуль тым самым напевам, якім спяваюць і ў Палтаве. Да таго-ж ён адзін выконваў і пасаду царкоўнага тытара. Ужо адышла завутраня; пасля завутрані адышла абедня… куды-ж гэта сапраўды запрапасціўся каваль?

Яшчэ шпарчэй у астатні час ночы імчаўся чорт з кавалём назад. І ўмомант апынуўся Вакула каля свае хаты. У гэты час праспяваў певень. «Куды?» закрычаў ён, ухапіўшы за хвост чорта, які хацеў уцякаць: «чакай, прыяцель, яшчэ не ўсё: я яшчэ не падзякаваў табе». Тут, ухапіўшы дубец, зважыў ён яму тры ўдары, і бедны чорт прыпусціўся бегчы, як мужык, якога толькі што адлупцаваў засядацель. Дык вось, замест таго, каб ашукаць, спакусіць і абдурыць іншых, вораг чалавечага роду быў сам абдураны. Пасля гэтага Вакула ўвайшоў у сенцы, закапаўся ў сена і праспаў да абеду. Прачнуўшыся, ён спалохаўся, калі ўбачыў, што сонца ўжо высока: «Я праспаў завутраню і абедню!» Тут набожны каваль паглыбіўся ў смутак, разважаючы, што гэта напэўна бог, знарок, у пакаранне за грэшны яго намер згубіць сваю душу, наслаў сон, які не даў яму нават пабыць у такое ўрачыстае свята ў царкве. Але аднак-жа, супакоіўшы сябе тым, што ў наступную нядзелю выспаведаецца ў гэтым папу, і ад сённешняга дня пачне біць па пяцьдзесят паклонаў праз увесь год, зазірнуў ён у хату; але ў ёй не было нікога. Відаць, Салоха яшчэ не варочалася. Асцярожліва дастаў ён з-за пазухі чаравікі і зноў здзівіўся з дарагой работы і з дзіўнага здарэння мінулай начы; памыўся, апрануўся як мага лепш, апрануў тое самае адзенне, якое дастаў у запарожцаў, выняў са скрынкі новую шапку з рашацілаўскіх смушак з сінім верхам, якой не надзяваў яшчэ ні разу, ад тае пары, як купіў яе падчас бытавання ў Палтаве; дастаў таксама новы ўсіх колераў пояс, паклаў усё гэта разам з гарапнікам у хустку і накіраваўся проста да Чуба.

вернуться

62

Белая апона з рэдкага палатна з адкінутымі назад хвастамі, якую носяць на галаве жанчыны. (Слоўн. Гогаля.)

1 ... 50 51 52 53 54 55 56 57 58 ... 85
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)