Пяты этап
- Автор: Пясецкі Сяргей
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Галіяфы
- ISBN: 978-985-6906-91-9
- Переводчик: Язэп Янушкевіч
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Пяты этап». Краткое содержание книги:
— Гэнік, не бяры ў рот нажа!
І ўвесь час: Гэнік, Гэнік і Гэнік!
Захацелася ўразіць тую ўзорную сям’ю. Паказаць ім, як насамрэч выглядае благое выхаванне, у параўнанні з якім выхаванне Гэніка падалося б узорным, а сам Гэнік — увасабленнем анёла.
Тут заўважу, што калісьці ў гэтым рэстаране я ўжо нарабіў вэрхалу і быў тут добра вядомым, таму з-за буфета на мяне неспакойна пазіралі спалоханыя людзі, як бы прадчуваючы блізкую бучу.
Я паклікаў афіцыянта і сказаў:
— Пойдзем на кухню!
Адвёў мяне туды. На кухні я ўбачыў вялікі мясны нож. Узяў яго і вярнуўся ў залу. Погляды ўсіх прысутных скіраваліся на мяне. Афіцыянт і гаспадар рэстарана неспакойна круціліся паблізу.
— Шаноўны пане! Паночку ласкавы!
— Што пан хоча? У чым справа?...
Я пачаў на стале секчы катлету. Натуральна, талерка пырснула на кавалкі, абрус і столік я парэзаў.
— Катлета занадта цвёрдая! — сказаў я гаспадару рэстарана.
— Зараз будзе іншая.
— Я хачу гэтую!.. Я таксама зацяты!
На маё патрабаванне афіцыянт прынёс запаленую свечку, і я дасмажыў над ёй, на відэльцу, кавалкі свіной адбіўной, а потым са смакам яе з’еў, запіваючы гарэлкай.
Госці, што сядзелі за вялікім сталом, похапкам паглыталі сваё і выкаціліся з залы. Ужо ані разу не пачулася: «Гэнік!»
Я чытаў дзесьці, што нічога дарэшты не знікае! Нічога! Усё мае пэўныя прычыны і выклікае пэўныя наступствы. Нішто не прамінае бясследна!..
Трэба над тым паразважаць. У гэтым рэальнасць жыцця, явы. Але я не застануся ў дурнях, не паддамся на танны жарт. Гэтак мне падумалася пасля той рэстараннай гісторыі. Якія ж будуць яе наступствы і вынікі?
Учора Янка пазнаёміў мяне з нейкай тэлефаністкай. Пульхненькай, свежанькай і ружовенькай, як свежая булачка. Прасіла мяне аднесці ліст да маці ў Менску. Не хацеў нават, але яна пачала гэтак лісліва зазіраць мне ў вочы і зрабіла такі сумны тварык, што не мог адмовіць. Сказаў:
— Добра, хай пані падрыхтуе ліст.
— Калі ласка, ужо гатовы! — выняла аркуш з рыдыкюля.
Гэта вельмі непрыемна мяне ўразіла. Выходзіць, нагэтулькі была ўпэўненая, што не здолею адмовіць... Жанчыны часта злоўжываюць сваёй «слабасцю», а з нас такім чынам робяць дурняў. Закрану тут адну праблему, над якой шмат разважаў. Вось мужчыны, напрыклад. Немец не любіць француза, паляка, пагарджае расейцам, варожа ставіцца да англічаніна, італьянца і гэтак далей. У той жа час той самы немчуровец да францужанкі, полькі, рускай, англічанкі, італьянкі заўжды ставіцца ветліва і прыязна, а тэмпература той прыязнасці і ветлівасці залежыць ад ступені прыгажосці той асобы «горшай» нацыянальнасці. Мы настолькі нявольнікі сваіх інстынктаў, што не ўмеем нават быць справядлівымі ў адносінах да людзей. Калі мае развагі непамылковыя, тады ўся міжнародная палітыка і шавінізм любога колеру з’яўляюцца спаборніцтвам самцоў, над якім пануюць жанчыны... Жанчыны са сваёй трыбуны, са сваіх п’едэсталаў выбіраюць самцоў-рыцараў, не зважаючы на нацыянальнасць, расу і веравызнанне... Як у жывёл...
Якое складанае жыццё! Галава трашчыць... Хацеў бы пра гэта што-небудзь прачытаць. Але калі і што?.. І навошта мне зараз наогул нешта пазнаваць? Можа, праз тыдзень мяне закапаюць? І што тады мне з набытых ведаў?.. Варта вучыцца і спазнаваць тады, калі потым ёсць час усім гэтым раскашаваць, карыстацца або прынесці карысць іншым. А цяпер? У маім становішчы? Шкада часу!.. Лепш піць!..
VI. ПА-ЗА СВЯДОМАСЦЮ
На гармоніку нам Стах Так зайграў, што проста жах! І данізу галавой Мы затаньчылі з табой.