Палескiя рабiнзоны
- Автор: Мавр Янка
- Год: 1991
- Язык: белорусский
- ISBN: 5-7880-0558-2
- Жанр: Другие приключения
Электронная книга - «Палескiя рабiнзоны». Краткое содержание книги:
Акрамя яе ў кнігу ўвайшлі аповесці «У краіне райскай птушкі», «Сын вады», «Фантамабіль прафесара Цылякоўскага».
І разам з гэтым абодва няўхільна пасоўваліся да краю. Кожны момант яны абодва маглі паляцець у бяздонне…
Хунь-чжы ўсё цэліўся, а Качу тым часам прабаваў узлезці наверх. Але не паспеў ён прыстасавацца, як ахнуў ад новага з'явішча.
Чунг-лі, лежачы пад сподам, неяк паспеў ухапіцца рукамі за куст і, напружыўшы ўсе сілы, так штурхануў Файлу нагамі, што той паляцеў уніз, але паспеў учапіцца за нагу Чунг-лі.
Настаў самы жудасны момант: Файлу хістаўся ў паветры, стараючыся абаперціся дзе-небудзь нагамі; Чунг-лі біў яго другою нагой, але дарэмна. Абодва яны трымаліся толькі за невялічкі куст, які пачынаў ужо трашчаць.
Усё гэта адбылося значна хутчэй, як мы тут апісваем.
— Трымайся, Чунг-лі,— мы тут! — крыкнуў Хунь-чжы і стрэльнуў.
Файлу задрыгаў нагамі, але не выпускаў з рук нагі Чунг-лі. Відаць, што куля толькі параніла яго.
Раздаўся другі стрэл. Файлу зароў дзікім голасам, амаль што перастаў варушыцца, але нагі ўсё ж такі не выпускаў з рук. Куст тым часам яшчэ больш пачаў трашчаць.
Магло здарыцца нешта зусім недарэчнае: мёртвы мог загубіць жывога!
Новы стрэл — і тады толькі пальцы пачалі расшчапляцца. Яшчэ раз штурхнуў нагой Чунг-лі, і Файлу, як мех, грукнуўся ўніз.
— Вось дзе знайшоў смерць, сабака! — злосна і радасна сказаў Хунь-чжы і штурхануў труп нагою.
— Ці зможаш злезці? — крыкнуў Качу да Чунг-лі.
— Магу, зараз, — адказаў той зверху ледзь чутным голасам.
З вялікай цяжкасцю злез Чунг-лі. Увесь ён быў абшарпаны: кроў была на твары, на руках, на грудзях і спіне, але ніякага значнага калецтва, на шчасце, не было. Калі ён памыўся і асвяжыўся ў халоднай вадзе, тады ўжо зусім зрабіўся бадзёрым.
— Як жа ж усё гэта здарылася? — перш за ўсё запыталіся яго таварышы.
— Калі я раней блукаўся ў гэтых месцах, — пачаў расказваць Чунг-лі,— мне раз здарылася спусціцца ўніз у гэтым самым месцы. Паміж іншым, тут я знайшоў і самы вялікі кавалак золата. Ну, дык вось, калі я вам пісаў ліст, я і прыпомніў гэтае месца. Пасля таго, як мяне сталі асабліва пільнаваць, я ўбачыў, што ўцячы будзе нялёгка, бадай-што немагчыма, галоўным чынам дзякуючы гэтаму сабаку, — штурхануў ён нагой мерцвяка, — тады я і надумаўся ўцячы тут. І вось, калі мы ішлі па сцежцы, я, нібы знянацку, з прадсмяротным крыкам зваліўся ў бяздонне. Паступова, трымаючыся за кусты, я спусціўся на пляцоўку і ўжо збіраўся спакойна злазіць далей, як бачу — ляціць за мной гэты падлюга. Ен, пракляты, сцяміў, што я зваліўся наўмысля, і нават рызыкнуў сваім жыццём, каб толькі перашкодзіць мне.
— І добра зрабіў,— дадаў Хунь-чжы.—
Прынамсі нам не трэба цяпер клапаціцца, каб знішчыць гэтага гада. Сабаку сабачая смерць.
— Але застаюцца яшчэ другія, — шматзначна сказаў Качу.
— Праўда, ёсць яшчэ Брук, якога таксама трэ было б знішчыць, — сказаў Чунг-лі,— але яго тут няма: ён застаўся абараняць катэр.
— Я гатоў ісці на канец свету, — ускрыкнуў Хунь-чжы, — каб толькі забіць гэтага звера. Ен нават горшы за Файлу.
— Праўда, — згадзіўся Чунг-лі,— я таксама хацеў бы, але ён далёка.
— І гэтых добра было б перастраляць, — зноў сказаў Качу.
Чунг-лі засмяяўся.
— Ты, відаць, гатоў усіх перастраляць, — сказаў ён, — але можа здарыцца, што і цябе падстрэляць.
— Ну, цяпер тут з-за каменя ці з вышыні лёгка было б застрэліць каго-небудзь з іх, — не спыняўся Качу.
— Не, брат, — сказаў Чунг-лі,— нягожа нам гэтым займацца. Усіх нялюбых людзей не перастраляеш. Ды і карысці з гэтага не будзе: усё роўна знойдуцца другія такія самыя. Досыць будзе, калі нам удасца знішчыць самых шкодных.
Але Качу ніяк не хацеў разумець: так лёгка, проста і, галоўнае, беспакарана можна было застрэліць некалькі ворагаў, а тут чагосьці шкадуюць іх.
Хунь-чжы таксама згаджаўся з братам.
— Я ад усяго сэрца жадаю ім усім загінуць тут, — казаў ён, — але займацца гэтым не хачу. І нядобра, і не варта.
Дзень тым часам скончыўся. Праўда, там, наверсе, было яшчэ светла, верхавіны гор яшчэ ззялі на сонцы, але тут, унізе, быў ужо змрок. І ўдзень і ўначы аднолькава ціха і бязлюдна было тут; толькі рака безупынна шумела ў цішыні.
— Трэба кінуць гэтую падлу, каб не смярдзела, — сказаў Качу, узяў за ногі Файлу і павалок яго ў раку.
Мярцвяк паскакаў па бурных хвалях, як жывы, стукнуўся некалькі разоў аб каменні — і знік.
Недалёка знайшлі яны прытульны куток пад скалою і спакойна пераначавалі. Назаўтра Чунг-лі павёў іх шукаць золата ў другое месца.
ІХ
Залатая ліхаманка. — Жывы мярцвяк. — Небяспека для аўтарытэту Англіі.— Уцекачы ў пастцы. — Таемнае знікненне. — Каму радасць — каму гора.
Экспедыцыя Скота начавала на некалькі кіламетраў вышэй па рацэ. Зранку яна таксама выправілася шукаць золата.
Некалькі разоў яны рабілі пробы. Час ад часу бралі пясок, прамывалі і прыглядаліся, ці няма якіх-небудзь слядоў золата. Пасля многіх разоў яны, нарэшце, заўважылі некалькі жоўтых макавінак.
Гэта сведчыла, што ў гэтых мясцінах сапраўды ёсць золата. Але каб здабыць яго, трэ было б арганізаваць тут цэлае прадпрыемства, сталае, з сотнямі рабочых, з машынамі, якія б прамывалі сотні тон пяску ў дзень. Так яно звычайна і робіцца ўсюды, і калі тона пяску дае пяць-шэсць грамаў золата, то прадпрыемства лічыцца прыбытковым.
Але побач з гэтым сустракаюцца самародкі, кавалкі чыстага золата, вагою часам па некалькі кілаграмаў.
Вось за гэтымі самародкамі і гоняцца людзі, як шалёныя.
Ледзь толькі разлятуцца чуткі, што ў якой-небудзь мясцовасці знайшлі самародкі, туды пачынаюць збірацца людзі часам з усіх канцоў свету. Трацяць апошнюю сваю маёмасць, навыперадкі пруць адзін за адным, каб толькі першаму з'явіцца ў такі куток, дзе яшчэ ніхто не быў.
Колькі сварак, забойстваў і ўсялякіх злачынстваў звычайна адбываецца ў такіх «залатых старонках»! Усяму свету знаёмая так званая «залатая ліхаманка», прага да лёгкага багацця. І сапраўды, гэтае пачуццё падобна да хваробы. Той, хто захварэў на залатую ліхаманку, не спіць, не есць, усё на свеце забывае, усё ахвяруе, траціць свядомасць і толькі думае аб адным: як бы знайсці вялізны самародак.
І распаўсюджваецца гэтая хвароба не горш за іншыя. Якому-небудзь шчасліўцу пашанцавала знайсці такі самародак. Слава аб ім разносіцца далёка навакол. Усе аб гэтым ведаюць, усе яго бачаць, і кожны думае: а чаму ж і мне не можа пашанцаваць? І пачынаецца гэтая залатая ліхаманка.
Сотні, тысячы людзей кідаюцца шукаць, — і вось сярод гэтых тысяч зноў аднаму пашанцавала. Зноў слава ідзе, зноў усе бачаць толькі яго, і зноў тысячы людзей бягуць.
А аб тых тысячах, якім не ўдалося знайсці, ніхто і не думае, ніхто іх не лічыць.
Есць такія дзівакі, якія дзесяткі год, амаль што ўсё сваё жыццё шукаюць самародкі і ўсё спадзяюцца знайсці велізарны кавалак золата хоць перад смерцю.
Так праславіліся на ўвесь свет Аўстралія, Паўднёвая Афрыка, Каліфорнія і Аляска (мясцовасць Кландайк) у Амерыцы і часткай — наша Сібір.
Вядома, што ў такіх выпадках больш за ўсіх, — можна сказаць, выключна, — можа спадзявацца на поспех толькі той, хто першы з'явіўся ў невядомы куток.
І вось з гэтага боку нашыя падарожнікі мелі шчасце. Не лічачы Чунг-лі, які, зразумела, не мог усё даследаваць, у гэтых месцах яшчэ ніхто не быў. Значыцца, можна было спадзявацца на самародкі.
Скот яшчэ раней папярэдзіў сваіх таварышаў, дзеля чаго яны едуць, растлумачыў, што большую частку знойдзенага золата павінен будзе атрымаць ён, бо снараджэнне экспедыцыі каштуе грошы, што без яго яны ўсё роўна не маглі б паехаць, але кожны атрымае ў залежнасці ад свае здабычы.
Зярняткі золата, якія яны ўбачылі, як мікробы, заразілі ўсіх залатою ліхаманкай. Усім здавалася, што вось-вось яны знойдуць шмат золата. Пры гэтым кожны думаў яшчэ, што ён схавае для сябе асабіста добры кавалак.
Яны забыліся і аб ежы, безупынна капаліся ў пяску і каменнях.